«Ультыматум Зяленскага» паказаў, як вынікова размаўляць з Лукашэнкам
Мы ведалі, як трэба размаўляць з Лукашэнкам. Мы тысячу разоў казалі, што лепш за ўсё на яго дзейнічае метад пугі, бо цяперашні кіраўнік Беларусі цэніць толькі адно — уладу. І калі яго ўладзе будзе штосьці пагражаць, ён пойдзе на любыя саступкі. А значыць, пагроза яго ўладзе — самы эфектыўны сродак на яго ціснуць. Гэта ўрэшце зразумеў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Малюнак з news-kiev.ru
«Ультыматум Зяленскага» ў гэтым плане — рэч вельмі паказальная. Яна ў палітычным плане, напэўна, стаіць на адным узроўні з запрашэннем і візітам у Кіеў СвятланыЦіханоўскай. Раней Зяленскі баяўся Лукашэнку, і аддаваў перавагу «не злаваць дзеда», каб той не адкрыў раптам «другі фронт» на Поўначы Украіны. Хоць усе Зяленскаму тысячу разоў казалі, што фронт з Беларусі — гэта пагроза ўладзе Лукашэнкі, і ён на такое ніколі не пойдзе, калі яго не змусяць аж да выкруту рук.
На пяты год вайны да Зяленскага гэта нарэшце дайшло.
«Выключыце рэтранслятары, або мы выключым іх самі» — класічная «вілка» для Лукашэнкі. Як пытанне: «Каго ты больш любіш, тату ці маму?» Каго Лукашэнка баіцца больш: Пуціна ці ўкраінскага дрона? Аказалася, што ўкраінскі дрон у сучасных рэаліях больш страшны.
Вядома, беларускі кіраўнік харахорыўся. Праўда, перад гэтым маўчаў тры дні, а потым, 23 чэрвеня, праз старшыню Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко заклікаў жыхароў Гомельскай вобласці «не хвалявацца і не турбавацца». Маўляў, у Беларусі «ёсць усё неабходнае, каб абараніць насельніцтва ад любога агрэсара».
Гэтакае «грошай няма, але вы трымайцеся» ў альтэрнатыўным выкананні.
Думаю, пасля гэтай заявы жыхары Гомельскай вобласці, наадварот, напружыліся, бо калі Лукашэнка кажа, што «ўсё ў парадку» — значыць, нічога не ў парадку. А калі высветліцца, што нічога не ў парадку, Лукашэнка будзе «разбірацца» і прызначаць вінаватых, як ён любіць гэта рабіць. Праўда, тады прызначаць вінаватых ужо можа быць і позна, і ад таго, што Лукашэнка іх прызначыць, лягчэй нікому не стане.
Але кіраўнік Беларусі, падобна, зразумеў, «у чым сіла, брат». І на наступны дзень жыхароў Гомельскай вобласці супакоіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. «Рэтранслятары на сёння не працуюць, — паведаміў ён ўвечары 24 чэрвеня. — Дэмантавалі іх ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу і штодзённыя даклады атрымліваю».
Зяленскі дадаў, што абсталяванне, якое дапамагала наводзіць на Украіну расійскія дроны, было адключана 22 чэрвеня.
Гэта, дарэчы, цудоўна паўплывала на бяспеку ў самой Беларусі. Паводле даных гомельскага «Флагштока», апошні выпадак пралёту беспілотніка ў Беларусі быў зафіксаваны раніцай 21 чэрвеня. Тады Паветраныя сілы УСУ паведамілі пра рух дрона на паўночным захадзе Чарнігаўскай вобласці ўздоўж мяжы з Беларуссю ў напрамку Славуціча. А потым гэты дрон аказаўся на тэрыторыі Беларусі — у раёне Турава Гомельскай вобласці, і паляцеў да Давід-Гарадка ў вобласці Брэсцкай. І больш залётаў дронаў у РБ не было.
