Германія: Школьнікаў могуць вызваліць ад заняткаў для… удзелу ў пратэстах!
Нямецкі Бундэстаг ухваліў рэформу прызыву ў войска ФРГ — Бундэсвер. Навучэнцы школьных устаноў заявілі аб намеры выйсці на вулічныя дэманстрацыі. І іх у гэтым падтрымала Федэральная канферэнцыя школьнікаў. На думку яе актывістаў, дэманстрацыі — гэта… частка навучальнага працэсу!

Малюнак з YouTube
Нямецкі Бундэстаг у ходзе пайменнага выніковага галасавання ў пятніцу, 5 снежня, ухваліў законапраект аб рэформе прызыву ва ўзброеныя сілы ФРГ — Бундэсвер. У падтрымку дакумента прагаласавалі 323 дэпутаты, 272 былі супраць, яшчэ адзін парламентарый устрымаўся, піша DW.
Каб рэформа ўступіла ў сілу, як запланавана, з 1 студзеня 2026 года, яе павінен ухваліць Бундэсрат, апошняе пасяджэнне якога ў бягучым годзе адбудзецца 19 снежня.
Ініцыятыва міністра абароны ФРГ Борыса Пісторыуса (Boris Pistorius) прадугледжвае вяртанне абавязковай медыцынскай камісіі для цэлых узроставых груп. З ліпеня 2027 года яе павінны будуць праходзіць усе нямецкія юнакі, пачынаючы з тых, хто нарадзіўся ў 2008 годзе. Штогод гэтая працэдура закране прыкладна 300 тысяч маладых людзей.
Яшчэ раней — з 2026 года — юнакі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, павінны будуць запоўніць анкету, у якой ім давядзецца адказаць на пытанні аб іх фізічнай падрыхтоўцы і гатоўнасці далучыцца да ўзброеных сіл ФРГ. Дзяўчыны таксама могуць яе запоўніць і паведаміць пра сваю гатоўнасць служыць у войску, але — толькі па асабістым жаданні, бо, згодна з Асноўным законам Германіі, да ваеннай службы могуць абавязаць выключна мужчын.
Глядзіце таксама

Прычына рэформы — пагрозы з боку Расіі
На рэформу ўплываюць новыя патрабаванні NATO да колькасці асабовага складу на фоне ўзрастаючай пагрозы з боку Расіі. Згодна з гэтымі патрабаваннямі, Германія да 2035 года павінна быць здольная ў выпадку крызісу або вайны выставіць каля 460 тысяч ваеннаслужачых. Пісторыус плануе павялічыць колькасць асабовага складу Бундэсвера з цяперашніх 183 тысяч дзеючых салдат і афіцэраў прыкладна да 260 тысяч і пашырыць рэзерв да 200 тысяч чалавек.
Калі чаканыя мэты па павелічэнні колькасці Бундэсвера не будуць дасягнуты, то можа быць уведзены так званы «прызыў па патрэбе». Ён павінен будзе папоўніць разрыў паміж патрэбамі ўзброеных сіл і фактычнай колькасцю даступных ваеннаслужачых. Для яго ўвядзення спатрэбіцца асобнае рашэнне Бундэстага. У такім выпадку маладых людзей могуць адбіраць па жэрабю, або з дапамогай іншага механізму.
Новы закон аб ваеннай службе абмяркоўваецца ў Германіі ўжо многія гады. Ён прадугледжвае найхутчэйшае правядзенне абавязковай медкамісіі маладых мужчын па ўсёй краіне. Акрамя таго, на добраахвотнай аснове плануецца прыцягваць новых рэкрутаў для істотнага павелічэння колькасці Бундэсвера. Калі пры гэтым планавыя паказчыкі не будуць дасягнуты, то можа быць уведзена абавязковая служба.
Па даных міністэрства абароны ФРГ, у рамках цяперашняга заканадаўства ў бягучым годзе Бундэсвер можа чакаць каля 15 тысяч новых ваеннаслужачых. Пасля рэформы — то-бок з 2026 года — іх колькасць павінна павялічвацца ў сярэднім на 3-5 тысяч штогод. Урад спадзяецца, што частка з іх затым вырашыць застацца ў войску на больш доўгі тэрмін. Акрамя таго, палітыкі разлічваюць павялічыць колькасць рэзервістаў.
Глядзіце таксама

Школьнікаў вызваляць ад заняткаў дзеля акцый пратэсту?
Між тым у многіх гарадах Германіі, у тым ліку Берліне, Гамбургу, Дзюсельдорфе, Дрэздэне і Мюнхене, навучэнцы школьных устаноў маюць намер у знак пратэсту супраць рэформы Бундэсвера выйсці на вулічныя дэманстрацыі. Да гэтых акцый іх заклікала ініцыятыва «Школьны страйк супраць воінскага абавязку» (Schulstreik gegen Wehrpflicht).
«Мы не хочам стаць у выніку гарматным мясам... Мы не будзем моўчкі назіраць за тым, як нас і нашых сяброў з дапамогай жэрабя прымушаюць забіваць і паміраць», — гаворыцца ў яе закліку, апублікаваным у сацсетцы Instagram.
У падтрымку ініцыятывы выступіла Федэральная канферэнцыя школьнікаў (BSK), заклікаўшы кіраўніцтва школ вызваліць іх вучняў ад заняткаў для ўдзелу ў пратэстах. Гэта варта зрабіць незалежна ад таго, падтрымліваюць вучні правядзенне страйку ці не, заявіла генеральны сакратар арганізацыі Эмі Кірхаф (Amy Kirchhoff).
«Для нас важна, каб маладыя людзі маглі рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на свабоду сходаў», — падкрэсліла Кірхаф. На яе думку, ад практычнага азнаямлення навучэнцаў з палітычнымі працэсамі карысці «больш, чым ад аднаго асобнага навучальнага дня».