Уладзімір Зяленскі: адзіная сапраўдная перамога цяпер — гэта спыніць вайну
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што на цяперашнім этапе вайны немагчыма зрабіць так, каб у ёй выйгралі і Расія, і Украіна. І адрэагаваў на словы Джарэда Кушнера пра тое, што калі б Украіна здала Расіі Данбас, вайна б спынілася. Пуціну патрэбная ўся Украіна, лічыць украінскі лідар. Ідуць 1666-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 278 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 атакі ў раёнах Біліцкага, Сяргееўкі, Удачнага і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Сафіеўкі, Прытулку, Кучарава Яру, Вольнага, Новага Шаховага, Стэпаў, Ганнаўкі, Новага Данбаса, Дабраполля, Вадзянскага, Чырвонападдолля, Навафедараўкі і Васільеўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі і Іллінаўўкі, у кірунках Асікава, Мікалаеўкі, Наварыгораўкі і Доўгай Балкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 17 атак у раёнах Лімана, Прыліпак, Старыцы і Ізбіцкага, а таксама ў кірунках Малой Воўчай і Валахоўкі.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 10 спробаў прасунуцца ў раёне Горкага, а таксама ў кірунках Касаўцава, Раждзянкі і Чароўнага.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі восем разоў, на Славянскім кірунку — сем.
* * *
Ваенная аперацыя «Вівільдзі» па вызваленні Данецкай вобласці ўжо мае першыя вынікі, заявіў Трэці армейскі корпус Украіны ў Telegram.
Ад расіян зачышчаны Навасёлаўка, Аляксандраўка, Яравая, ваколіцы Кароўяга Яру. «У агульнай колькасці ачысцілі 75 квадратных кіламетраў тэрыторыі, дэакупавалі Сярэдняе. Гэта яшчэ 10 квадратных кіламетраў. Разам гэта больш, чым плошча Жытоміра і амаль як Чарнігаў», — адзначылі ваенныя.
Корпус таксама перарэзаў лагістыку арміі РФ настолькі эфектыўна, што расіяне былі вымушаны выносіць крытычна важныя ланцугі паставак далей у тыл — пад Варонеж, на тэрыторыю Расіі.
У той жа час корпус працягвае ўтрымліваць абарону ў сваёй паласе адказнасці. Траса «Харкаў — Славянск» застаецца пад кантролем Сіл абароны Украіны.
Ваенныя адзначаюць, што аперацыя праводзіцца «ў рэжыме цішыні» і просяць не распаўсюджваць неафіцыйную інфармацыю аб дзеяннях УСУ.
* * *
У ноч на 16 верасня Расія атакавала Украіну 80 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 63 БпЛА.
У ноч на 16 верасня расійскія войскі атакавалі Кіеў рэактыўнымі беспілотнікамі, у выніку ў Святошынскім раёне ўзнік пажар у складскім будынку. Пацярпеў адзін чалавек.
* * *
* * *
У Крамлі «ў цэлым пазітыўна» ацанілі прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб энергетычным перамір'і. Прэс-сакратар расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Масква лічыць гэта добрай ідэяй, перадае ТАСС.
Пры гэтым прадстаўнік Крамля заявіў, што спыненне ўдараў па расійскіх НПЗ і павелічэнне вытворчасці нафтапрадуктаў само па сабе не вырашыць праблемы сусветнага рынку, паколькі «энергетычнае перамір'е» дазволіць РФ толькі «забяспечыць унутраны рынак».
У Крамлі лічаць, што для павелічэння паставак неабходна забяспечыць бяспечнае суднаходства нафтавых суднаў і адмяніць санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да паставак энергарэсурсаў. Па словах Пяскова, толькі пасля гэтага сусветныя рынкі змогуць атрымаць дадатковыя аб'ёмы нафтапрадуктаў, а цэны могуць знізіцца.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CBS News заявіў, што Украіна гатовая прытрымлівацца «энергетычнага перамір'я» паміж Украінай і Расіяй, пра якое заявіў Трамп. «Мы гатовыя да энергетычнага перамір'я, але вы павінны разумець, што гэта для нас азначае», — сказаў Зяленскі.
