Вяртанне Пачобута і візіт Коўла: былы палітвязень проста «хакнуў сістэму»?

Выключны выпадак адбыўся ў Беларусі. Вельмі вядомы былы палітвязень — Анджэй Пачобут — вярнуўся ў Беларусь. І не быў там затрыманы, арыштаваны і пасаджаны зноў. Больш за тое, ён свабодна публікуе фатаграфіі сустрэч з роднымі, сябрамі і аднадумцамі па незарэгістраваным (!) у Беларусі Саюзе палякаў. І ніхто нічога яму не робіць. Што здарылася?

АнджэйПачобуту Гародні8 верасня2026 года.Фота: x.com/poczobut

АнджэйПачобуту Гародні8 верасня2026 года.Фота: x.com/poczobut

У той жа самы час Centrum Europy TVP са спасылкай на нейкую «інфармаваную крыніцу» паведамляе, што беларускія ўлады прапанавалі нават легалізаваць дзейнасць Саюза палякаў Беларусі (СПБ), які шмат гадоў працуе без афіцыйнай рэгістрацыі. Аднак для гэтага цяперашнюю арганізацыю, магчыма, давядзецца распусціць і стварыць новую і легальную — у тым ліку пад іншай назвай. Таму запланаваны на 13 верасня з’езд арганізацыі ў Гродне ўлады Беларусі правесці не дазволілі.

Калі СПБ зарэгіструюць нават пад іншай назвай — гэта будзе, напэўна, першая рэгістрацыя сапраўды недзяржаўнай грамадскай арганізацыі за шэсць гадоў.

Пры гэтым напал рэпрэсій у Беларусі не спадае ані на секунду. Праваабарончы цэнтр «Вясна» на тыдні заявіў пра 234 пацверджаных асуджаных толькі па «справе Гаюна». Агульная колькасць фігурантаў справы значна вышэйшая, а затрыманні па ёй працягваюцца па ўсёй Беларусі. У асноўным абвінавачаным па гэтай справе прызначаюць «хатнюю хімію», аднак вядомыя і выпадкі, калі фігурантаў прысуджалі да пазбаўлення волі.

З пачатку 2026 года ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», МУС унесла 526 чалавек, асуджаных за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Вясна». То-бок, толькі па «экстрэмісцкіх» артыкулах у гэтым годзе асудзілі ў сярэднім 3 чалавекі на дзень, уключаючы выходныя і святы.

Больш за тое, праваабаронцам на гэтым жа тыдні стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго чалавека пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы. Гэты чалавек менш вядомы, чым Пачобут.

Нобелеўскі лаўрэат, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі наконт прыезду Пачобута заявіў: «Ці можна зрабіць з гэтага выснову, што сітуацыя змянілася і ў Беларусь прыйшла адліга? Не».

Таму, калі вы не такi вядомы чалавек, як Пачобут — у Беларусь лепш не вяртацца.

Але чаму ж Пачобута не кранулі? Тут ёсць некалькі версій.

Па-першае, гледзячы па ўсім, Мінск вырашыў зноў сябраваць з Варшавай. У абмен на легалізацыю СПБ беларускія ўлады просяць ад Польшчы зняць абмежаванні на авіязлучэнне з Беларуссю, а ў перспектыве — і на транзіт беларускіх калійных угнаенняў.

Просьба, калі яна і ёсць — бескарысная, паколькі санкцыі ўведзеныя не Польшчай, а Еўрапейскім саюзам. І тут Польшча самастойна нічога не зробіць без таго, каб не палаяцца з ЕС. А цяпер лаяцца з ЕС ёй ніяк не выпадае.

Па-другое, паралельна са з’яўленнем у Беларусі Анджэя Пачобута стала вядома, што Мінск 14 верасня мусіць наведаць спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл. З’яўленне ў Беларусі Коўла вельмі цікавым чынам супадае з верагодным заканчэннем візіту Пачобута на радзіму.

І таксама вядома, што ў пашпарце ў Пачобута ёсць амерыканская віза — пасля Беларусі ў яго запланаваны візіт у Канаду і ЗША.

Можна выказаць здагадку, што Пачобут проста «хакнуў сістэму». Арыштаваць у Беларусі чалавека, які мусіць быць у ЗША з візітам, перад прыездам спецпрадстаўніка Трампа, які, у сваю чаргу, асобна прыклаў руку да вызвалення гэтага самага чалавека — гэта моцна палаяцца з Коўлам.

А лаяцца з Коўлам нельга — ён п’е з Лукашэнкам і возіць яму прэпараты для пахудання.

Зразумела, «красаўцам» хацелася б паказаць Пачобуту, «хто тут гаспадар», напляваўшы і на Польшчу, і на ЗША, і на ўсе дамоўленасці. Таму і раздаецца такi «вой на балотах» сярод прапагандыстаў — Пачобута яны бачаць, але зрабіць яму нічога не могуць. І застаецца ім толькі плявузгаць ад бяссілля.

Крануць Пачобута ў Беларусі — вельмі небяспечна.

Небяспечна таму, што Расія, падобна, не збіраецца заканчваць вайну ва Украіне — прынамсі, да вясны наступнага года. А гэта азначае, што ціск на Лукашэнку як з боку Расіі, так і з боку Украіны будзе нарастаць. Адна будзе патрабаваць «больш паўнавартаснага» ўступлення ў вайну, — асабліва цяпер, калі страты арміі РФ у гэтай вайне ўжо склалі паўтары мільёны чалавек, а Пуцін заяўляе, што нягледзячы на гэта «мабілізацыі не будзе». А Украіна зноў будзе патрабаваць зняцця на граніцы рэтранслятараў, праз якія кіруюць расійскімі дронамі, і пагражаць ударамі па беларускай «нафтавай галіне».

У гэтай сітуацыі, вядома, Лукашэнку хочацца знайсці «парасон» ад нарастаючага ціску як з аднаго, так і з другога боку. Стаўка на Кітай не спрацавала, Лукашэнка відавочна шукае выхады ў іншым кірунку, у прыватнасці ў ЗША.

І нават калі вясной будучага года мірныя перамовы ўсё ж пачнуцца, і вайна ва Украіне будзе калі і не скончаная (гэта крайне аптымістычны варыянт), то пастаўленая на паўзу, Лукашэнка ў гэтым выпадку акажацца адзін на адзін з Пуціным. А ў Пуціна непазбежна будуць запытваць наконт «дасягнутых мэтаў СВА» і «дзе наша перамога». І Пуціну трэба будзе штосьці казаць у адказ.

Добрым адказам будзе далучаная да Расіі Беларусь. І Лукашэнка не можа гэтага не разумець. Таму ён і будзе ўважліва дагаджаць Коўлу, не чапаць Пачобута і старанна ўчытвацца ў амерыканскі «Акт пра дэмакратыю ў Беларусі», у якім ЗША пастаянна пацвярджаюць адданасць цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Але гэта не азначае, што ездзіць у Беларусь для тых, хто краіну пакінуў, стала і стане больш бяспечна. Зусім не. Не ўсе такія вядомыя, як Пачобут, і не за ўсіх «заступіцца» Коўл. Улічыце гэта пры планаванні падарожжаў.