Гісторыя замаху на Энвера Ходжу. Сумныя высновы для сучасных дыктатараў

У красавіку споўнілася 40 гадоў смерці албанскага дыктатара Энвера Ходжы, якога апазіцыя спрабавала забіць рукамі групы дыверсантаў. Мы пісалі пра гэта нядаўна ў чарговым выпуску «Дасье ў карыкатурах». Цяпер — больш падрабязна пра замах і якія высновы з яго можна зрабіць.

Энвер Ходжа, фота Forrásjelölés Hasonló,  commons.wikimedia.org

Энвер Ходжа, фота Forrásjelölés Hasonló,  commons.wikimedia.org

Сама ідэя адправіць у Албанію атрад апазіцыянераў-кілераў, якая паўстала на пачатку 1980-х гадоў, на першы погляд выглядала як авантура. Пасля прыходу камуністаў да ўлады ў 1945 годзе над албанскім грамадствам быў устаноўлены шчыльны карны кантроль.

Агульная колькасць палітычных пакаранняў смерцю за часы кіравання Энвера Ходжы афіцыйна ацэньваецца ў 6027 чалавек. Яшчэ 984 былі забітыя ў турмах (308 пры гэтым страцілі розум). Больш за 7000 загінулі ў працоўных лагерах і падчас дэпартацый. 34 135 чалавек былі асуджаныя на розныя турэмныя тэрміны па палітычных абвінавачаннях. Інтэрнаванню і дэпартацыям падвергліся 59 000 чалавек.

Аднак такі бясконцы тэрор даваў, як не дзіўна, нейкі шанец змоўшчыкам. Справа ў тым, што не толькі простыя албанцы былі ахвярамі «Сігурымі» — мясцовай палітычнай паліцыі. Рэгулярна праводзіліся партыйныя чысткі, падчас якіх нішчыліся разнастайныя «ворагі» — ад прыхільнікаў Ціта да лібералаў і манархістаў. Пры гэтым падвергліся рэпрэсіям вышэйшыя прадстаўнікі кіраўніцтва, у тым ліку міністр абароны, міністр прамысловасці і г.д. Гэта значыць, унутры вертыкалі хапала тых, хто не любіў Ходжу і ў выпадку смерці дыктара патэнцыйна мог падтрымаць апазіцыю.

Прыкладна ў такім ключы разважала на пачатку 1980-х група албанцаў-мігрантаў, у якую ўваходзілі Джэўдэт Мустафа, Халіт Байрамі, Сабаўдзін Хаснедар, Фадзіль Кацелі. Лідарам змовы з’яўляўся Мустафа, які жыў з сям'ёй у Нью-Ёрку і быў звязаны з крымінальнымі структурамі балканскіх дыяспар. Менавіта ён прапанаваў план — пранікнуць нелегальна ў Албанію і забіць дыктатара, што павінна было запусціць працэс звяржэння камуністычнага рэжыму і аднаўлення манархіі.

Напалеонаўскія планы Мустафы сталі неўзабаве вядомыя «Сігурымі». Лічыцца, што ўцечка інфармацыі адбылася праз тое, што члены групы жылі ў розных канцах планеты. Іхнюю камунікацыю можна было адсачыць. 

У выніку напярэдадні дэсанта дыверсантаў у Тыране ведалі аб яго хуткім прыбыцці. І адпаведна падрыхтаваліся. Участак мяжы, дзе меркаваўся прарыў, узмацнілі сіламі дзяржбяспекі і МУС. Падцягнулі вайсковыя падраздзяленні агульнай колькасцю да 10 тысяч чалавек з артылерыяй (!). Гэта ўсё, нагадаем, супраць пяці чалавек — менавіта столькі людзей былі сябрамі групоўкі.

Аднак 25 верасня 1982 года група апазіцыянераў усё роўна нелегальна пракралася ў Албанію праз Адрыятычнае ўзбярэжжа. Зрэшты, падобна, гэта быў адзіны поспех змоўшчыкаў. Практычна адразу група распалася, і ўдзельнікі былі захоплены паасобку. 

Толькі Мустафа паспеў здзейсніць некалькі забойстваў — у тым ліку паліцэйскага патрульнага. Аднак 27 верасня 1982 года ён быў блакіраваны дзяржбяспекай у будынку былой мячэці вёскі, дзе жыла яго маці. Ён застрэліў гаспадара дома, які замахнуўся на яго сякерай, і ўзяў у закладнікі траіх яго дачок. Спецаперацыя албанскай дзяржбяспекі працягвалася пяць гадзін. Ад прапановы здацца Мустафа адмовіўся, уступіўшы ў перастрэлку з прадстаўнікамі правапарадку, і чакаема быў забіты.

Толькі адзін з членаў групы Мустафы — Халіт Байрамі — застаўся жывы і з часам паўстаў перад судом. Ён даў паказанні, з якіх вынікала, што ў змове супраць Ходжы ўдзельнічалі ЦРУ ЗША, югаслаўская спецслужба UDBA і група албанскіх чыноўнікаў (апошніх адразу арыштавалі). 

Відавочна, такія паказанні патрабаваліся албанскім уладам у палітыка-прапагандысцкіх мэтах. Пасля гэтага Байрамі, нягледзячы на ​​здзейсненае ім цяжкае дзяржаўнае злачынства — удзел у тэрарыстычнай антыўрадавай змове, быў вызвалены і высланы назад у Новую Зеландыю, дзе жыў напярэдадні ўсёй апісанай вышэй эпапеі.

Зрэшты, гісторыя замаху на Энвера Ходжу ў 1982-м дагэтуль мае шмат загадак. Існуюць версіі, што акцыю па забойству Ходжы рыхтавалі сябры албанскага камуністычнага кіраўніцтва, каб паскорыць свой прыход да вярхоўнай улады. Меркаванне аб інтрызе ў партыйна-дзяржаўным кіраўніцтве ўскосна пацвярджаецца тым, што неўзабаве суд над дыверсантамі забараніў публічную агалоску справы. Не выключана, што дзеля таго, каб людзі не даведаліся нейкія не вельмі прыемныя для ўлады рэчы, кшталту ўдзелу ў змове пэўных апаратчыкаў і чыноўнікаў. 

У гэтым плане можна па іншаму падсумаваць усю гэтую гісторыю. Яе галоўная выснова не тое, што супраціў супраць дыктатуры бесперспектыўны. Хутчэй яна прымушае задумацца пра асаблівасці дыктатарскіх рэжымаў, калі нават у самых таталітарных краінах дыктатар не можа цалкам спадзявацца на свае атачэнне.