Ён звярнуў увагу, што напады на энергааб'екты маюць рознае значэнне для кожнага з бакоў. «Для Пуціна энергетычная інфраструктура – гэта продаж нафты і газу. Для Украіны энергетыка – гэта мець электраэнергію ў дамах нашых грамадзян», — падкрэсліў ён.
* * *
У вайне Расіі супраць Украіны больш не можа быць перамогі для абедзвюх бакоў — толькі спыненне баявых дзеянняў дзеля захавання чалавечых жыццяў, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CBS News.
Ён адзначыў, што мэта Пуціна — захапіць не Данбас, а ўсю Украіну. Так ён намякнуў на словыперамоўшчыка ЗША Джарэда Кушнера пра тое, што, калі б Украіна аддала Расіі Данбас, вайна б скончылася.
«У яго (Пуціна — Рэд.) самая вялікая тэрыторыя ў свеце, і яму патрэбныя нейкія кіламетры? Вось чаму гэта вельмі дзіўна, калі некаторыя партнёры кажуць: яму патрэбная толькі гэтая частка Украіны, вось гэтыя кіламетры і ўсё», — адзначыў Зяленскі.
Па яго словах, гэта «вар'яцкая ідэя» — Пуціну патрэбныя не кіламетры, а ўся Украіна як частка Расіі. Мэта Крамля значна шырэйшая, чым атрыманне асобнага ўчастка зямлі — размова ідзе пра поўнае падпарадкаванне краіны.
Зяленскі таксама пракаментаваў ідэю аб рашэнні, выгадным адразу і Расіі, і Украіне. «Між намі кажучы, у гэтай вайне не можа быць win-win. З-за столькіх чалавечых страт яна перастала быць пераможнай для абодвух яшчэ ў першы дзень», — заявіў Зяленскі.
Па яго словах, адзіная сапраўдная перамога цяпер — гэта проста спыніць вайну дзеля захавання чалавечых жыццяў, а не шукаць формулу, аднолькава выгадную абедзвюм бакам.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна і ЗША знаходзяцца ў пастаянным дыялогу і працягваюць перамовы. Але амерыканскі бок прасіў не раскрываць дэталі ў медыя, пакуль працягваецца прапрацоўка агучаных ідэй. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка да сустрэчы Уладзіміра Зяленскага з Дональдам Трампам у Нью-Ёрку, якая запланавана на канец верасня.
* * *
Расія не здольная дасягнуць мэт, якія ставіла перад сабой на вяснова-летнюю кампанію, а за спробу прасунуцца плаціць шалёнымі стратамі, заявіў у інтэрв'ю РБК-Украіна экс-дырэктар ЦРУ ЗША Дэвід Петрэус.
Па словах Петрэуса, нягледзячы на заявы кіраўніка Крамля пра нібыта значны прагрэс на фронце, рэальная карціна зусім іншая. «Я лічу, што на фронце ініцыятыва належыць Украіне, бо Расія не здольная дасягнуць таго, да чаго імкнулася. Нягледзячы на сцвярджэнне Уладзіміра Пуціна, што яны дасягаюць значнага прагрэсу, гэта проста не адпавядае рэчаіснасці», — адзначыў экс-дырэктар ЦРУ.
«Яны нават яшчэ не дайшлі да ўмацаваных гарадоў, а толькі знаходзяцца на подступах да іх», — падкрэсліў Петрэус.
Петрэус звярнуў увагу на маштаб страт, якія нясе расійская армія кожны дзень.
«Украіна наносіць расіянам надзвычайныя страты. Больш за тысячу забітых і параненых у дзень — для мяне гэта, шчыра кажучы, проста немысліма», — сказаў ён.
Дэвід Петрэус адзначыў, што ў свой час ён займаў пяць камандных пасад у званні генерала, у тым ліку ў Іраку, Афганістане і Цэнтральным камандаванні. Па яго словах, нават такі вопыт не дазваляе яму спасцігнуць маштабы цяперашніх расійскіх страт.