«Надсанаведа» можа стаць новым кірункам у гуманістыцы

 Спадчына айца Аляксандра Надсана можа стаць асновай для асобнага міждысцыплінарнага кірунку ў гуманістыцы — надсанаведы. Гаворка ня толькі пра вывучэньне ягонай навуковай і царкоўнай дзейнасьці, але і пра дасьледаваньне беларускага мовазнаўства, культуры, рэлігіі ды ідэнтычнасьці празь ягоны інтэлектуальны досьвед. Ідэя прагучала на міжнародным моўным сымпозіюме ў Лёндане, прысьвечаным 100-годзьдзю з дня нараджэньня айца Аляксандра.

img_4156__1_.jpeg

18–19 верасьня ў Лёндане праходзіў моўны сымпозіюм, арганізаваны Беларускай бібліятэкай і музэем імя Францішка Скарыны ды Інстытутам беларускай мовы. Ён сабраў удзельнікаў і ўдзельніцаў зь Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Летувы, Польшчы, Чэхіі і Беларусі — людзей, якіх аб’ядноўвае цікавасьць да спадчыны айца Аляксандра Надсана.

Сымпозіюм прайшоў у слыннай Скарынаўцы — месцы, зь якім на працягу дзесяцігодзьдзяў была зьвязаная дзейнасьць айца Аляксандра. Тут ён ладзіў міжнародныя беларусісцкія сэмінары, канфэрэнцыі і прэзэнтацыі. Цяпер у бібліятэцы сабраліся, каб ушанаваць яго памяць і паразважаць над ягонай спадчынай. Айцец Аляксандар Надсан быў адным з заснавальнікаў бібліятэкі, кніжнікам і, паводле прафэсара Арнольда Макміліна, найвялікшым беларусістам другой паловы ХХ стагодзьдзя.

Глядзіце таксама

Зь вітальнымі словамі выступілі арганізатаркі сымпозіюму — куратарка Скарынаўкі Караліна Мацкевіч і старшыня Інстытуту беларускай мовы Сьвятлана Лясовіч. Удзельнікаў таксама прывітаў сьвятар Сяргей Стасевіч, які пасьля сьмерці айца Аляксандра Надсана ўзначаліў беларускую грэка-каталіцкую грамаду ў Лёндане.

У цэнтры ўвагі сымпозіюму — мовазнаўчая, навуковая і папулярная дзейнасьць айца Аляксандра Надсана, а таксама гісторыя і дзейнасьць самой Скарынаўкі. Дасьледнікі і дасьледніцы закранулі й сучасныя моўныя ды тоеснасныя выклікі, зь якімі сутыкаецца беларуская эміграцыя. Асобнае месца ў праграме занялі выступы, прысьвечаныя рэлігійнай тэматыцы.

img_4196__1_.jpeg

У першы дзень сымпозіюму куратарка Скарынаўкі Караліна Мацкевіч разам зь сябрам бібліятэкі Паўлам Шаўцовым правялі экскурсію па бібліятэцы. Удзельнікі наведалі бібліятэчную залю і кабінэт айца Аляксандра, а таксама экспазыцыйную залю, дзе ўпершыню была прадстаўленая адмысловая выстава, прысьвечаная ягонай спадчыне.

На выставе можна пабачыць асабістыя рэчы і дакумэнты айца Аляксандра, царкоўныя аблачэньні, газэты, камунікаты і календары, якія ён выдаваў, а таксама ягоныя кнігі й артыкулы. Экспазыцыю дапаўняюць рэдкія здымкі, газэтныя публікацыі і інтэрвію з айцом Аляксандрам.

На другі дзень, апрача акадэмічных выступаў, былі заплянаваныя вольны мікрафон і адмысловая сэкцыя ўспамінаў пра айца Аляксандра Надсана. Завершыўся сымпозіюм фальклёрнай канцэртнай праграмай «Дрэва» ў выкананьні Алесі Манькоўскай і Эвэліны Шчадрыной з удзелам гурта «Вір».

Сымпозіюм стаў часткай сэрыі акадэмічных і культурных падзеяў, прысьвечаных сёлетнім стогадовым угодкам з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана. Увесну ў Вільні адбыліся «Надсанаўскія чытаньні», а ў кастрычніку ў Варшаве на катэдры беларусістыкі працягнецца акадэмічнае ўшанаваньне памяці і спадчыны Аляксандра Надсана.

Такім чынам, сёлетнія сустрэчы могуць стаць пачаткам новага міждысцыплінарнага кірунку ў гуманістыцы — надсанаведы. Як трапна заўважыла Караліна Мацкевіч, гаворка можа ісьці пра фармаваньне асобнага поля дасьледаваньняў, у цэнтры якога будуць постаць, спадчына і інтэлектуальная дзейнасьць айца Аляксандра Надсана.