Арышт Мадура — папярэджанне для Лукашэнкі? Урок Каракаса для Мінска

Шмат беларусаў у гэтыя калядныя дні ўзгадалі Дзеда Мароза з прэтэнзіяй — не таго вусатага яны яму «замаўлялі». І пакуль увесь свет шалее ад спецаперацыі ЗША ў Венесуэле, наша жыццё працягваецца. Нават нягледзячы на тое, што рэжым страціў яшчэ аднаго і важнага саюзніка. Цікава, мы за нафту з Венесуэлай да канца разлічыліся?

Фота з gazeta.ru

Фота з gazeta.ru

Вядома ж, год зноў пачаўся з рэкорду. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 студзеня 2026 года склалі 14 млрд 425,9 млн долараў у эквіваленце, што з'яўляецца новым рэкордам, сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка. За снежань ЗВР выраслі на 526,2 млн долараў (+3,8%), і вядома ж, асноўную частку гэтых ЗВР складае манетарнае золата, якое расце ў цане. Яно ў структуры ЗВР складае 7 млрд 471 млн долараў (+214,1 млн за месяц; +3%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 414 млн (+15,1 млн), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 540,7 млн (+296,9 млн). Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

Але паколькі, як ужо неаднаразова казалася, золата і спецыяльныя правы запазычання мы не можам прадаць праз санкцыі — прынамсі, не па «правільнай» цане. Таму ліквіднымі актывамі можна лічыць толькі 5,5 млрд долараў валюты. А гэта ўжо не цягне на рэкорд. Цікава, што прапанова валюты ў 2025 годзе перавысіла попыт на 1,516 млрд долараў, падлічыў той жа Нацбанк. Ну і, як водзіцца, гэта амаль усе добрыя навіны. Іншых прыстойных навін у краіне практычна няма.

Лукашэнка практычна не каментаваў захоп Мадура. Вядома, гэты захоп не мае нічога агульнага з міжнародным правам, пра што выказваюцца цяпер многія. Але казаць пра гэта Лукашэнка не можа, паколькі менавіта ён на пару з «сябрам Пуціным» міжнародныя правы папіраў неаднаразова і не меў да іх ніякай павагі. А цяпер раптам аказалася, што ігнараваць гэтыя правы могуць не толькі дыктатары. Штаты таксама навучыліся «праву моцнага» і зрабілі з Мадурам тое, што зрабілі, — бо маглі.

Цікава, ці зразумеў Лукашэнка, што ён сам унёс неблагі ўнёсак у гэтае разуменне сваім «часам не да законаў»? Бо менавіта так вырашылі ЗША ў Венесуэле. І для Пуціна, і для Лукашэнкі гэта нядобры знак. Бо цяпер ніхто не можа сказаць, хто і ў якім варыянце стане наступным.

Канешне, галоўнае наступства для уладаў РБ тут будзе ў эканоміцы. Мы нават не будзем казаць пра «беларускія праекты ў Каракасе». Цяпер Штаты маюць намер выкінуць на рынак санкцыйную раней венесуэльскую нафту, а гэта азначае падзенне нафтавых коштаў, і, адпаведна, нафтавыя даходы Расіі таксама ўпадуць.

А ў нас на Расію завязана 70% экспарту, і калі там не будзе грошай — іх не будзе і на нашы тавары.

Але наступствы могуць быць не толькі ў эканоміцы, бо сістэма аднаўладдзя ў Беларусі — яна надзвычай хісткая. І таму Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі ў звароце да «дэ-факта ўладаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з арыштам Нікаласа Мадура» заклікаў ўмацаваць беларускую незалежнасць — у чарговы раз прапанаваў правесці нацыянальны дыялог.

«Арышт Нікаласа Мадура 3 студзеня 2026 года стаў у новай глабальнай палітыцы паказальным сігналам кожнаму аўтарытарнаму рэжыму: ні гады кіравання дзяржаўным апаратам, ні кантроль над арміяй, ні вонкавая падтрымка паплечнікаў не з’яўляюцца гарантыямі захавання ўлады», — адзначае АПК.

«Усведамляючы сваю адказнасць за захаванне суверэнітэту Беларусі», кабінет пацвердзіў ініцыятыву па правядзенні нацыянальнага дыялогу, выкладзеную ў заяве ад 9 жніўня 2025 года. На думку АПК, адзіным сродкам папярэджання калапсу дзяржаўнасці з’яўляецца арганізацыя Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі. «Менавіта ўнутранае грамадскае ўзаемаразуменне патрэбнае, каб забяспечыць стабільнасць падчас неабходнай для нашай краіны палітычнай трансфармацыі, выхад на цывілізаванае рашэнне ўнутраных праблем, зняцце санкцый, вяртанне інвестыцый і аднаўленне канструктыўнага міжнароднага супрацоўніцтва», — лічыць АПК.

На думку аўтараў, «урок Каракаса паказвае, што вокны магчымасцяў зачыняюцца хутка», таму ігнараванне ініцыятывы круглага стала «можа прывесці да сцэнарыяў, дзе цывілізаваны грамадскі дыялог будзе заменены іншымі некантраляванымі працэдурамі, якія могуць ствараць пагрозы незалежнасці».

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская таксама адзначыла, што «дыктатары не вечныя — і, падобна, нелегітымны Лукашэнка страціў яшчэ аднаго блізкага сябра».

Так што Лукашэнка пра Мадуру маўчыць. Але гэта не азначае, што ён пра яго не думае.

Ну і на заканчэнне — адна добрая навіна для нашых суседзяў. Ва Украіне адмянілі роўмінг з ЕС. З 1 студзеня 2026 года Украіна афіцыйна далучаецца да еўрапейскай роўмінгавай зоны Roam like at home. Гэта значыць, што ўкраінцы змогуць карыстацца мабільнай сувяззю ў 27 краінах ЕС без дадатковых даплат за роўмінг — па тых жа тарыфах, што і ва Украіне.

Як там з адменай роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве? Колькі гадоў мы над гэтым «працуем»? І якія вынікі?