«Не гуляйце ў гульні з прэзідэнтам Трампам»: Дзярждэп ЗША папярэджвае на рускай мове

Амерыканскі Дзярждэп у Х выкаціў звонку незразумелае папярэджанне — на рускай мове. І папярэджваць РФ ёсць за што — яе дроны зноўку атакавалі маёмасць ЗША ва Украіне. Але прычынай папярэджання можа быць не толькі гэта, але і натхненне РФ з нагоды дзеянняў Штатаў у Венесуэле. Што можа негатыўна адбіцца на Украіне. Ідуць 1413-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 191 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 студзеня.

На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Успенаўкі, Салодкага, Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Варвараўкі, Зялёнага і Прылук.

На Пакроўскім кірунку УСУ спынілі 43 штурмы расіян у раёнах Чырвонага Ліману, Сухецкага, Зацішак, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 21 атаку ў раёнах Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчэрбінаўкі, Русінага Яру і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак у раёнах Вішнёвага, Злагоды, Січневага, Аляксандраграду, Сасноўкі і ў кірунку Іванаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала дзевяць разоў, на Славянскім кірунку зафіксавана сем боесутыкненняў.

* * *

У ноч на аўторак, 6 студзеня, беспілотнікі атакавалі расійскую Пензу. Што менавіта стала аб’ектам атакі, пакуль невядома, але ў сацсетках пішуць, што верагодна гэта быў Пензенскі падшыпнікавы завод. На апублікаваных відэа зафіксаваны шматлікія выбухі, у тым ліку на зямлі.

* * *

Расія замест таго, каб працаваць над мірам, выбірае шлях зацягвання вайны. Расійскі рэжым спрабуе нанесці Украіне як мага больш шкоды ўдарамі па інфраструктуры, заявіў у звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Ён нагадаў, што цяпер у Харкаве, Дняпры і іншых гарадах Украіны працягваецца ліквідацыя наступстваў расійскіх ракетных і дронавых удараў. У Кіеве расійцы пашкодзілі бальніцу, у Дняпры ўдарылі па заводзе-вытворцу прадуктаў харчавання.

«Звычайны сланечнікавы алей — і гэта для Расіі, як аказваецца, таксама мэта. У Харкаве расіяне ўдарылі проста па цяпле, па энергіі для людзей, па звычайным жыцці — балістыка супраць энергетыкі. У Херсоне рамонтныя брыгады, энергетыкі працавалі, каб аднавіць пастаўкі электрычнасці пасля расійскіх удараў», — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, усе тэракты РФ сведчаць, што РФ не ўспрымае сур’ёзна дыпламатычную працу, якую спрабуюць весці цывілізаваныя краіны. Крэмль абраў шлях зацягвання вайны.

«Расія зацягвае вайну, спрабуе нанесці Украіне найбольшую шкоду — іх стратэгія нязменная. Наша стратэгія — стратэгія абароны жыцця — будзе ўзмацняцца, ужо гэта робім», — рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.

* * *

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы Х паведаміў, што мэтанакіраваны расійскі ўдар 5 студзеня сур’ёзна пашкодзіў цывільны завод па вытворчасці сланечнікавага алею ў Дняпры, які належыць вядомай амерыканскай кампаніі «Bunge».

«Гэты напад не быў памылкай — ён быў наўмысным. Расіяне неаднаразова спрабавалі нанесці ўдар па гэтым аб’екце», — акцэнтаваў увагу кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, Расія сістэматычна атакавала амерыканскі бізнес ва Украіне. «На працягу поўнамаштабнай вайны прыкладна палова членаў гандлёвай палаты ЗША ва Украіне атрымалі пашкоджанні або разбурэнні сваіх аб’ектаў у розных маштабах», — адзначыў Сібіга.

Таму ўкраінскі міністр падкрэсліў: напады Пуціна на амерыканскі бізнес і амерыканскія інтарэсы ва Украіне дэманструюць яго поўнае ігнараванне мірных намаганняў пры лідарстве прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

* * *

608850765_1230004662645943_423350270007462553_n.jfif

* * *

З захопам венесуэльскага кіраўніка Нікаласа Мадура Расія страціла саюзніка ў Паўднёвай Амерыцы, але разлічвае атрымаць выгаду з сітуацыі, прапанаваўшы ЗША падзяліць свет на «сферы ўплыву». Згодна з гэтай ідэяй, Венесуэла будзе зонай інтарэсаў ЗША, у той час як Украіна, паводле мараў Крамля, павінна стаць зонай інтарэсаў РФ. Пра гэта паведамляюць Reuters і Радыё Свабода са спасылкай на высокапастаўленыя расійскія крыніцы.

Паводле слоў адной з іх, захоп Нікаласа Мадура можна разглядаць як прымяненне прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «дактрыны Манро» — стратэгіі знешняй палітыкі XIX стагоддзя, у межах якой усё заходняе паўшар’е было абвешчана сферай інтарэсаў ЗША.

Аднак у гэтым выпадку «Расія таксама мае сваю сферу ўплыву» — краіны былога Савецкага Саюза, падкрэсліла крыніца Reuters.

У Крамлі разлічваюць, што дзеянні Вашынгтона ў Венесуэле і засяроджанасць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на заходнім паўшар’і дадуць Маскве больш свабоды дзеянняў — як у маральным, так і ў ваенным плане — рабіць тое, што яна хоча, ва Украіне.

* * *

Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў панядзелак, 5 студзеня, перасцярог ад гульняў з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Адпаведны зварот быў апублікаваны на рускамоўным акаўнце ў сацыяльнай сетцы X.

На чорна-белым фотаздымку вялікімі літарамі па-руску напісана, што з кіраўніком Белага дома не варта гуляць у гульні: «Не гуляйце ў гульні з прэзідэнтам Трампам. Прэзідэнт Трамп — чалавек справы. Не ведалі? Цяпер ведаеце».

* * *

Украіна знаходзіцца сёння «на мяжы гуманітарнага энергетычнага крызісу», аднак расійскае кіраўніцтва аддае загады толькі ўзмацняць атакі, тым самым знішчаючы неабходную інфраструктуру, гаворыцца ў лісце канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца да кіруючых парламенцкіх фракцый ХДС/ХСС і СДПГ, перадае ZDF Heute.

Кіраўнік нямецкага ўрада звярнуўся да партый кааліцыі напярэдадні сустрэчы «кааліцыі рашучых» у Парыжы. Мерц сцвярджае, што Крэмль, і канкрэтна расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не імкнецца да міру ў чацвёртую зіму вайны, а наадварот — загадвае ажыццяўляць самыя сур’ёзныя атакі на цывільную інфраструктуру Украіны.

Зважаючы на гэта, канцлер вінаваціць расійскае кіраўніцтва ў ваенных злачынствах і адзначае, што нямецкі ўрад імкнецца пакласці канец вайне. Аднак гэта магчыма толькі пры ўмове, што на гэты раз Украіна атрымае ад ЗША і Еўропы «сапраўдныя гарантыі бяспекі».