Нямеччына вяртае вайсковы абавязак? Дасье ў карыкатурах

Новы закон аб ваеннай службе, прыняты Бундэстагам, выклікаў у нямецкай медыяпрасторы хвалі рэакцый — ад трывогі да іроніі. Карыкатурысты ўжо паспелі інтэрпрэтаваць рэформу па-свойму.

Вайсковы абавязак у Германіі быў прыпынены ў 2011 годзе, і доўгі час здавалася, што назаўжды. Таму адзін з мастакоў параўнаў новы закон з незвычайным калядным падарункам, які пад выглядам Санта-Клаўса «ўручае» моладзі канцлер Фрыдрых Мерц.

photo_2025_12_07_19_18_11.jpg

Ініцыятары закону нават не хаваюць, што рэформа стала вынікам напружанай міжнароднай сітуацыі — у першую чаргу пагрозы сутыкнення з Расіяй. «Ты пойдзеш ваяваць з рускім мядзведзем добраахвотна або ў межах абавязковага прызыву», — кажа Мерц хлопчыку на іншай карыкатуры.

photo_2025_12_07_19_18_15.jpg

Паводле новага закона, пачынаючы з 2026 года ўсе 18-гадовыя юнакі будуць абавязаныя запоўніць анкету аб фізічнай падрыхтаванасці. Пры гэтым рашэнне пра службу застаецца добраахвотным. Аднак парламент зможа ўвесці «вайсковы абавязак па неабходнасці», калі ахвотных будзе недастаткова. У такім выпадку магчымы выпадковы адбор — жэрабя. Гэтую тэму мастакі адразу разыгралі: на карыкатуры смерць прапануе цягнуць жэрабя наконт службы ў бундэсверы.

photo_2025_12_07_19_18_19.jpg

Рэакцыя на закон у грамадстве пакуль стрыманая. Адной з прычын называюць тое, што сам Бундэсвер патрабуе глыбокіх рэформаў. Напрыклад, у яго шэрагі перыядычна пранікаюць правыя радыкалы, якія шукаюць магчымасці атрымаць вайсковую падрыхтоўку. На адным з малюнкаў малады рэкрут аказваецца ў кампаніі неанацыстаў.

photo_2025_12_07_19_18_22.jpg

Апазіцыйныя партыі раскрытыкавалі рэформу. «Альтэрнатыва для Германіі» заяўляе, што прыцягваць людзей да службы матэрыяльнымі стымуламі — памылка. «Зялёныя» (самая антыпуцінская сіла ў парламенце) выступілі супраць таго, што праект арыентаваны менавіта на моладзь. Блізкая да іх Tageszeitung апублікавала карыкатуру, дзе вайскоўцы маніпулююць жэрабем пры адборы рэкрутаў. «Левыя» абяцаюць стварыць сетку юрыдычнай дапамогі тым, хто не хоча ісці ў казармы.

photo_2025_12_07_19_18_24.jpg

Не ў захапленні ад закона і патэнцыйныя навабранцы. У дзень разгляду праекта каля будынка парламента ў Берліне сабралася каля тысячы маладых людзей, якія выступілі супраць рэформы. Усяго акцыі прайшлі ў 90 гарадах па краіне. Хутка з’явілася і антымілітарысцкая агітацыя: на адной з карыкатур хлопчык і дзяўчынка абяцаюць адмовіцца ад любой прымусовай службы.

photo_2025_12_07_19_18_27.jpg

Лёс закона шмат у чым залежыць ад узроўню даверу да ўрада. Пакуль рэйтынг Фрыдрыха Мерца падае — у тым ліку праз спрэчкі з партнёрамі па кааліцыі. На гэты конт карыкатурысты ўжо паказалі сваю пазіцыю. Пабачым, што будзе далей.

photo_2025_12_07_19_18_29.jpg