Больш за тысячу чалавек асудзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Хронікі рэпрэсій 14 верасня
Толькі за апошнія тры месяцы ў «спіс экстрэмістаў» унеслі 135 асуджаных паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса ў Беларусі. Тым часам за кратамі застаюцца 43 палітвязні пенсійнага ўзросту, а беларускага прадпрымальніка, які кіраваў віннай кампаніяй у Польшчы, асудзілі за «фінансаванне ўдзелу грамадзян у ваенных дзеяннях за межамі Беларусі».

Больш за тысячу чалавек асудзілі паводле арт. 361-4
Паводле звестак «Вясны», у Беларусі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — ужо асудзілі мінімум 1083 чалавекі, у тым ліку 252 жанчыны.
Толькі за апошнія тры месяцы ў «спіс экстрэмістаў» унеслі 135 асуджаных паводле гэтага артыкула.
Пераслед паводле арт. 361-4 выкарыстоўваюць за вельмі розныя дзеянні: інтэрв’ю незалежным медыя, перадачу інфармацыі праваабаронцам, дапамогу палітвязням, фота і відэа вайсковай тэхнікі і нават наведванне адкрытых судовых пасяджэнняў.
Асобна праваабаронцы вылучаюць «справу Гаюна». Паводле іх звестак, па ёй ужо асудзілі мінімум 231 чалавека, а 81 палітзняволены цяпер застаецца за кратамі.
За кратамі застаюцца 43 палітвязні пенсійнага ўзросту
43 палітвязні, якія ўжо дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, застаюцца ў беларускіх месцах зняволення па стане на 14 верасня.
Сярод іх 24 мужчыны і 19 жанчын. Большасці — 32 палітвязням — ужо споўнілася 60 гадоў.
Дзевяці палітвязням ужо споўнілася 70 гадоў. Гэта Міхаіл Ляпейка, Анатоль Кірэйчык, Вячаслаў Арэшка, Барыс Вітко, Аляксандр Катлянік, Ірына Мельхер, Уладзімір Целяпун, Уладзімір Міхайленка і Васіль Дземідовіч.
Многія пажылыя палітвязні маюць хранічныя захворванні і іншыя праблемы са здароўем. За кратамі яны сутыкаюцца з дадатковымі цяжкасцямі — ад праблем з перамяшчэннем і самаабслугоўваннем да абмежаванага доступу да неабходнай медыцынскай дапамогі.
Беларускага прадпрымальніка, які кіраваў віннай кампаніяй у Польшчы, асудзілі
57-гадовы Канстанцін Харытоненка атрымаў прысуд у Мінску паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса — «фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу грамадзян у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы».
Да арышту ён жыў і працаваў у Польшчы, дзе кіраваў кампаніяй, якая імпартавала грузінскае віно. Яго арыштавалі ў 2025 годзе, а справу разглядаў Мінскі гарадскі суд.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Харытоненку адправілі ў калонію. Памер прызначанага пакарання пакуль невядомы. Артыкул, паводле якога яго асудзілі, прадугледжвае ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Харытоненка нарадзіўся ў Мінску ў 1968 годзе. У 1990 годзе ён скончыў Факультэт аўтаматызаваных сістэм кіравання Мінскага вышэйшага інжынернага зенітнага ракетнага вучылішча, пасля чаго яшчэ тры гады служыў у войску.
Пазней заняўся бізнесам. З 2005 па 2014 год узначальваў мінскую кампанію «ДняпроСталь». У 2018 годзе стаў адным з заснавальнікаў і кіраўніком Geowine sp. z o.o. у Варшаве, якая займаецца імпартам грузінскіх вінаў на польскі рынак.