Эксперты: беларускі праект сховішча радыеактыўных адходаў не даказвае яго доўгатэрміновую бяспеку

300 гадоў — тэрмін службы кантэйнера, а не час, за які радыеактыўныя адходы перастаюць быць небяспечнымі. Эксперты знайшлі ў праекце беларускага пункта захавання радыеактыўных адходаў супярэчнасці ў выбары пляцовак, недастатковае абгрунтаванне тэхналогій і адсутнасць паўнавартаснага аналізу альтэрнатываў. Больш за тое, у некаторых прапанаваных месцах грунты не адпавядаюць уласным крытэрыям праекта, а магчымасць міграцыі радыенуклідаў праз бетонныя бар’еры ацэненая недастаткова.

БелАЭС, фота "Новы Час"

БелАЭС, фота "Новы Час"

Беларускія і замежныя эксперты раскрытыкавалі праект пункта захавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў у Беларусі. На іх думку, прадстаўленая ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) не адпавядае базавым прынцыпам такой ацэнкі і не дазваляе аб’ектыўна ацаніць доўгатэрміновую бяспеку аб’екта.

У экспертным каментары адзначаецца, што дакументацыя змяшчае супярэчнасці, недастаткова апісвае прапанаваныя тэхналогіі і не дае паўнавартаснага параўнання з сучаснымі альтэрнатывамі. Эксперты лічаць, што дакумент неабходна істотна перапрацаваць.

Чаму гэта важна? Калі кантэйнеры або іншыя ахоўныя бар’еры з часам страцяць свае ўласцівасці, радыеактыўныя рэчывы могуць трапіць у грунт, грунтавыя воды ці паветра. Гэта азначае рызыку забруджвання навакольнага асяроддзя і ўздзеяння радыяцыі на людзей. Менавіта таму для такога аб’екта важна даказаць не толькі тое, што ён будзе бяспечным у першыя гады працы, але і тое, што сістэма ізаляцыі будзе працаваць на працягу ўсяго неабходнага перыяду.

Што насамрэч плануюць будаваць?

Адна з галоўных праблем, на якую звяртаюць увагу эксперты, — з дакументацыі не зусім зразумела, што менавіта з’яўляецца аб’ектам ацэнкі.

У назве гаворка ідзе пра пункт захавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў. Аднак у розных частках дакумента згадваюцца таксама перапрацоўка, захоўванне, захаванне, спальванне адходаў і пляцоўка для адходаў ад перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва.

Не вызначаныя належным чынам і тэхналогіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам: не ясна, што менавіта будзе захоўвацца, на які тэрмін і якім чынам.

Эксперты лічаць, што неабходна дакладна вызначыць увесь ланцужок абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам — ад выгрузкі паліва з басейнаў Беларускай АЭС да яго далейшага захоўвання, транспартавання і канчатковага захавання.

Спальванне радыеактыўнасць не знішчае

Асобныя пытанні выклікае прапанаванае спальванне гаручых цвёрдых радыеактыўных адходаў.

Эксперты звяртаюць увагу, што спальванне не знішчае радыеактыўнасць. Радыенукліды толькі пераразмяркоўваюцца паміж попелам, рэшткамі ачысткі дымавых газаў і выкідамі. Частка лятучых радыенуклідаў пры гэтым можа трапляць у атмасферу.

У дакументацыі не праведзена паўнавартаснага параўнання гэтай тэхналогіі з сучаснымі альтэрнатывамі. Эксперты згадваюць, у прыватнасці, піраліз і плазменную апрацоўку.

Цэментаванне таксама мае рызыкі

Для вадкіх радыеактыўных адходаў праект прадугледжвае, у прыватнасці, цэментаванне адпрацаваных іонаабменных смол і рэшткаў з высокім утрыманнем соляў.

Эксперты звяртаюць увагу на некалькі праблем. Бораты могуць перашкаджаць зацвярдзенню портландцэменту. Арганічныя іонаабменныя смолы ў шчолачным асяроддзі бетону могуць набракаць і пры радыёлізе ўтвараць вадарод.

Калі для кантэйнераў не прадугледжаны належны адвод газаў, назапашванне вадароду можа павялічваць ціск унутры і ўплываць на цэласнасць інжынерных бар’ераў.

Яшчэ адна праблема — трыцій. У праекце, на думку экспертаў, недастаткова апісаныя меры па зніжэнні яго выкідаў пры выпарванні вадкіх адходаў. Фільтры HEPA не затрымліваюць газападобныя малекулы і вадзяную пару. Таму эксперты ацэньваюць верагоднасць трапляння трыцію ў атмасферу як высокую: ён можа выходзіць у выглядзе трыціевай вады, а пасля трапляць у арганізм чалавека з паветрам і вадой.

