У Беларусі ўзмацняюць кантроль за інфармацыйнай прасторай. Хронікі рэпрэсій 8 верасня
Лукашэнка абнавіў Дырэктыву №1: цяпер у ёй асобна згадваюцца інфармацыйная бяспека, «экстрэмізм» і «віртуальнае асяроддзе». А тым часам Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь, а былы палітвязень Руслан Красаў распавёў пра спробу вярбоўкі КДБ.

Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь, прапаганда сустрэла яго абразамі
Былы палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут 8 верасня перасёк польска-беларускую мяжу і накіраваўся ў Гродна. Паводле польскіх медыя, ён плануе сустрэцца з сям'ёй і калегамі з Саюза палякаў Беларусі. Польскае агенцтва прэсы са спасылкай на крыніцы, блізкія да польскіх спецслужбаў, паведаміла, што Пачобут перасёк мяжу ў Баброўніках.
Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023-га асудзілі на восем гадоў калоніі. 28 красавіка 2026 года яго вызвалілі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Раней журналіст заяўляў пра намер вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на рызыку новага пераследу.
На вяртанне Пачобута адрэагавалі праўладныя прапагандысты, заўважыла Люстэрка. Грыгорый Азаронак назваў яго «ублюдзішчам» і пісаў, што журналіст «прыехаў на крэсы ўладкоўваць правакацыі». Пазней гэтае слова з яго допісу было выдаленае. У іншых праўладных каналах Пачобута называлі «польскім фашыстам», «пшэцкай свіннёй» і іншымі абразлівымі эпітэтамі.
Дэпутат Алег Гайдукевіч, каментуючы вяртанне журналіста, заявіў, што Беларусь — «дэмакратычная краіна» і што ў краіну можна прыязджаць, калі не парушаць закон.
Былы палітвязень распавёў пра калонію за каментары і спробу вярбоўкі КДБ
Былы палітвязень і таксіст з Гродна Руслан Красаў распавёў «Вясне» пра пераслед, які пачаўся пасля таго, як у 2021 годзе ён адмовіўся везці супрацоўніка міліцыі ў форме. У чэрвені 2022 года яго затрымалі, а пазней асудзілі на тры гады калоніі за больш чым тры тысячы каментароў у «Аднакласніках», якія ён пакідаў з 2017 года.
Красаў таксама расказаў пра збіццё супрацоўнікамі АМАПу 10 жніўня 2020 года — тады яму выбілі верхнія пярэднія зубы. У жніўні 2024 года яго вызвалілі па памілаванні.
Пасля вызвалення мужчына яшчэ паўтара года заставаўся ў Беларусі. Восенню 2025 года, паводле яго слоў, супрацоўнік КДБ спрабаваў завербаваць яго і пагражаў новым крымінальным пераследам. Красава хацелі выкарыстаць для збору інфармацыі пра каманду Сяргея Ціханоўскага. У сакавіку 2026 года былы палітвязень з'ехаў у Польшчу.
Красаў кажа, што і пасля выезду супрацоўнікі беларускіх сілавых структур працягваюць цікавіцца яго месцазнаходжаннем.
У Беларусі абнавілі Дырэктыву №1: дзяржава пашырае кантроль над грамадствам
Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў новую рэдакцыю Дырэктывы №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», паведамляе «Люстэрка». У дакуменце пашыраецца кола сфер, якія дзяржава разглядае праз прызму грамадскай бяспекі, у тым ліку інфармацыйная бяспека, супрацьдзеянне «экстрэмізму», кантроль знешніх міграцыйных працэсаў і бяспека ў «віртуальным асяроддзі».
Такім чынам, у сферу дзяржаўнага кантролю ўключаецца не толькі фізічная грамадская прастора, але і інфармацыйнае ды лічбавае асяроддзе. Пры гэтым «экстрэмізм» у Беларусі выкарыстоўваецца ўладамі як шырокая падстава для пераследу іншадумцаў і незалежнай грамадзянскай актыўнасці.
За рэалізацыю Дырэктывы адказваюць урад, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, а кантроль за яе выкананнем цяпер ускладаецца на органы пракуратуры.
Дырэктыва №1 была падпісаная яшчэ 11 сакавіка 2004 года. Яе папярэдняя поўная рэдакцыя з'явілася ў 2015 годзе. Нынешнія змены паказваюць, што падыход да «грамадскай бяспекі» пашыраецца на інфармацыйную і лічбавую прастору, што стварае дадатковыя магчымасці для дзяржаўнага кантролю.
Ікону ксяндза Акалатовіча зноў выставілі на продаж
Ікону «Уваскрасенне Хрыста з гробу», якую ў ліпені 2026 года выставілі на таргі «БелЮрЗабеспячэння» за 3200 рублёў, зноў выставілі на продаж. Першы пакупнік не аплаціў набыццё, піша «Свабода».
Цяпер ікона прадаецца за 2400 рублёў. У апісанні гаворыцца, што яна мае гістарычнае і культурнае значэнне:
«Дрэва, алей; другая палова — канец XVIII ст., памер 31×31 см. Абраз уяўляе сабой еўрапейскі варыянт сюжэту „Уваскрасенне Хрыста“, верагодна, створаны для святочнага шэрагу іканастаса. Абраз адносіцца да ўзораў рэлігійнага жывапісу ў акадэмічным стылі. Мае гістарычнае і мастацкае значэнне, уяўляе цікавасць як аб'ект культурнай спадчыны».
Таксама ўлады беспаспяхова спрабавалі прадаць зямельны ўчастак ксяндза ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Адзін з аўтамабіляў Генрыха Акалатовіча ўжо прадалі, другі — Volkswagen Transporter 2007 года — цяпер прадаецца на аўкцыёне за 16 860 рублёў.