Пераемнік без права на памылку. Як Энвер Ходжа пазбавіўся чалавека, які павінен быў атрымаць яго ўладу
Калі аўтарытарны кіраўнік старэе, вакол яго пачынаецца нябачная барацьба за будучую ўладу. Але статус меркаванага пераемніка не заўсёды становіцца пропускам да вяршыні. Для албанскага прэм'ер-міністра Мехмета Шэху ён ператварыўся ў смяротны прысуд. Праз дзесяцігоддзі пасля яго загадкавай смерці гісторыкі ўсё яшчэ спрачаюцца, ці было гэта самагубствам, ці палітычным забойствам.

Гісторыя Мехмета Шэху — гэта класічны сюжэт пра тое, як самы верны саратнік і прызначаны пераемнік дыктатара ў адзін момант аб'яўляецца ворагам народа.
Біяграфія Шэху была амаль ідэальнай для камуністычнага функцыянера. Нарадзіўшыся ў 1913 годзе ў сям'і мусульманскага імама, ён атрымаў ваенную адукацыю ў Італіі, адкуль быў адлічаны за сімпатыі да камуністаў. З 1937 па 1939 год ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў у складзе інтэрбрыгад, а калі пачалася Другая сусветная вайна, вярнуўся ў акупаваную Албанію і стаў адным з ключавых камандзіраў партызанскай Нацыянальна-вызваленчай арміі.
Не дзіўна, што пасля вайны яго кар'ера імкліва пайшла ўгару. Шэху заняў пасаду міністра ўнутраных спраў, а з 1954 года нязменна ўзначальваў урад у якасці прэм'ер-міністра. З 1974 па 1980 год ён адначасова кіраваў Міністэрствам абароны. Улічваючы праблемы са здароўем Энвера Ходжы, менавіта Шэху адкрыта называлі яго пераемнікам. Здавалася, ён хутка стане новым кіраўніком краіны.
Але 18 снежня 1981 года дзяржаўнае радыё Албаніі абвясціла шакуючую навіну: Мехмет Шэху застрэліўся «ў момант нервовага крызісу».
Версія з самага пачатку выглядала сумнеўнай. Усе, хто ведаў нябожчыка, апісвалі яго як чалавека халоднакроўнага і рацыянальнага, што ніяк не вязалася з вобразам эмацыянальнага самазабойцы.
Акрамя таго, улады самі далі падставу для падазрэнняў. У краіне не абвясцілі нацыянальнай жалобы, а месца пахавання прэм'ер-міністра трымалі ў сакрэце. Адразу ж пачалася татальная зачыстка: сваякі і саратнікі Шэху былі знятыя са сваіх пасадаў, асабліва ў сілавых структурах. Гэта выглядала як класічная рэарганізацыя пасля ліквідацыі небяспечнага канкурэнта.
Глядзіце таксама

Рэпрэсіі абрынуліся і на сям'ю нябожчыка. Жонка Шэху памерла ў турме ў 1988 годзе. Адзін з сыноў скончыў жыццё самагубствам. Старэйшы сын, спрабуючы выратавацца, быў вымушаны напісаць пакаяльны ліст Ходжу, у якім праклінаў уласных бацькоў і кляўся ў вернасці партыі — гэта была адзіная магчымасць выжыць.
Рэжым неадкладна запусціў аперацыю па сціранні Шэху з гісторыі. Яго партрэты зніклі з грамадскіх месцаў, кнігі былі вынятыя з бібліятэк, а імя перастала ўзгадвацца на партыйных сходах. Пазней Ходжа афіцыйна абвясціў Шэху шпіёнам, які працаваў адначасова на Югаславію, ЗША, СССР і Італію.
Афіцыйнай версіі не верылі многія. Адразу паўсталі альтэрнатыўныя. Паводле найбольш распаўсюджанай з іх, Шэху быў забіты па прамым загадзе Ходжы. Паводле адной з версій, гэта магло адбыцца нават падчас пасяджэння Палітбюро. Амерыканскі гісторык Нікалас Пано, спасылаючыся на разведвальныя звесткі, сцвярджаў, што Ходжа застрэліў свайго пераемніка асабіста.
Але што прымусіла дыктатара знішчыць свайго вернага саюзніка?
Вырашальную ролю, мяркуюць гісторыкі, магла адыграць жонка дыктатара Неджміе Ходжа. Яна была не проста жонкай, а паўнапраўным палітычным партнёрам і адным з галоўных ідэолагаў рэжыму. Неджміе бачыла ў Шэху занадта самастойную фігуру, якая пасля смерці мужа не стала б з ёй лічыцца. Ёй патрэбны быў больш падатлівы пераемнік.
Трыгерам для расправы магла стаць іншая гісторыя. Напярэдадні сын Шэху заручыўся з дзяўчынай, члены сям'і якой былі сваякамі вядомага албанскага дысідэнта, што жыў у ЗША і адкрыта крытыкаваў Ходжу. У любой іншай краіне гэта выглядала б прыватнай справай, але ў паранаідальнай свядомасці албанскага лідара любыя сувязі з апазіцыяй маглі быць інтэрпрэтаваныя як палітычная змова.
У любым выпадку гісторыя Шэху выглядае наглядным дапаможнікам па палітычнай анатоміі паранаідальнай дыктатуры: тут нават самая доўгая служба не дае імунітэту, а асабістая адданасць можа ператварыцца ў смяротны прысуд.
Смерць Шэху ў снежні 1981 года адкрыла дарогу Рамізу Алію — пратэжэ Неджміе Ходжы, які неўзабаве быў абвешчаны новым пераемнікам.
Іронія лёсу ў тым, што, прыйшоўшы да ўлады, Алія часткова адышоў ад спадчыны Ходжы і пачаў асцярожныя рэформы. Аднак пераход аказаўся занадта запозненым: эканоміка развальвалася, а пратэсты нарасталі. У 1992 годзе партыя Аліі прайграла першыя свабодныя выбары, а сам былы пераемнік скончыў свае дні пад судом і ў турме. Рэжым абрынуўся, так і не здолеўшы знайсці «залатую сярэдзіну» паміж унутранымі рэпрэсіямі і асцярожным адкрыццём Захаду.
Эпілог на пустцы
Гісторыя атрымала змрочны фінал толькі праз дзесяцігоддзі. Сын Шэху, які перажыў падзенне камунізму, у 1991 годзе пачаў пошукі магілы бацькі. І толькі ў 2001 годзе яму ўдалося знайсці астанкі бацькі на закінутай пустцы пад Тыранай.