Праз шэсць гадоў працягваецца пераслед за пратэсты 2020 года. Хронікі рэпрэсій 17 верасня
У Беларусі працягваюць пераследаваць людзей за ўдзел у пратэстах 2020 года. Пад ціскам сілавікоў аказваюцца і сваякі беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. За апошнія дні таксама з’явіліся новыя прысуды і чарговыя папаўненні «экстрэмісцкіх» спісаў.

Праваабаронцы фіксуюць новыя выпадкі пераследу людзей за ўдзел у пратэстах 2020 года, хоць пяцігадовы тэрмін даўніны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў шэрагу такіх спраў ужо скончыўся.
Толькі ў першай палове 2026 года, паводле звестак на 10 верасня, у «спіс экстрэмістаў» дадалі 30 чалавек, у справах якіх фігуруе арт. 342. Толькі ў трох гэты артыкул быў адзіным. У астатніх ён спалучаўся з іншымі артыкуламі КК. Найчасцей — з арт. 361-4: ён фігуруе ў 16 выпадках.
Юрыстка «Вясны» тлумачыць, што пераслед можа працягвацца, калі да ўдзелу ў пратэстах дадаюць іншыя дзеянні, якія ўлады кваліфікуюць як злачынствы. У такім выпадку тэрмін даўніны можа пачынацца нанова.
Але пераслед адбываецца не толькі праз прысуды. Паводле праваабаронцы, гэта таксама ператрусы, канфіскацыя тэлефонаў і іншай тэхнікі, пагрозы арышту маёмасці, выклікі на размовы і прымус да падпісання прызнання віны.
Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на трансгранічны пераслед. Калі чалавек ухіляецца ад следства або суда, тэрмін даўніны можа быць прыпынены. Таму для беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой і абвешчаныя ў вышук, пагроза пераследу можа захоўвацца нявызначана доўга.
КДБ цягам трох месяцаў цісьне на сям’ю дэлегата КР
Дэлегат Каардынацыйнай рады Яўген Караулаў заявіў, што супрацоўнікі КДБ цягам трох месяцаў аказваюць ціск на яго сям’ю ў Беларусі і праз родных спрабуюць выйсці з ім на сувязь.
Паводле Караулава, 25 чэрвеня яму патэлефанавалі з тэлефона бабулі. Мужчына, які прадставіўся Жэнем, распытваў яго пра вучобу, месца жыхарства, працу і паездкі, а таксама пра Каардынацыйную раду. Караулаў кажа, што пад ціскам і праз страх за сям’ю пагадзіўся на супрацоўніцтва з КДБ.
Пасля гэтага ад яго запатрабавалі код з SMS для ўваходу ў Telegram. Ён адмовіўся яго перадаваць.
28 жніўня маці Караулава затрымалі на працы. Паводле яе слоў, падчас затрымання ёй «жартам» казалі, што будуць заціскаць пальцы дзвярыма. Праз дзве гадзіны яе адпусцілі і папрасілі перадаць сыну, што з ім хочуць «проста паразмаўляць».
Мацвею Баранаву далі 5,5 года калоніі
Палітвязня Мацвея Баранава абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361, 367, 368, 361-4 і 369-1.
У 2025 годзе яму прызначылі 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У жніўні 2026 года Баранава ўнеслі ў спіс асобаў, якіх беларускія ўлады лічаць датычнымі да «тэрарыстычнай дзейнасці».
Новыя акаўнты ў «экстрэмісцкім» спісе
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У яго дадалі Instagram-акаўнты блогеркі і экс-палітзняволенай Вольгі Такарчук — «Оля Токарчук» і «stepanovna4866».
Таксама ў спіс трапілі TikTok-акаўнты «Жизнь с нуля», «Жизнь с нуля 2» і «belprogect», Threads-акаўнт «Глеб» (horiziro) і Telegram-канал «Дурніца news».