Пяць беларусаў завочна асудзілі на 12 і 20 гадоў. Хронікі рэпрэсій 28 верасня

 Беларускія ўлады працягваюць завочна судзіць людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны. Пяці беларусам, звязаным з палком імя Кастуся Каліноўскага, прызначылі ад 12 да 20 гадоў калоніі. Яшчэ аднаго беларуса завочна асудзілі на пяць гадоў за выказванні ў інтэрнэце. МУС тым часам папярэджвае карыстальнікаў Threads пра магчымую крымінальную адказнасць, а ў Мінску спынілі культурна-асветніцкі праект.

1_1097_1.png

Пяць беларускіх добраахвотнікаў завочна асудзілі на 12 і 20 гадоў

Мінскі гарадскі суд 14 верасня завочна вынес прысуд пяці беларусам, звязаным з полкам імя Кастуся Каліноўскага. Юрыя Макітава асудзілі на 20 гадоў калоніі, Крысціну Станкевіч, Міхаіла Чупрынскага, Мікалая Бойку і былую палітзняволеную Наталлю Нікіціну — на 12 гадоў. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Іх прызналі вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх удзел у «злачыннай» і «тэрарыстычнай» арганізацыях, «змова з мэтай захопу ўлады», удзел у «экстрэмісцкім фармаванні», удзел беларусаў за мяжой ва ўзброеных фармаваннях, садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» і праходжанне адпаведнай падрыхтоўкі.

У траўні 2026 года Следчы камітэт пачаў у дачыненні да пяці чалавек спецыяльную вытворчасць. Гэта працэдура дазваляе расследаваць і разглядаць крымінальную справу без фізічнай прысутнасці абвінавачанага ў Беларусі. У чэрвені расследаванне скончылі, а 20 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс.

Усе пяцёра цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі. Праваабаронцы звязваюць іх з палком імя Кастуся Каліноўскага — беларускім добраахвотніцкім падраздзяленнем, створаным пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Юрый Макітаў, 31 год, атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі і штраф 500 базавых велічыняў — 22 500 рублёў. Першыя пяць гадоў па прысудзе ён павінен быў бы адбываць у турме, астатні тэрмін — у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Міхаіл Чупрынскі, 41 год, асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў. У прысудзе таксама пазначана, што ён меў вайсковае званне «лейтэнант запасу», якога яго пазбавілі.

Крысціна Станкевіч, 28 гадоў, афіцыйная прадстаўніца палка Каліноўскага, атрымала 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў.

Мікалай Бойка, 37 гадоў, асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 1500 базавых велічыняў — 67 500 рублёў.

Наталля Нікіціна, 56 гадоў, былая палітзняволеная, лекарка і псіхатэрапеўтка, таксама атрымала 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў — 45 тысяч рублёў.

Нікіціну ўжо затрымлівалі ў 2021 годзе. Тады яе абвінавацілі ў сувязі з каментарамі ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. У 2022 годзе яе асудзілі на адзін год і 10 месяцаў пазбаўлення волі і штраф. Цяпер яна атрымала новы прысуд — ужо паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Мінчука завочна асудзілі на пяць гадоў за выказванні ў інтэрнэце

Мінскі гарадскі суд 23 верасня завочна асудзіў 41-гадовага Арцёма Літвінко на пяць гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Мужчына знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Літвінко прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 — «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», ч. 3 арт. 361 — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, з выкарыстаннем інтэрнэту, ч. 1 арт. 368 — «абраза Лукашэнкі», і арт. 369 — «абраза прадстаўніка ўлады», паведамляе «Вясна».

Суд прызначыў яму пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 9000 рублёў.

Пры гэтым невядома, якія менавіта публікацыі або выказванні сталі падставай для абвінавачання паводле гэтых артыкулаў.

Спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Літвінко пачалі 25 чэрвеня 2026 года.

Паводле «Вясны», праваабаронцам вядома ўжо пра 229 чалавек, якіх завочна асудзілі па палітычных матывах.

МУС прыгразіла карыстальнікам Threads крымінальнай адказнасцю

Прадстаўніца МУС Наталля Сахарчук заявіла, што карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Threads ужо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за публікацыі. Паводле яе, у некаторых выпадках за допісы ў Threads можа пагражаць і крымінальная адказнасць. На гэта звярнула ўвагу «Радыё Свабода».

Сахарчук таксама заявіла, што супрацоўнікі міліцыі «24 на 7» манітораць інтэрнэт-прастору і адсочваюць публікацыі ў сацыяльных сетках.

«Варта думаць галавой, што вы размяшчаеце ў любой з сацыяльных сетак, таму што наступствы не прымусяць чакаць», — заявіла прадстаўніца МУС.

Threads у апошні час стала адной з прыкметных сацыяльных сетак для беларускай аўдыторыі. Паводле «Радыё Свабода», у пачатку 2026 года ёю карысталіся больш за паўмільёна беларусаў.

У Мінску забаранілі яшчэ адзін культурна-асветніцкі праект

Беларускі пісьменнік і мастак Сяргей Філіпаў, які цягам апошняга года курыраваў асветніцкі праект у Мінску, больш не можа праводзіць творчыя сустрэчы і лекцыі. Пра гэта паведамляе Reform.news.

За апошні год у межах праекта прайшло каля 20 імпрэзаў на шасці пляцоўках, у тым ліку ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. У сустрэчах удзельнічалі беларускія дзеячы культуры і краязнаўцы.

Сяргей Філіпаў — аўтар кніг і публікацый пра гісторыю Мінска, гарадскі быт і нефармальныя субкультуры 1970–1980-х гадоў. Таксама ён вядомы як адзін з піянераў рэкламнай справы ў Беларусі.

Прычыны, з якіх Філіпаў больш не можа праводзіць гэтыя мерапрыемствы, у паведамленні не ўдакладняюцца.