Глядзіце таксама

Ці вытрымаюць кантэйнеры 300 гадоў?

Адным з найбольш спрэчных рашэнняў эксперты называюць выкарыстанне расійскіх жалезабетонных кантэйнераў НЗК-150-1,5П.

У дакументацыі для гэтых кантэйнераў заяўляецца тэрмін службы да 300 гадоў. Аднак эксперты адзначаюць, што такая даўгавечнасць не пацверджаная рэальным досведам эксплуатацыі.

У экспертным каментары прыводзяцца ацэнкі, паводле якіх дакументальна пацверджаны тэрмін службы сучасных бетонных канструкцый не перавышае 100 гадоў, тады як рэальны досвед эксплуатацыі кантэйнераў НЗК на момант падрыхтоўкі каментару складаў каля 24 гадоў. Тэарэтычныя расійскія даследаванні, на думку экспертаў, не даказваюць магчымасці бяспечнай эксплуатацыі такіх кантэйнераў на працягу 300 гадоў.

Пры гэтым 300 гадоў — гэта заяўлены тэрмін службы кантэйнера, а не перыяд, на працягу якога радыеактыўныя адходы перастаюць быць небяспечнымі.

У беларускіх радыеактыўных адходах могуць прысутнічаць трыцій, вуглярод-14, цэзій-137, ёд-129, плутоній-240, стронцый-90, амерыцый-241, уран-235 і плутоній-239. Перыяд паўраспаду часткі гэтых радыенуклідаў значна перавышае 300 гадоў. Уран-235, напрыклад, мае перыяд паўраспаду каля 700 мільёнаў гадоў, амерыцый-241 — каля 433 гадоў.

Эксперты адзначаюць, што ў АУНА не растлумачана, якім чынам будзе забяспечвацца ізаляцыя такіх рэчываў на працягу ўсяго неабходнага перыяду.

Бетон не з’яўляецца абсалютна непранікальным бар’ерам

Эксперты таксама звяртаюць увагу на праблему, якая не атрымала належнай ацэнкі ў АУНА: міграцыю радыенуклідаў праз бетонныя канструкцыі.

Высокая воданепранікальнасць бетону сама па сабе не азначае поўнай непранікальнасці для газаў і раствораных рэчываў. У даследаваннях, на якія спасылаюцца аўтары каментару, назіралася дыфузія цэзію-137 і трыцію праз цэментавыя матрыцы.

Гэта азначае, што пры ацэнцы бяспекі неабходна ўлічваць не толькі магчымасць пранікнення вады праз інжынерныя бар’еры, але і магчымую міграцыю радыенуклідаў праз сам бетон.

Дадатковую праблему могуць ствараць арганічныя рэчывы, EDTA і павярхоўна-актыўныя рэчывы. Яны здольныя ўтвараць з некаторымі радыенуклідамі водарастваральныя комплексы і тым самым паскараць іх перанос праз грунт і іншыя бар’еры. На думку экспертаў, гэтыя механізмы ў праекце не ацэненыя належным чынам.

Падобныя аб’екты ўжо мелі праблемы

У экспертным каментары прыводзяцца прыклады расійскіх аб’ектаў, якія, на думку аўтараў, паказваюць рызыкі разліку на шматсотгадовую надзейнасць бетонных канструкцый.

У былым аб’екце «Радон» у Абнінску, вядомым як «Сооружение 227», прыкладна праз 40 гадоў эксплуатацыі былі выяўленыя ўцечкі, разбурэнне бетону і радыеактыўнае забруджванне грунту на глыбіню да 8 метраў. Забруджванне таксама было выяўлена ў суседняй забалочанай тэрыторыі ў напрамку ракі Пратвы.

У выніку ўзнікла неабходнасць дэмантаваць аб’ект і здабываць з яго радыеактыўныя адходы. Гэта азначала стварэнне новых забруджаных матэрыялаў: каля 5400 тон грунту і 500 тон бетону. Паводле прыведзеных экспертамі звестак, кошт работ ацэньваўся ў 390 млн расійскіх рублёў у цэнах 2014 года.

Эксперты таксама спасылаюцца на расійскія праекты, у якіх разглядаліся сцэнары дэградацыі інжынерных бар’ераў праз 100–350 гадоў. У некаторых сцэнарыях дапускаецца поўная страта бар’ерных уласцівасцяў ужо праз 100 гадоў.

