Энвер Ходжа супраць СССР. Дасье ў карыкатурах
Сорак гадоў таму, 11 красавіка 1985-га, памёр албанскі камуністычны дыктатар Энвер Ходжа, які ўвайшоў у гісторыю ў тым ліку за кошт незвычайнай кампаніі супраць рэжыму Брэжнева і Хрушчова. Згадаем пра яго пры дапамозе графікаў.
Пра Энвера Ходжу свет даведаўся падчас Другой сусветнай, калі ён узначаліў партызан Албаніі. Пасля вайны 11 студзеня 1946 года ў Тыране быў зрынуты кароль і абвешчана Народная Рэспубліка Албанія пад кіраўніцтвам героя сюжэту.
Спачатку Албанія пры камуністах выглядала як звычайная прамаскоўская камуністычная дыктатура. Але далейшы лёс Албаніі ў садружнасці сацкраін быў даволі незвычайным. Усё пачалося пасля смерці Сталіна, калі сацлагер раскалоўся і пасварыўся.
Тэматычная карыкатура тых гадоў пра камуністычныя разборкі. На малюнку Мікіта Хрушчоў Маркс, Іосіф Броз Ціта Маркс і Вальтэр Ульбрыхт Маркс змагаюцца супраць Мао Маркса, Хо Шы Міна Маркса і Энвера Ходжы Маркса (1964 год).

Фармальна «развод» Албаніі з Масквой адбыўся 16 лістапада 1960 года, калі лідар албанскіх камуністаў выступіў, мабыць, з самай сваёй славутай прамовай, якая ўвайшла ў гісторыю Албаніі. На нарадзе камуністычнай і працоўнай партыі ў Маскве ён зрабіў трохгадзінную палымяную прамову, у якой крытыкаваў Хрушчова і кіраўніцтва КПСС за адмову ад сталінізму. Албанскі карыкатурыст наступным чынам адлюстраваў шок Хрушчова і яго каманды ад выступу Энвера.

Пасля спічу Ходжы адносіны Тыраны і Масквы былі разарваныя. Аднак Тырана працягвала «троліць» СССР, вінавацячы Брэжнева і Хрушчова ва ўсякіх грахах. Нягледзячы на тое, што ў свеце працягвалася халодная вайна, той жа Хрушчоў адлюстроўваўся на албанскіх карыкатурах як «шасцёрка» дзядзькі Сэма.

Рэакцыя албанскага афіцыёзу на савецкія рэаліі была часам вельмі экзатычная. Напрыклад, гэтая карыкатура адлюстроўвае дэкадэнцкую з-за антысталінскага рэвізіянізму савецкую моладзь. Характэрна, што фонам малюнка служаць храмы — відавочны сімвал рэакцыі. Парадокс у тым, што моладзевая субкультура і царква савецкімі ўладамі наадварот хутчэй пераследаваліся. Таму перадачы рускамоўнай радыёстанцыі «Голас Тыраны», якая крытыкавала нефармалаў і царкоўнікаў, таксама глушылі. Можна дапусціць, што ў КДБ сапраўды баяліся, што фанатыкі Сталіна пачнуць супраціў.

Актыўна крытыкаваў Ходжа і савецкі імперыялізм. Гэтая карыкатура выяўляе Леаніда Брэжнева ў выглядзе ката на царскім троне, які прымае дары ад сацкраін-мышэй. «Алей з Польшчы, гародніна з Балгарыі, ялавічына з Венгрыі, мёд з Чэхіі і... лупцоўка з Расіі!». Малюнкамі справа не абмежавалася. У 1968 годзе Ходжа заявіў аб выхадзе з Варшаўскай дамовы ў сувязі з уводам войскаў у Чэхаславакію.

Што тычыцца ўнутранага курса ў самой Албаніі, то Ходжа спрабаваў будаваць сацыялізм па кітайскіх рэцэптах. Нядзіўна, што мастакі любілі адлюстроўваць сяброўства лідараў Албаніі і Кітая. Але прыход да ўлады рэфармістаў у Кітаі прывёў да разрыву адносін і з гэтай краінай, у выніку чаго ўзнікла фактычна самабытная ідэалогія хаджаізму.
Зрэшты, рэалізавацца як комплексная альтэрнатыва гэтая канцэпцыя не паспела. У красавіку 1985-га Ходжа памёр, што стала прэлюдыяй да краху албанскай камуністычнай мадэлі ў 1990-я.
Застаецца дадаць, што ў цяперашняй Албаніі палова насельніцтва настальгуе па часам Ходжы. У тым ліку таму, што тады Албанія адкрыта пасварылася з Югаславіяй, СССР, ЗША, Кітаем, але ніводная з пералічаных дзяржаў нічога з маленькая Албаніяй не змагла зрабіць.
