Новыя абмежаванні ў СІЗА КДБ, пяць артыкулаў для былой чыноўніцы і новыя «экстрэмісцкія» спісы. Хронікі рэпрэсій 18 верасня

 У Беларусі працягваецца палітычны пераслед і пашыраюцца абмежаванні для людзей, якія трапілі пад увагу сілавікоў. У СІЗА КДБ увялі новыя правілы ўнутранага распарадку, якія, паводле юрысткі «Вясны», дыскрымінуюць жанчын і ўзмацняюць ізаляцыю зняволеных. У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек, сярод іх былога падпалкоўніка КДБ.

1_1097_1.png

Новыя правілы ў СІЗА КДБ абмяжоўваюць правы жанчын і людзей у карцары

У верасні набылі моц новыя правілы ўнутранага распарадку ў СІЗА КДБ. Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва выявіла ў іх нормы, якія, на яе ацэнку, маюць прыкметы гендарнай дыскрымінацыі і ўзмацняюць ізаляцыю зняволеных.

Сярод новаўвядзенняў — абмежаванне выдачы жанчынам прыладаў для галення і норма ў 10 гігіенічных пракладак на месяц. Паводле юрысткі, гэтыя палажэнні не ўлічваюць спецыфічных патрэбаў жанчын і могуць парушаць прынцып недыскрымінацыі.

Новыя правілы таксама афіцыйна замацоўваюць абмежаванні для людзей, змешчаных у карцар. Яны тычацца перапіскі, атрымання пасылак і спатканняў. Паводле Галаўнёвай, гэта можа ствараць умовы для ўтрымання чалавека ў рэжыме інкамунікада і перашкаджаць рэалізацыі права на абарону.

Акрамя таго, з правілаў выключылі норму пра вызваленне ад шпацыраў паводле медычных паказанняў і палажэнне пра візуальны нагляд супрацоўнікаў СІЗА за сустрэчамі з адвакатамі.

Разам з тым цяжарным жанчынам і жанчынам з дзецьмі прадугледзелі больш часу на шпацыр. Начальніцтва СІЗА таксама абавязалі неадкладна паведамляць пра цяжкую хваробу або смерць зняволенага яго законным прадстаўнікам, органу, які вядзе крымінальны працэс, і пракурору.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек

18 верасня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 6917 чалавек.

Сярод новых прозвішчаў — палітвязень, былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч. У 2022 годзе яго асудзілі на 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў паводле ч. 2 арт. 356 КК — за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае адказнае становішча.

У спіс таксама трапіла 56-гадовая Галіна Усцюгава. Мінскі гарадскі суд прызнаў яе вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: чч. 1 і 2 арт. 361-4, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 130, арт. 369-1 і ч. 3 арт. 361. На сайце МУС пазначана, што яна ўжо адбывае пакаранне.

Паводле звестак МУС, месцам нараджэння Усцюгавай з'яўляюцца Бешанковічы. Мясцовая раённая газета «Зара» раней неаднаразова згадвала яе. У 2019 годзе выданне пісала пра яе 50-гадовы юбілей: на той момант Усцюгава шэсць гадоў працавала начальніцай аддзела землеўпарадкавання Бешанковіцкага райвыканкама, і яе асабіста віншавала раённая ўлада, заўважыла Віцебская Вясна.

У публікацыях за 2025 год Усцюгаву згадвалі ўжо як супрацоўніцу раённага аддзела статыстыкі — спецыялістку па правядзенні абследаванняў. Раней яна была дэпутаткай Бешанковіцкага райсавета, дзе займалася пытаннямі аграпрамысловага комплексу і экалогіі. У 2000-я гады ўзначальвала Ульскі сельсавет.

Намесніка дырэктара будаўнічага каледжа з Мазыра маглі асудзіць у «справе Гаюна»

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 53-гадоваму жыхару Мазыра Васілю Купрацэвічу. Яго прызналі вінаватым паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле «Гомельскай Вясны», дакладны прысуд пакуль высвятляецца. Вядома толькі, што ён не звязаны з пазбаўленнем волі. Верагодна, Купрацэвічу прызначылі абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Купрацэвіч працуе намеснікам дырэктара па навучальна-вытворчай працы Мазырскага каледжа будаўнікоў. Станам на 18 верасня яго імя яшчэ было пазначана на сайце ўстановы.

Праваабаронцы мяркуюць, што справа можа быць звязаная з «Гаюном», аднак дакладнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»: TikTok і Telegram

Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Экстрэмісцкімі» прызналі TikTok-акаўнты «Pulse News» і «lukashisty_pidorasy». Рашэнні аб гэтым 16 і 17 верасня прыняў суд Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

У спіс таксама трапіў Telegram-чат «Выборы 2020. Чат».