Пляцоўкі не адпавядаюць уласным крытэрыям праекта

Сур’ёзныя пытанні ўзнікаюць і да выбару месца для будучага аб’екта.

У дакументацыі грунты з модулем дэфармацыі менш за 20 МПа аднесеныя да непрыдатных паводле ўласных крытэрыяў праекта. Аднак у апісанні некаторых прапанаваных пляцовак прыведзеныя значэнні, якія істотна ніжэйшыя за гэты парог.

Напрыклад, для пляцоўкі 2-1 прыводзяцца значэнні 15, 16, 7,5 і 12,5 МПа. Для пляцоўкі 3-3 — 4,4, 4,9 і 9,7 МПа.

На думку экспертаў, гэта можа ствараць рызыку нераўнамернай дэфармацыі грунту і, як вынік, пашкоджання інжынерных бар’ераў.

Падобная супярэчнасць ёсць і ў ацэнцы грунтавых вод. Для некаторых катэгорый пляцовак крытычнай лічыцца глыбіня залягання грунтавых вод менш за тры метры. Аднак у дакументацыі ёсць пляцоўкі, дзе вада зафіксаваная на значна меншай глыбіні.

На пляцоўцы 2-1 глыбіня залягання грунтавых вод складае ад 0,6 да 12,6 метра. На пляцоўцы 3-3 — 3,3 метра. На пляцоўцы 1-5 зафіксаваныя верхаводныя воды на глыбіні 3,9 метра, якія могуць падымацца бліжэй да паверхні падчас дажджоў і раставання снегу.

Нягледзячы на гэтыя даныя, у дакументацыі адпаведныя пляцоўкі называюцца прыдатнымі.

Не разглядаюцца паўнавартасныя альтэрнатывы

Эксперты таксама крытыкуюць падыход да выбару тэхналогіі.

У якасці альтэрнатывы фактычна разглядаецца толькі часовае захоўванне на ўжо існуючых аб’ектах. Яго адхіленне абгрунтоўваецца абмежаванай ёмістасцю і рэшткавым рэсурсам існуючых сховішчаў.

Аднак сам дакумент дапускае магчымасць падаўжэння тэрміну эксплуатацыі існуючага сховішча пасля ацэнкі яго бяспекі. Акрамя таго, стратэгія абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларусі прадугледжвае магчымасць пашырэння пляцоўкі для яго часовага захоўвання.

Эксперты звяртаюць увагу, што ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы шырока выкарыстоўваецца павярхоўнае часовае сухое кантэйнернае захоўванне адпрацаванага ядзернага паліва на тэрмін 50–100 гадоў. На іх думку, гэты варыянт павінен быў быць паўнавартасна параўнаны з прапанаваным праектам паводле ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і радыяцыйных рызык.

Пры гэтым у дакументацыі не разглядаюцца паўнавартасныя альтэрнатывы цэментаванню і спальванню. Эксперты таксама адзначаюць адсутнасць належнага аналізу так званай нулявой альтэрнатывы — поўнай адмовы ад рэалізацыі праекта.

Што прапануюць эксперты

Аўтары экспертнага каментару лічаць, што прадстаўленую дакументацыю неабходна істотна перапрацаваць.

У першую чаргу трэба дакладна вызначыць, што менавіта плануецца будаваць і якія аперацыі будуць адбывацца на аб’екце. Таксама неабходна ацаніць не асобны этап, а ўвесь ланцужок абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам.

Эксперты прапануюць паўнавартасна разгледзець сучасныя альтэрнатывы, у тым ліку сухое часовае захоўванне, і параўнаць іх рызыкі з прапанаванымі рашэннямі.

Акрамя таго, неабходна дапрацаваць разлікі выкідаў у атмасферу, ацэнку ўздзеяння на грунты і грунтавыя воды, характарыстыкі радыеактыўных адходаў, тэрміны службы інжынерных бар’ераў і механізмы міграцыі радыенуклідаў.

Прасцей кажучы, эксперты не сцвярджаюць, што аб’ект абавязкова прывядзе да радыяцыйнай аварыі. Іх выснова іншая: прадстаўленая дакументацыя не дае магчымасці абгрунтавана ацаніць, ці будуць радыеактыўныя адходы надзейна ізаляваныя на ўвесь неабходны тэрмін. А для аб’екта, небяспека якога можа захоўвацца сотні, тысячы і нават мільёны гадоў, такой невызначанасці недастаткова.