Есць яшчэ пытанне ў тым, як Лукашэнка патлумачыў адключэнне рэтранслятараў Пуціну. Наўрад ці беларускі кіраўнік прыняў такое рашэнне самастойна. Верагодна, ён усё ж скарыстаўся падказкай, якую далі яму і Зяленскі, і Роберт «Мадзяр» Броўдзі. Маўляў, у нас — то-бок у іх, Валодзя, — 500 мэтаў на тэрыторыі Беларусі. І калі ты хочаш беларускага бензіну, то рэтранслятары трэба здымаць. Тут ужо альбо Украіну бамбіць з незразумелымі вынікамі, альбо дроны ажно до Піцера далятаюць, што ўжо казаць пра Мазырскі ці Наваполацкі НПЗ.
Бо пакуль Мазырскі і Наваполацкі заводы — ці не адзіныя неатакаваныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў еўрапейскай частцы Расіі. «У еўрапейскай частцы Расіі» — таму што цяпер працуюць яны, у асноўным, Расію. Як і ў апошнія гады, таму што — санкцыі, і акрамя РФ нашы нафтапрадукты побач прадаць няма каму.
А бензін, як аказалася, такая ж кроў эканомікі, як і грошы. За мінулы тыдзень інфляцыя ў РФ склала 0,25% — і ўсё праз падаражэлы бензін. Таму што за бензінам даражэе ўсё — бо гэта «ўсё» ад прадпрыемстваў да крамаў дастаўляюць менавіта за кошт паліва. Даражэе паліва — даражэе ўсё.
І відаць, Пуцін зразумеў, што без рэтранслятараў у Беларусі ён абысціся можа, а без беларускага бензіну — не.
Зрэшты, гэта не выратуе Лукашэнку ад прачуханкі Пуціна. Неўзабаве два суагрэсары сустрэнуцца, і напэўна Лукашэнка будзе яшчэ раз — а можа, і не раз, — апраўдвацца перад Пуціным за адключэнне прыладаў. І за тое, што ён раптам прызнаў «слабасць» беларускай арміі і нежаданне беларусаў паміраць на чужой вайне, што напэўна было пачута ў Расіі, і не падымае баявы дух розных «удзельнікаў СВА». Асабліва ў тыя часы, калі сам Пуцін рыхтуецца да масавай мабілізацыі і, верагодна, хацеў бы байцоў і з «брацкай Беларусі».
Але Лукашэнку варта баяцца не прачуханкі, а зусім іншага. Адказваючы на пытанне, якой будзе рэакцыя Расіі ў выпадку атак на Беларусь, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія заўсёды будзе побач з Беларуссю ў адбіцці магчымых пагроз.
«Мы — саюзныя дзяржавы, і Расія заўсёды будзе стаяць побач з Беларуссю — і ў эканамічным дабрабыце, у эканамічным працвітанні, сумесным развіцці, і ў адбіцці ўсялякіх пагроз, ці то прамыя пагрозы, квазіпагрозы, перспектыўныя пагрозы або сапраўдныя пагрозы», — цытуе Пяскова ТАСС.
Больш за ўсё Лукашэнку варта баяцца таго, што Расія вырашыць «абараніць» Беларусь. Як яна любіць і ўмее «абараняць», мы ведаем на прыкладзе Крыма і Данбаса: яны не паспелі «абараніцца», як апынуліся рэгіёнамі Расіі. А Пяскоў распавёў, якую падставу для «абароны» Расія, у выпадку чаго, знойдзе — «квазіпагрозы і перспектыўныя пагрозы».
Наўрад ці Лукашэнка хоча стаць «губернатарам беларускай вобласці». Хаця б таму, што ён разумее — за яго ніхто не «ўпішацца», як «ўпісаўся» Захад за Украіну.
Таму так, з Лукашэнкі можна, пры больш рашучым падыходзе, віць вяроўкі. «Ультыматум Зяленскага» паказаў, як гэта трэба рабіць. Ці возьмуць гэты досвед на ўзбраненне, напрыклад, ЗША?