Новая форма пераследу студэнтаў ЕГУ. Хронікі рэпрэсій 25 верасня

 У Беларусі працягваецца пераслед людзей, звязаных з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, выкарыстанне артыкула аб «грубым парушэнні грамадскага парадку» ў новых справах, а таксама пераслед за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Сярод апошніх выпадкаў — 13 гадоў калоніі для 27-гадовага выпускніка лётнага вучылішча, новыя прысуды паводле арт. 361-4 КК і папаўненне «спісу экстрэмістаў». Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Студэнтаў ЕГУ ў Беларусі пачалі абмяжоўваць у выездзе

Паводле крыніцаў «Белсату», супраць студэнтаў «экстрэмісцкага» ўніверсітэту, якія знаходзяцца ў Беларусі, пачалі ўжываць яшчэ адну форму абмежаванняў — іх адпускаюць пад падпіску аб нявыездзе. «Белсату» вядома пра некалькі такіх выпадкаў, але наколькі масавай з’яўляецца гэтая практыка, пакуль ацаніць цяжка. 

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе як незалежны прыватны ўніверсітэт. У 2004 годзе яго пазбавілі ліцэнзіі, а з 2005 года ўніверсітэт працуе ў Вільні. 14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі забараніў дзейнасць ЕГУ і прызнаў яго «экстрэмісцкай арганізацыяй».

З 2 да 4 чэрвеня сілавікі правялі па ўсёй краіне скаардынаваную серыю ператрусаў і допытаў у людзей, звязаных з ЕГУ, а таксама іх сем’яў. Паводле праваабаронцаў, да жніўня было вядома пра 175 пацярпелых ад ператрусаў і допытаў у гэтай справе. Следчыя, паводле праваабарончых арганізацый, пагражалі людзям абвінавачаннямі паводле артыкулаў аб «экстрэмізме», у тым ліку за плацяжы за навучанне ва ўніверсітэце, зробленыя яшчэ з 2016 года.

У ЕГУ паведамлялі, што пасля атрымання «экстрэмісцкага» статусу за месяц страцілі каля 100 студэнтаў. Большасць з іх вучылася завочна з Беларусі, але ўніверсітэт пакінулі таксама 10 студэнтаў, якія жылі ў Літве.

27-гадовага авіятара асудзілі на 13 гадоў калоніі

Мінскі гарадскі суд 1 верасня 2026 года асудзіў 27-гадовага Святаслава Падвашэцкага да 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркотыкаў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Акрамя зняволення, суд прызначыў яму штраф у памеры 500 базавых велічыняў, паведамляе «Вясна».

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Таму ў адкрытым доступе няма падрабязнасцяў абвінавачання і доказаў, на падставе якіх суд вынес прысуд: два гады пазбаўлення волі паводле арт. 328 і 12 гадоў — паводле арт. 356.

Святаслаў цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску. Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы і абскарджваецца.

Мужчына нарадзіўся 15 верасня 1998 года. Ён скончыў лётнае вучылішча ва Украіне, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь і праходзіў стажыроўку ў «Белавія». Яго бацька таксама быў пілотам.

Святаслаў працягваў падтрымліваць сувязь з былымі аднакурснікамі. Частка з іх пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне далучылася да Узброеных сіл Украіны. Менавіта перапіска з гэтымі людзьмі магла стаць адной з падставаў для пераследу.

Незадоўга да затрымання мужчына даслаў знаёмаму фатаграфію самалёта, на якім праходзіў стажыроўку, і напісаў, што будзе на ім лётаць. 10 чэрвеня 2025 года яго затрымалі.

Трох беларусаў судзяць паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў

Мінскі абласны суд напрыканцы верасня пачаў разглядаць справу Генрыха Агеева, Юрыя Васілеўскага і Івана Балашэнкі. Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», іх судзяць паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «акт тэрарызму» і «здрада дзяржаве».

Вядома, што Генрыха Агеева затрымалі больш за паўтара года таму ў акупаваным Расіяй Крыме. Паводле праваабаронцаў, там яго збівалі і катавалі. Пазней мужчыну перавезлі ў Беларусь і змясцілі ў СІЗА КДБ.

Юрыя Васілеўскага затрымалі каля года таму пры невядомых абставінах. Пра Івана Балашэнку праваабаронцам раней не было вядома.

Падрабязнасці справы пакуль невядомыя.

Артыкул 342 працягваюць выкарыстоўваць у новых справах

59-гадовую мінчанку Аксану Марыніну ўключылі ў дзяржаўны пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», звярнула ўвагу Віцебская Вясна.

