Сто гадоў друкарні Скарыны ў Вільні. Гісторыя галоўнага беларускага выдавецкага цэнтру міжваеннага часу
У траўні ледзь не схаваўся ад нас яшчэ адзін юбілей — стагодзьдзе слыннай беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні. Друкарні, якая цягам 1926–1941 гадоў выдала больш за 160 кніжак на беларускай мове. А гэта амаль палова беларускай кніжнай прадукцыі міжваеннага часу ў Другой Польскай Рэспубліцы.

Наборная беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні. Зьлева направа: Янка Багдановіч, Альфонс Шутовіч, Язэп Найдзюк. Фота: Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.
Імя полацкага асьветніка друкарня выбрала ня проста так: якраз напярэдадні, у 1925 годзе, беларуская грамада адзначыла 400-годзьдзе беларускага друку ў Вільні. Таму стварэньне новай «паліграфічнай базы», як назваў яе Язэп Найдзюк, адзін са стваральнікаў, стала сымбалічным працягам справы Скарыны. Да ўсяго друк у сваёй друкарні меўся каштаваць менш, а галоўнае — віленскія беларусы імкнуліся не залежыць ад іншых. Зрэшты, ва ўмовах польскага санацыйнага ўраду ўласная друкарня дазваляла хаця б часткова захоўваць тайнасьць сваіх супрацоўнікаў.
У арганізацыйную суполку па стварэньні друкарні ўвайшлі: кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, кс. Вінцук Гадлеўскі, кс. Андрэй Цікота. Да іх далучыўся яшчэ малады асыстэнт Язэп Найдзюк. Было нанятае памяшканьне на вуліцы Людвісарскай, 1 (цяпер Liejyklos g. 1). Цікава, што ўласьнікамі памяшканьня былі стараверы.

Першапачатковае знаходжаньне друкарні імя Фр. Скарыны па вуліцы Людвісарскай, 1 (цяпер Liejyklos g.).
У траўні 1926 году друкарня пачала сваю працу. Ейным кіраўніком стаў Альбін Стэповіч, брат ксяндза К. Стэповіча. Асыстэнтам А. Стэповіча быў прызначаны Язэп Найдзюк, які якраз вучыўся на друкара. З друкарняй супрацоўнічалі многія старыя прафэсійныя друкары зь беларусаў і палякаў. Аднак хутка многія сышлі на іншую працу, бо беларуская друкарня не магла плаціць высокіх заробкаў, як прыгадваў у сваёй кнізе пра друкарню Язэп Найдзюк. Шмат дапамагаў кс. Адам Станкевіч, які фактычна падрыхтаваў новыя беларускія кадры друкароў: Альфонса Шутовіча, Янку Багдановіча, Валюся Станкевіча ды іншых. Паводле чутак, напярэдадні адкрыцьця кс. Андрэй Цікота набыў друкарскую машыну, і такім парадкам іх стала дзьве.
Глядзіце таксама

Выходзілі беларускія кнігі і ў іншых друкарнях: у прыхільнага беларусам віленскага жыда Б. Клецкіна, у Таварыстве беларускай школы, Беларускім навуковым таварыстве, Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе ды іншых. Але ж большая частка беларускіх кніжак была надрукаваная ў друкарні імя Францішка Скарыны.
Глядзіце таксама

Першымі друкамі сталі газэты «Беларуская крыніца» і «Сялянская ніва». Потым пачалі друкавацца «Chryścijanskaja Dumka», «Шлях моладзі», «Самапомач», «Нёман», «Калосьсе», «Praleski». А ў 1940 годзе ў друкарні выходзіла на сьвет польскамоўная «Komsomolska Prawda».

Вокладка часопісу "Шлях Моладзі"
Асобнай увагі заслугоўвае друк часопісу «Шлях моладзі». Гэта быў цалкам незалежны часопіс, які не падпарадкоўваўся ніводнай партыі. Ягонымі выдаўцамі былі маладыя друкары, якія выдавалі і рыхтавалі яго дарма — гэта быў іхны ўнёсак. Гэты часопіс набыў папулярнасьць і стаў ці ня першым беларускім унівэрсальным выданьнем у міжваеннай Вільні, якое сабрала вакол сябе вельмі розныя групы беларусаў: рэлігійных, сьвецкіх, правых, левых, старых, маладых. Зрэшты, зь ініцыятывы часопісу і друкарні беларусы Вільні сабралі грошы на помнік пісьменьніку Ядвігіну Ш. на Росах. То бок друкарня ператварылася ў куды большую структуру, чым проста друкарню. Яна сабрала вялікую беларускую супольнасьць вакол сябе. Ці не таму польскія санацыйныя ўлады ў супрацы з каталіцкім арцыбіскупам Ялбжыкоўскім цэнзуравалі, канфіскавалі, уводзілі большы падатак для беларусаў і ўсяляк інакш спынялі дзейнасьць друкарні. Кульмінацыяй гвалту тагачасных польскіх уладаў сталі арышт і высылка ў 1939 годзе працаўнікоў беларускай друкарні Язэпа Найдзюка, Альфонса Шутовіча, а таксама выдаўцоў «Шляху моладзі» Уладыслава Паўлюкоўскага, Віктара Ермалковіча і некаторых іншых у канцэнтрацыйны лягер у Бярозе-Картузскай.

