Ультыматум Зяленскага пакажа, наколькі Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў Беларусі

Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад Лукашэнкі выключыць рэтранслятары, праз якія каардынуюцца атакі дронаў на Украіну, і даў яму на гэта тыдзень. Таксама кіраўнік Украіны ведае, як РБ дапамагае Расіі з палівам. А ў РФ усё больш кажуць, што вайну трэба скончыць, незалежна ад выніку. Ідуць 1578-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 чэрвеня.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак у бок Рыбнага, Новага Запарожжа, Дабраполля, Горкага, Уздвіжаўкі, Стараўкраінкі, Аленаканстанцінаўкі, Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага і іншых.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 штурмаў расіян ў раёнах Іванаўкі, Новага Данбасу, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Біліцкага, Сяргееўкі, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 19 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Тарэцкага, Кучарава Яру.

На Ліманскім кірунку расійцы 14 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Баравой, Дробышава, Навасёлаўкі, Ставак, Новаміхайлаўкі, Новасяргееўкі, Ліману.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 11 разоў у бок Рай-Аляксандраўкі і ў раёне Рэзнікоўкі, Крывой Лукі, Закітнага і Каленікаў.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 10 разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Прыліпак, Ізбіцкага, Ваўчанску, Ахрымаўкі і Дварычанскага.

* * *

Расійская армія наступае на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці, але Сілы абароны Украіны ведаюць планы ворага і процідзейнічаюць, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі. Ён наведаў Канстанцінаўскі кірунак.

Па словах Сырскага, расійскія войскі працягваюць аказваць пастаянны ціск, маючы перавагу ў жывой сіле і не лічачыся са стратамі. Расіяне спрабуюць прасоўвацца невялікімі штурмавымі групамі, шукаючы слабыя месцы ў абароне. «Мы своечасова выяўляем гэтыя намеры, вядзем актыўную абарону і наносім праціўніку адчувальныя страты», — заявіў галоўнакамандуючы.

Па даных ISW, Расія ў тактычным раёне Канстанцінаўка-Дружкоўка засяродзіла каля 11 тысяч ваеннаслужачых. Расійскія групы пранікаюць у розныя раёны Канстанцінаўкі, аднак не кантралююць ніводнай часткі горада і спрабуюць абысці яго з флангаў.

* * *

У ноч на 20 чэрвеня Расія атакавала Украіну 99 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у т.л. рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 92 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі ў ноч на 20 чэрвеня нанеслі ўдары КАБамі па Халаднагорскім раёне Харкава, удар прыйшоўся па двухпавярховым шматкватэрным доме. Адзін чалавек загінуў, дзевяць пацярпелых, сярод іх — 6-гадовае дзіця.

* * *

 

726660364_2031386454249763_73548141374067181_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі скептычна ацаніў словы самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб нежаданні быць уцягнутым у вайну. Пра гэта Зяленскі заявіў на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурай у Кіеве, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

«Словы асабістыя. Калі абраза маёй краіны, будзем крыўдзіцца і не забудзем. А калі гэта асабістыя нейкія рэчы... Выбачыўся, і слава Богу, скажам так», — сказаў глава Украіны.

Украінскі лідар адзначыў, што Расія цяпер будзе працягваць штурхаць Лукашэнку ў вайну, і той цяпер «разумее, што Украіна будзе адказваць».

«Калі спадар Лукашэнка кажа, што ён не хоча быць уцягнутым у вайну, ён павінен быць сумленным, прынамсі перад сваім народам, таму што не ён можа быць уцягнуты ў вайну — у яе можа быць уцягнута ўся яго краіна, уцягнутая Расіяй: яны з першых дзён гэтай вайны забівалі дзяцей і дарослых — ракеты ляцелі з Беларусі, з яго краіны. І тады ён таксама тэлефанаваў і выбачаўся, і казаў, што я гэта не кантраляваў, Расія дзейнічала на сваёй тэрыторыі. І, безумоўна, я ў гэта не веру, але ён пра гэта ўжо казаў», — адзначыў Зяленскі.

