Дональд Трамп: ЗША гатовыя ўзяць на сябе абавязальніцтвы па ўдзеле ў будучай абароне Украіны

Прэзідэнт ЗША ў некалькіх інтэрв'ю даволі жорстка выказаўся наконт мірнага пагаднення ва Украіне і па прымусе Расіі да міру. Тым не менш, ягоная рыторыка яшчэ недастаткова рашучая. А Расія зноў нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Ідуць 1416-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 161 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян ў раёнах Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі, Дачнага.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 21 атаку расіян у раёнах Салодкага, Гуляйполя і ў раёне Варвараўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 13 разоў у раёнах Вербавага, Вішнёвага, Злагоды, Рыбнага, Ягораўкі, Січневага і іншых.

На Ліманскім кірунку зафіксавана 10 атак каля Дробышава, Ліману, Стаўкі і ў раёне Навасёлаўкі.

* * *

У ноч на пятніцу, 9 студзеня, расіяне адначасова атакавалі Кіеў беспілотнікамі, крылатымі ракетамі «Калібр» і балістыкай. Было як мінімум чатыры хвалі атак. У выніку загінулі мінімум чатыры чалавекі, у горадзе ёсць перабоі са святлом і водазабеспячэннем.

У Дарніцкім раёне здарылася ўзгаранне ў жылым доме на ўзроўні 9–10 паверхаў. Таксама зафіксавана ўзгаранне на тэрыторыі гандлёвага цэнтра ў Дзяснянскім раёне.

У Дарніцкім раёне, дзе БпЛА трапіў у жылы дом, адбылося паўторнае трапленне. «Загінуў адзін медык, ёсць параненыя медработнікі. Усе яны прыехалі аказваць дапамогу людзям», — паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталій Клічко.

Усяго вядома пра 24 пацярпелых, уключаючы работнікаў ДСНС і медыкаў, якія працавалі на месцы здарэння, калі адбыўся паўторны абстрэл.

У ноч на 9 студзеня расіяне нанеслі ракетны ўдар па аб'ектах інфраструктуры ў Львове, прымяніўшы балістычную ракету. «Паветраная мэта рухалася са скорасцю каля 13 тысяч кіламетраў за гадзіну па балістычнай траекторыі. Тып ракеты, якой расійскія агрэсары атакавалі горад, будзе вызначаны пасля вывучэння ўсіх яе элементаў», — гаворыцца ў паведамленні Паветранага камандавання «Захад» Паветраных сіл УСУ.

Маніторынгавыя каналы пісалі пра імаверны ўдар ракетай «Арэшнік».

* * *

612298774_1232263865753356_6533708908848442859_n.jfif

* * *

Пасланцы прэзідэнта ЗША Стыў Віткаф і Джарэд Кушнер у сераду, 7 студзеня, правялі сустрэчу ў Парыжы з пасланцам расійскага дыктатара Кірылам Дзмітрыевым. Бакі абмяркоўвалі амерыканскі план урэгулявання вайны ва Украіне, паведамляе партал Axios са спасылкай на дасведчаную крыніцу.

«Пасля дасягнення пагаднення з Украінай амаль па ўсіх аспектах плана Трампа, Беламу дому трэба атрымаць дакладны адказ ад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па гэтай прапанове», — адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, французская Le Monde раней пісала, што спецыяльны прадстаўнік Крамля Кірыл Дзмітрыеў знаходзіўся ў Парыжы падчас або на дзень пазней за сустрэчу «кааліцыі рашучых». Пры гэтым Елісейскі палац абверг тое, што Дзмітрыеў наведаў прэзідэнцкі палац.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён падтрымлівае законапраект аб санкцыях супраць РФ, распрацаваны ў Сенаце ЗША. Але ён не адмаўляецца ад сваёй умовы, сказаў ён у інтэрв'ю для Fox News.

У ходзе размовы вядучы наўпрост спытаў, ці падтрымлівае Трамп законапраект аб санкцыях. «Я думаю, там 84 ці 85 сенатараў хочуць... Так (падтрымліваю), але толькі калі ён будзе падпарадкаваны мне. І ведаеце, я яго падтрымліваю», — адказаў Трамп.