Паводле інфармацыі на сайце МУС, суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч. 1 арт. 368 КК — за абразу Аляксандра Лукашэнкі — і ч. 1 арт. 342 КК — за ўдзел у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Судовы прысуд і дакладнае пакаранне ў адкрытым доступе пакуль не вядомыя; паводле наяўнай інфармацыі, Марыніна атрымала абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Асобна звяртае на сябе ўвагу выкарыстанне арт. 342 КК, які беларускія ўлады шырока ўжывалі ў справах удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае, што нягледзячы на заканчэнне тэрміну даўнасці па справах аб такіх дзеяннях, у 2026 годзе арт. 342 працягваюць выкарыстоўваць у новых пераследах. Па стане на 10 верасня ў «спіс экстрэмістаў» паводле гэтага артыкула дадалі 30 чалавек. У 27 з іх арт. 342 спалучаўся з іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса. У пяці выпадках разам з ім фігураваў арт. 368 — абраза Лукашэнкі. «Вясна»

Аксана Марыніна мае вышэйшую педагагічную адукацыю — скончыла БДПУ імя М. Танка — і ўсё жыццё працавала ў дашкольных установах. Апошнім вядомым месцам яе працы ў 2024 годзе быў мінскі дзіцячы садок № 472.

У Брэсце мужчыну асудзілі на тры гады за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Брэсцкім абласным судзе 18 жніўня 42-гадовага Віталя Галавача асудзілі да трох гадоў калоніі, піша «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна абвінавацілі Галавача, невядома.

Віталя затрымалі 27 студзеня 2026 года. Да суда ён правёў сем месяцаў у следчым ізалятары. Мужчына падаў апеляцыйную скаргу і цяпер утрымліваецца ў СІЗА ў чаканні яе разгляду ў Вярхоўным судзе.

Паводле інфармацыі «Вясны», у Беларусі паводле арт. 361-4 КК ужо асудзілі 1108 чалавек. 

Жыхарку Гомеля асудзілі ў справе «Беларускага Гаюна»

54-гадовую жыхарку Гомеля Ганну Муху прызналі вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Прысуд вынес суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Дакладнае пакаранне пакуль высвятляецца, але вядома, што яно не звязанае са зняволеннем. Паводле папярэдняй інфармацыі, жанчыне маглі прызначыць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, піша Гомельская Вясна.

Пакуль таксама няма поўнай інфармацыі пра тое, у чым менавіта абвінавацілі Муху.

Праваабаронцы адзначаюць, што апошнія паўтара года беларускія ўлады выкарыстоўваюць арт. 361-4 у справах людзей, якіх пераследуюць за перадачу інфармацыі маніторынгаваму Telegram-каналу «Беларускі Гаюн». Канал адсочваў перамяшчэнні і дзеянні расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі перад і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Супрацоўніка МТБанка асудзілі за «распальванне варожасці»

50-гадовага мінчука Аляксандра Семіглазава асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — «распальванне іншай сацыяльнай варожасці». Прысуд вынес Мінскі гарадскі суд, паведамляе "Наша Ніва".

Дакладнае пакаранне і месца знаходжання мужчыны пакуль невядомыя. 18 верасня 2026 года Семіглазава ўнеслі ў дзяржаўны пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». 

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 13 чалавек

25 верасня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ 13 прозвішчаў. Цяпер у пераліку 6930 чалавек.

Сярод новых фігурантаў — палітзняволеныя Дзмітрый Корсакаў і Таццяна Корсакава. Іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі». Дзмітрыю прысудзілі 14 гадоў зняволення, Таццяне — 12 гадоў, а таксама кожнаму прызначылі штраф у памеры 50 тысяч рублёў.

У спісе таксама з’явілася іх дачка Пелагея Корсакава.

Участак ксяндза Генрыха Акалатовіча выставілі на продаж ужо ў шосты раз

Сярод маёмасці, арыштаванай у ксяндза Генрыха Акалатовіча і выстаўленай на продаж, — зямельны ўчастак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Яго плошча — 0,12 га, пачатковая цана — 6600 рублёў.

Таргі па гэтым участку аб’яўляліся некалькі разоў, але пакупнікоў не знайшлося. У кастрычніку ўлады зноў абвясцілі аўкцыён з той жа пачатковай цаной, заўважыла «Хрысціянская Візія». Аднак мясцовыя жыхары адгаворваюць ахвотных ад пакупкі, кажучы: «Гэта грэх — браць чужое».

Гэта працяг гісторыі з маёмасцю ксяндза Генрыха Акалатовіча. Пасля яго вызвалення і выезду з Беларусі ўлады працягнулі канфіскацыю ягонай маёмасці паводле рашэння суда — у лік маёмасці, якую спрабуюць прадаць, трапіў і гэты зямельны ўчастак.