Літва рыхтуецца адбіваць напад з боку Беларусі
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін заявіў, што ў краінах Балтыі парушаюцца правы рускамоўных. На гэтым фоне ў Літве пачаліся вучэнні, якія прадугледжваюць сценарыі патэнцыйнага ваеннага ўварвання з боку Беларусі. А ў ЗША патрабуюць ад Трампа адклікаць запрашэнне Пуціну на G20. Ідуць 1676-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 205 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 верасня.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 11 атак каля населеных пунктаў Ліман, Сінельнікава, Вільча, Чайкаўка і ў бок Кудзіеўкі, Ізбіцкага, Захараўкі, Малога Бурлука, Путнігава.
На Канстанцінаўскім і Пакроўскім кірунках зафіксавана па 21 атацы на кожным.
На Гуляйпільскім і Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунках расіяне атакавалі па сем разоў на кожным.
* * *
У ноч на 26 верасня Расія атакавала Украіну 173 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (больш за 50 з іх - рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 134 БпЛА.
Расійскія войскі ў ноч на 26 верасня атакавалі Кіеў беспілотнікамі, у выніку чатыры чалавекі атрымалі раненні.
Расіяне атакавалі Кіеўскі і Салтаўскі раёны ў Харкаве, па папярэдніх даных, пацярпелі чатыры чалавекі.
Расіяне ў ноч на 26 верасня атакавалі Запарожжа дронамі. Беспілотнік ударыў па прыватным доме ў адным з раёнаў горада, загінулі дзве жанчыны, 4-гадовы хлопчык і 45-гадовы мужчына атрымалі раненні.
* * *
* * *
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі заявіў, што Расія ведае аб парушэннях правоў рускамоўных у краінах Балтыі.
«Мы ведаем, што там, у прыбалтыйскіх краінах, парушаюцца правы рускамоўнага насельніцтва. Але мы ўжо ведаем, як рэагаваць, і мы выпрацавалі пэўны падыход да гэтага. Мы рэагуем у гуманітарным плане, у плане міжнароднага права», — сказаў расійскі лідар.
Ён таксама заявы краін ЕС аб пагрозе з боку Расіі мэтанакіраваным раздуваннем і правакацыяй: «Я хачу яшчэ раз падкрэсліць: мы не рыхтуемся да якіх-небудзь баявых дзеянняў з Еўропай. У нас няма такіх планаў і няма падстаў, што самае галоўнае. Няма ніякіх рэальных матываў для абвастрэння сітуацыі з Еўропай».
На яго думку, улады ЕС наўмысна падманваюць еўрапейцаў, каб «выкарыстоўваць украінцаў у якасці гарматнага мяса».
* * *
У Літве пачаліся штогадовыя мабілізацыйныя вучэнні «Купал Віціса 2026». Іх мэта — праверыць гатоўнасць краіны рэагаваць на пагаршэнне сітуацыі з бяспекай і пераходзіць да рэжыму мабілізацыі ва ўмовах вайны, паведамляе LRT.
Вучэнні працягнуцца да 3 кастрычніка. У іх прымуць удзел каля 3000 прадстаўнікоў органаў улады, дзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў і няўрадавых арганізацый, а таксама каля 1000 валанцёраў.
Вучэнні прадугледжваюць эвакуацыю жыхароў Вільнюса і муніцыпалітэтаў каля беларускай мяжы па сценарыі патэнцыйнага ваеннага ўварвання з боку Беларусі.
Ужо 29 верасня ўлады правераць сістэмы абвяшчэння насельніцтва, у тым ліку сірэны, экстранныя паведамленні, якія адпраўляюцца на мабільныя тэлефоны, а таксама прыкладанне LT72, каб праверыць гатоўнасць да надзвычайных сітуацый.
* * *
Міністры абароны краін ЕС 28 верасня ў Бруселі абмяркуюць спосабы паскорыць пастаўкі Украіне ракет-перахопнікаў для сістэм Patriot, піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС, абазнаных аб падрыхтоўцы сустрэчы.
Частка ракет для Patriot Украіна павінна атрымаць ад ЗША праз механізм PURL. Іншы варыянт прадугледжвае, што дзяржавы ЕС могуць саступіць Украіне свае заказы ў амерыканскага вытворцы Lockheed Martin. Пытанне амяркуюць на пасяджэнні Савета ЕС на ўзроўні міністраў абароны. Афіцыйны парадак дня сустрэчы прадугледжвае абмеркаванне ваеннай падтрымкі Украіны і, у прыватнасці, супрацьпаветранай абароны.
Іншая крыніца ў еўраінстытуцыях паведаміла, што разглядаецца таксама схема з перадачай Украіне ўжо наяўных у пэўнай дзяржавы перахопнікаў. Узамен Украіна можа выкарыстоўваць сродкі з крэдыту ЕС на 90 млрд еўра для замовы такой жа колькасці ракет для гэтай краіны ў ЗША. Па дадзеных выдання, сярод магчымых краін-удзельніц такога механізму разглядаюць Іспанію і Грэцыю.
* * *
Група з 14 сенатараў ад абедзвюх партый заклікала прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адмяніць запрашэнне дыктатару РФ Уладзіміру Пуціну на саміт G20 у Маямі ў снежні, піша The Washington Post.
«Пуцін нясе аднаасобную адказнасць за развязванне Расіяй поўнамаштабнай агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Дазвол яму ўдзельнічаць у саміце G20 у ЗША выклікае сур'ёзныя асцярогі з нагоды легітымацыі і нармалізацыі дзейнасці ўрада, які працягвае штодня абстрэльваць грамадзянскія аб'екты Украіны», — напісалі сенатары ў лісце.
Яны адзначылі, што Пуцін, кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў і іншыя члены расійскай дэлегацыі знаходзяцца пад санкцыямі ЗША за ўдзел у дзеяннях, якія лічацца пагрозай нацбяспецы. Заканадаўцы лічаць, што ў Пуціна можа быць мала стымулаў згаджацца на спыненне агню, калі ён не будзе ізаляваны ад міжнароднай супольнасці.
WP дадала, што ініцыятарамі звароту да Трампа выступілі сенатары Роджэр Уікер (рэспубліканец) і Джын Шахін (дэмакрат), а таксама ліст падпісалі яшчэ шэсць іншых рэспубліканцаў і сенатараў.