Яшчэ 15 чалавек «памілавалі». Хронікі рэпрэсій 24 верасня

 Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 15 чалавек, 13 з якіх былі асуджаныя за злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці». Тым часам палітвязень Алесь Здаравеннаў сустрэў 47-годдзе ў ШІЗА, а з аўкцыёну не ўдалося прадаць арыштаваныя аўтамабіль і ікону ксяндза Генрыха Акалатовіча. 

1_1097_1.png

Лукашэнка падпісаў указ аб «памілаванні» 15 чалавек

Сярод «памілаваных »— 13 чалавек, асуджаных за злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасці». Большасць «памілаваных» — жанчыны, іх 10. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

Імёны «памілаваных »пакуль не называюцца. Таксама невядома, ці гэта людзі, якія адбывалі пакаранне ў калоніях, ці тыя, хто меў абмежаванне волі.

Палітвязень Алесь Здаравеннаў сустрэў 47-годдзе ў ШІЗА

У снежні 2025 года 47-гадоваму палітзняволенаму актывісту з Рэчыцы Аляксандру (Алесю) Здаравеннаву прызначылі дзесяць гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Палітвязень адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.

Па інфармацыі «Вясны», 12 верасня Алесь сустрэў свой дзень народзінаў у ШІЗА, дзе знаходзіцца да гэтага часу. У мінулым годзе ён таксама адзначаў дзень народзінаў у штрафным ізалятары.Нагадаем, актывіста затрымалі напрыканцы сакавіка на мяжы з Літвой. Спачатку ў ягоным тэлефоне знайшлі «экстрэмізм» і асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП на адміністрацыйны арышт. Пасля Алесь апынуўся ў СІЗА па абвінавачанні паводле палітычна матываванага крымінальнага артыкула.

Праз некалькі дзён у Мінску затрымалі брата Алеся — Вадзіма. Першапачаткова яму інкрымінавалі «абразу Лукашэнкі».

У 2020–2021 гадах Алеся двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах і вывешванне сцяга ў двары прыватнага дома. Пасля 2021 года ён некалькі разоў выязджаў у Літву і Польшчу.

Аўтамабіль і ікону ксяндза Генрыха Акалатовіча не ўдалося прадаць

Чарговыя аўкцыёны па продажы арыштаванай маёмасці ксяндза Генрыха Акалатовіча не адбыліся праз адсутнасць удзельнікаў. Пакупнікоў не знайшлося ні на Volkswagen Transporter 2007 года з пачатковай цаной 16 860 рублёў, ні на ікону XVIII стагоддзя «Уваскрасенне Хрыста з грабніцы», якую пасля папярэдняй няўдалай спробы продажу прапаноўвалі ўжо за 2400 рублёў, паведамляе Хрысціянская Візія.

Цяпер пляцоўка «БелЮрАбеспячэнне» прапануе спагнанніку пакінуць непрададзеную маёмасць сабе ў кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці.

Раней улады таксама выстаўлялі на аўкцыён іншыя аўтамабілі, абразы і зямельны ўчастак Акалатовіча.

Ксёндз быў асуджаны на 11 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве». У лістападзе 2025 года яго вызвалілі пасля «памілавання», пасля чаго ён выехаў у Рым.

Мінінфарм абнавіў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У абноўлены «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў Instagram-акаўнт mikita_suzuki. Рашэнне аб прызнанні яго «экстрэмісцкім» прыняў суд Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці 23 верасня 2026 года.

Таксама ў спіс дадалі старонкі @ivan447331 і @yauheniharkauchuk у Threads і Instagram-супольнасць Pavetra.