Заснавальнікі «Шляху Моладзі». Сядзяць зьлева направа: Язэп Найдзюк, Ізабэля Тумаш (Шутовіч), Мар’ян Пацукевіч; стаяць: Янка Багдановіч, Уладыслаў Тарасэвіч і Альфонс Шутовіч. Фота 1934 году.
Тройчы друкарня мяняла месцазнаходжаньне і наймала іншае памяшканьне. З 1926 па 1930 год яна месьцілася на Людвісарскай, 1 (Liejyklos g. 1). Потым з 1930 па 1934 год друкарня знаходзілася на Завальнай, 6–10 (Pylimo g. 6). Тут раней знаходзіліся іншыя беларускія арганізацыі, напрыклад, Беларускі нацыянальны камітэт. Калі ў чарговы раз друкарні стала цесна, яна перабралася на Завальную, 1 (Pylimo g.) — у дом Рэфармаванай Эвангеліцкай кансысторыі (будынак не захаваўся).

З 1930 друкарня знаходзілася па адрасе: Завальная 6 (Pylimo g. 6). Фота: Беларуская Вільня, tmatic.travel
Увесну 1941 году летувіскія савецкія ўлады закрылі друкарню. Так завяршылася пятнаццацігадовая плённая праца друкарні, якая выдала шмат рэлігійнай літаратуры па-беларуску, але і працы многіх сваіх сьвецкіх супрацоўнікаў, напрыклад, «Беларускую граматыку» Браніслава Тарашкевіча, «Беларускія народныя песьні» Рыгора Шырмы ды іншыя.
Важныя і каштоўныя гісторыі друкароў, якія прысьвяцілі жыцьцё друкарні. Язэп Найдзюк (1909–1984) выехаў у Польшчу, дзе, зьмяніўшы імя, працягнуў друкарскую дзейнасьць на карысьць польскага друку. Янка Багдановіч (1906–1990) прайшоў ГУЛАГ, але вярнуўся ў Вільню, пакінуўшы ўспаміны, у тым ліку пра друкарню. А яшчэ ў 1975 годзе напісаў прысьвечаны слыннай друкарні верш, які так і назваў — «Друкарня». Няхай верш не дыхтоўны — зрэшты, Янку Багдановіча віленскія літаратары называлі «паэтам бяз рыфмы», — але ён удала рэзюмуе лёс друкарні і ейных друкароў. Рукапіс і машынапіс вершаў Янкі Багдановіча захоўваюцца ў Беларускім музэі ў Вільні:
Вось хочацца ўспомніць гісторыю адну:
Полацак, Падую,
Прагу і Вільню
І доктара Францішку Скарыну!
Я ўнук твой.
Стаю пры станку,
Набіраю літаркі і
Друкую на лістку.
Прыходзілася многа пылі
Уцягваць у душу,
З верай і надзеяй жылі,
Што не пападзём у глушу...
І сколькі ж працы
Прышлося марнаваць
Набіраць і друкаваць,
А назаўтра прыходзілі канфіскаваць...
Вульф стараста гродзкі,
Прыслужнік ваяводзкі,
Даваў прыказы:
Канфіскаваць газэты і журналы!...
За каждую канфіскату
Справу судовую вызначалі,
Рэдактара судзілі,
У Бярозу высылалі...
І вось так прыходзілася
У друкарні Францішка Скарыны
Гадамі працаваць!...
Друкарня Скарыны ў Вільні
Размяшчалася па вуліцы Людвісарскай,
А пазьней на Завальнай,
Друкавала кніжкі, газэты і журналы...
У друкарні пры касе стаялі:
Язэп, Альфонс і Янка,
Многа ўдзень літар складалі,
Каб беларусы чыталі.
Пачала надходзіць цёмная хмара,
Вайной запахла на зямлі.
Гітлераўцы Польшчу занялі,
Многа сваёй крыві пралілі.
Прайшло многа часу,
І друкарні Францішкі Скарыны
У Вільні ня стала!...
З друкароў — Язэпа і Альфонса друкарня скасавала!...
5 верасьня 1975 год

Рукапісны варыянт верша Янкі Багдановіча "Друкарня" (урывак). Захоўваецца ў Беларускім музэі ў Вільні.
Такім парадкам, друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні дала жыцьцё ня проста сотням кнігаў і тысячам асобнікаў газэтаў і часопісаў, стварыўшы багатую інтэлектуальную традыцыю віленскіх беларусаў, але і пакінула незабыўныя мясьціны памяці, зьвязаныя з будынкамі друкарні, жытлом ейных супрацоўнікаў, а таксама з пахаваньнямі на розных віленскіх могілках: Быліны, Павіленскія могілкі ці Сонечныя могілкі (былыя могілкі сьв. Пятра і Паўла).
У асьветніцкай і тым больш кніжнай справе прозьвішча першадрукара натхняла і працягвае натхняць многіх. Новыя пакаленьні беларусаў і беларусак выдаюць кнігі пад сьцягам Скарыны: напрыклад, пасьля Другой сусьветнай вайны беларускія эмігранты ў Лёндане стварылі Бібліятэку-музэй імя Фр. Скарыны, больш вядомую як Скарынаўка. У XXI стагодзьдзі зноў беларусы ў выгнаньні працягнулі кніжную справу ў духу Скарыны: у жніўні 2022 году зьявілася выдавецтва «Скарына» (Лёндан — Вільня). Праўда, у адрозьненьне ад віленскай друкарні імя Францішка Скарыны 1926–1941 гадоў, цяперашнія ініцыятывы сутыкнуліся не з санацыйнымі польскімі перашкодамі, але з рызыкамі ад санацыйных беларускіх уладаў, якія на дыстанцыі забараняюць беларускую незалежную кнігу. А таму, падаецца, такое простае, але і змагарскае пасланьне Скарыны «данесьці слова для людзей паспалітых» дасюль застаецца як ніколі актуальным.