Джарэд Кушнер: заканчэнне вайны ва Украіне да зімы не гарантавана
Амерыканскія перамоўнікі Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер прывезлі ва Украіну нейкія «новыя ідэі» па заканчэнні вайны, аднак самі разумеюць, што ў бліжэйшы час наўрад ці дыпламатыя спрацуе. Між тым, вайна нясе страты і для Расіі. Ідуць 1657-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 атакі ў раёнах Біліцкага, Сяргееўкі, Удачнага і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Тарэцкага, Сафіеўкі, Вольнага, Дарожнага, Новага Данбаса, Мацяшава, Шаўчэнкі, Чарнігаўкі, Дабраполля, Мірнага, Васільеўкі, Навасяргееўкі і Навапаўлаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 12 атак. Расійцы штурмавалі ў раёне Канстанцінаўкі, а таксама ў кірунках Навасёлаўкі і Тарэцкага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 10 атак расіян у раёнах Ізбіцкага і Старыцы, а таксама ў кірунках Усцінаўкі і Хатняга.
На Купянскім, Ліманскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным
* * *
Расійскія войскі ў ноч на 7 верасня атакавалі Запарожжа. Загарэўся гандлёвы цэнтр, абышлося без пацярпелых.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па адным з мікрараёнаў Балаклеі Харкаўскай вобласці. Абставіны і магчымыя наступствы высвятляюцца.
У расійскім Сочы ў другі раз загарэлася нафтабаза, якая ўжо пацярпела падчас атакі 4 верасня.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ў цяперашні час ва Украіне 67 кампаній занятыя распрацоўкай тэхналогій, каб масава збіваць рэактыўныя дроны. На сёння, па яго словах, ёсць тры-пяць кампаній, якія ўжо паказалі вынік. Чакаецца, што ў хуткім часе з'явіцца магчымасць вырабляць дроны масава.
«Безумоўна, уся гэтая абарона — гэта план "Б", хоць зараз ён вельмі актуальны. "План А" — максімальна паскорыць дыпламатычныя намаганні, каб паменшыць эскалацыю з боку Расіі», — сказаў ён.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас зносін з журналістамі заявіў, што у часе сустрэчы з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША і еўрапейскімі партнёрамі ў Кіеве было прапанавана некалькі новых ідэй адносна мірнага перамоўнага працэсу. «Мы сустрэліся, і, я думаю, у бліжэйшыя тыдні ў нас — Украіны, Амерыкі і Еўропы — будзе магчымасць абмеркаваць некаторыя дэталі, аб якіх сёння не хочацца гаварыць услых», — сказаў украінскі прэзідэнт.
«Было некалькі, сапраўды, новых ідэй. Мы іх абмеркавалі», – адзначыў прэзідэнт Украіны і падкрэсліў, што гэтыя ідэі неабходна прааналізаваць, «зразумець, якія дэталі, якія могуць быць крокі, і наблізіць гэта нас да міру».
* * *
Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф падчас зносін з журналістамі заявіў, што задачай амерыканскай дэлегацыі, якая наведала за апошнія два дні Кіеў і Маскву, было «зблізіць бакі».
«Калі ў вас няма адносін з абедзвюма старанамі, а камунікацыя наладжана дрэнна, то, верагодна, у вас вельмі і вельмі мала шанцаў дасягнуць мірнага ўрэгулявання», – сказаў ён.
Па словах Уіткафа, Украіна і Расія «павінны прыйсці да згоды». «Абедзве краіны павінны прыйсці да згоды, і мая задача, а таксама задача Джарэда, была ў тым, каб зблізіць бакі, паменшыць рознагалоссі паміж імі, наладзіць эфектыўныя каналы камунікацыі, і, спадзяемся, мы канструктыўна пачалі гэты працэс напрацягу апошніх 48 гадзін, і мы ўпэўненыя, што тут будзе знойдзена ўдалае рашэнне», – дадаў перамоўнік Трампа.
У той жа час Джарэд Кушнер заявіў, што заканчэнне вайны ва Украіне да зімы не гарантавана, але амерыканскі бок працуе над стварэннем умоў для дасягнення гэтай мэты.
* * *
Па даных выдання Kyiv Independent, прэзідэнт Дональд Трамп у панядзелак, 7 верасня, мае намер правесці тэлефонныя размовы з лідарам РФ Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
«Чакаецца, што Трамп пагаварыць з Пуціным, а затым з Зяленскім, пасля таго як яго пасланцы праінфармуюць аб апошнім раўндзе перагавораў, паведаміў крыніца, знаёмая з гэтым пытаннем», — піша выданне.
* * *
Расія не паспявае вывозіць зерне новага ўраджаю з-за парушанай лагістыкі ў партах, у выніку лішак аграпрадукцыі абрынае ўнутраны рынак, паведаміла Служба знешняй разведкі Украіны.
За 1–20 жніўня экспарт скараціўся ў 2,5 разы, да 1,4 млн тон, а пшаніцы — у 2,6 разы. Чакаецца, што ў верасні яе экспарт можа ўпасці яшчэ на 52,1–62,5%, да 1,8–2,3 млн тон — самага нізкага ўзроўню з 2010 года.
У выніку лішак зерня абвальвае ўнутраны рынак: за тыдзень цэны на пшаніцу, ячмень, сланечнік і сою ў РФ знізіліся на 3,3 — 8,5%, а за год — больш чым на 40%.
У аднаго з найбуйнейшых расійскіх аграхолдынгаў «Росагро» чысты прыбытак за першае паўгоддзе ўжо абваліўся на 99%.
«Крэмль у адказ рыхтуе дзяржаўныя закупкі, ільготныя крэдыты, субсідыі і пазыкі пад заклад непрададзенага ўраджаю. Разглядаецца таксама адмена экспартнай пошліны і кампенсацыя дарагіх перавозак у альтэрнатыўныя парты», — паведамілі ў СВРУ.
Эксперты ведамства лічаць, што гэта не вырашыць праблему. «Дзяржава фактычна плаціць за тое, каб зерне заставалася на складах. Ільготныя крэдыты не створаць попыту, субсідыі не павялічаць прапускную здольнасць партоў, танныя грошы не заменяць зламаную лагістыку. Калі экспарт не адновіцца, запасы будуць расці, цэны будуць падаць, а страты будуць пераводзіцца на бюджэт і банкі РФ», — заявілі ў СВРУ.