«Я спадзяюся, што нам не давядзецца яго прымяняць. У нас ужо ёсць сур'ёзныя санкцыі супраць Расіі», — дадаў Трамп.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы ўзяць на сябе абавязальніцтвы па ўдзеле ЗША ў будучай абароне Украіны. Яго згода звязана з упэўненасцю ў тым, што РФ не паспрабуе напасці зноў, заявіў ён у інтэрв'ю для The New York Times.

NYT адзначае, што лідар ЗША адказваў на пытанне, ці гатовы ён уступіць у вайну для абароны Украіны, калі Расія парушыць умовы перамір'я, і зноў уварвецца ў краіну. «Я цвёрда перакананы, што яны не стануць уварвацца зноў, інакш я б на гэта не пагадзіўся», — сказаў Трамп.

Як вядома, у межах перамоў аб спыненні вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дабіваецца гарантый бяспекі ад заходніх краін, уключаючы ЗША. Ён хоча, каб тыя абавязаліся дапамагчы абараніць краіну ў выпадку дасягнення мірнай угоды.

Выданне адзначае, што каментарыі Трампа пайшлі далей, чым калі-небудзь раней, і ён прадэманстраваў гатоўнасць падпісацца пад такім абавязацельствам, прынамсі ў якасці падтрымкі.

Калі Трампа спыталі пра магчымае мірнае пагадненне, якое запатрабуе ад ЗША і іх саюзнікаў аказаць Украіне ваенную падтрымку ў выпадку новага ўварвання, ён перапыніў суразмоўцу, каб падкрэсліць, што ЗША будуць адыгрываць другарадную ролю ў такой сітуацыі.

«Давайце скажам так: яе саюзнікі, уся Еўропа, іншыя краіны, якія ў гэта ўступаюць — і Злучаныя Штаты», — сказаў ён.

Паводле слоў амерыканскага лідара, ён не гатовы абяцаць павелічэнне падтрымкі ЗША Украіне, калі Пуцін працягне супраціўляцца спыненню агню. Таксама ён не ўдакладніў, як хутка спадзяецца скончыць вайну.

«Я проста не хачу апынуцца ў сітуацыі, калі мне даводзіцца гэта казаць, паколькі я абавязаны паспрабаваць выратаваць жыцці... Мы робім усё, што ў нашых сілах. У мяне няма канкрэтных тэрмінаў», — рэзюмаваў ён.

* * *

Атрымаўшы доступ да найбуйнейшых у свеце запасаў нафты, якія знаходзяцца ў Венесуэле, ЗША могуць павялічыць экспарт, што прывядзе да яшчэ большага зніжэння цэн. Расійская марка Urals у гэтым выпадку можа каштаваць 30 долараў за барэль, піша The Wall Street Journal са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

План, які рыхтуецца ў Белым доме, прадугледжвае ўсталяванне частковага кантролю над дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Petroleos de Venezuela, уключаючы набыццё і рэалізацыю большай часткі нафты, якую яна здабывае.

Практычна адразу пасля захопу экс-прэзідэнта Нікаласа Мадура Белы дом пачаў прыватна абмяркоўваць з новай уладай Венесуэлы атрыманне кантролю над пастаўкамі нафты і ролю ЗША ў нарошчванні здабычы ў краіне. Паколькі Венесуэла мае найбуйнейшыя ў свеце запасы нафты, ЗША такім чынам змогуць атрымаць кантроль над большай часткай запасаў у Заходнім паўшар'і, калі ўлічваць іх уласныя радовішчы і тыя, дзе працуюць амерыканскія кампаніі. Гэта таксама дапаможа выціснуць з Венесуэлы Расію і Кітай і знізіць цэны для амерыканскіх спажыўцоў.

Трамп ужо заявіў, што ЗША атрымаюць ад Венесуэлы да 50 млн барэляў, а выручкай ад іх рэалізацыі па рыначных цэнах будзе распараджацца ён асабіста «на карысць народаў» дзвюх краін. Міністр энергетыкі Крыс Райт растлумачыў, што пасля гэтага ЗША на працягу «неакрэсленага часу» будуць прадаваць нафту, здабытую ў Венесуэле.

Трамп неаднаразова ўздымаў пытанне аб неабходнасці знізіць цэны на нафту да $50 за барэль, для яго гэта найлепшы ўзровень, расказалі WSJ два высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі.

Патанненне WTI да $50 можа прывесці да падзення Brent да $54 за барэль. У гэтым выпадку расійская нафта Urals можа ўпасці ў цане прыкладна да $30 за барэль.