Па яго словах, Беларусь ужо часткова ўцягнутая ў вайну. «У яго сёння на яго вышках ёсць рэтранслятары — расійскія рэтранслятары, беларускія. Якая нам розніца? На яго тэрыторыі ўздоўж дзвюх абласцей, прыгранічных з Украінай, знаходзіцца тэхніка,якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве, менавіта насельніцтве. Там у нас цяпер няма такога моцнага фронту, дзе Украіна і Беларусь. Там забіваюць грамадзянскіх. Там рэтранслятары на адпаведных вышках. Ён можа гэта зняць? Для чаго словы, што ён не хоча быць у вайне? Хай здыме гэтую тэхніку, хай выключыць гэтую тэхніку», — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што Лукашэнку будзе дастаткова тыдня, каб зрабіць гэта. «Я думаю, што яму тыдня будзе дастаткова зрабіць гэта. Чаму я кажу тыдня? Таму што цяпер кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы грамадзянскія людзі, паранены дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы», — заявіў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны таксама ўпэўнены, што Лукашэнка можа спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў, якія выкарыстоўваюцца расіянамі ў вайне супраць Украіны. «Ён сёння галоўны пастаўшчык (нафтапрадуктаў), ці адзін з галоўных пастаўшчыкоў для расійскай арміі. Менавіта Лукашэнка, менавіта Беларусь. Можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў яго сілах. І гэта менавіта ён кантралюе», — кажа Зяленскі.

* * *

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін планавалі маштабны падзел тэрыторый Украіны падчас сустрэчы двух лідараў у Анкорыджы, расказаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв’ю France 2.

У жніўні 2025 года на ваеннай базе ў Анкорыджы, на Алясцы, ледзь не падпісалі фатальны дакумент. «Трамп… думаў, што Украіна прайграе, таму ён хацеў заключыць хуткі мір. Памятаеце студзень-люты 2025-га? З тых часоў, здаецца, прайшла вечнасць. Ён думаў, што Украіна прайграе; усё пайшло дрэнна ў Авальным кабінеце з прэзідэнтам Зяленскім… Потым, менш як год таму, адбылася сустрэча прэзідэнта Трампа і прэзідэнта Пуціна ў Анкорыджы, калі пагадненне ўжо амаль было на стале, у якім гаварылася, што мы аддадзім украінскую тэрыторыю, якая нават яшчэ не была захоплена», — сказаў Макрон.

Па яго словах, сітуацыю выратавала рашучае ўмяшанне Еўропы. У сярэдзіне жніўня 2025 года спецыяльная дэлегацыя тэрмінова вылецела ў ЗША. Еўрапейскія лідары паставілі ўльтыматум. Яны назвалі такое пагадненне немагчымым. Дыпламаты растлумачылі Беламу дому рэальны стан спраў. Украіна працягвала барацьбу насуперак усім прагнозам скептыкаў.

Сёння пазіцыя амерыканскага лідара зусім іншая, заявіў лідар Францыі. Стойкасць УСУ і ўкраінскага грамадства прымусіла Трампа перагледзець свае погляды. Па словах Макрона, цяпер Трамп ставіцца да Украіны з глыбокай павагай, «ён бачыць мужных інавацыйных людзей, якіх ён паважае».

* * *

Закрытыя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што больш за 60% расіян адчуваюць стомленасць ад вайны з Украінай, піша праект, створаны расійскай журналісткай Фарыдай Рустамавай, «Faridaily».

Як піша «Faridaily» са спасылкай на крыніцу ў партыі «Адзіная Расія» і на сацыёлага, знаёмага з вынікамі апытанняў, якія праводзіліся перад праймерыз ЕР, колькасць людзей, якія гатовы прыняць не пераможны вынік вайны, узрастае.

«У фокус-групах выбаршчыкі адкрыта кажуць: нам трэба рашэнне. Мы чакаем рашэння — каб вайна скончылася так ці інакш. Калі можаце біць мацней — біце. Калі можаце зрабіць нешта іншае — рабіце», — так апісаў настроі выбаршчыкаў крыніца ў кіраўніцтве «Адзінай Расіі».

Пачуццё стомленасці пераважае і сярод эліт. «Усе стаміліся ад вайны. Нічога не адбываецца. Не рухаецца ані наперад, ані назад», — цытуе Faridaily аднаго з расійскіх урадавых чыноўнікаў.

Іншая крыніца, блізкая да ўрада, адзначыла: «Ніхто насамрэч не разумее, у чым заключаецца план вайны. І будучыня ў цэлым незразумелая».

* * *

Спыненне шэрагу буйных НПЗ у Цэнтральнай Расіі з-за серыі налётаў БПЛА прывяло ў выніку да зніжэння выпуску аўтабензіну на 25% у параўнанні з чэрвенем мінулага года, піша Reuters.

Атакі на НПЗ выклікалі падзенне вытворчасці аўтабензіну на гэтым тыдні прыкладна на 25% у параўнанні з сакавіком гэтага года, калі інтэнсіўнасць налётаў пачала расці. Вытворчасць аўтабензіну ў сакавіку бягучага года складала 120.000 тон у суткі, у красавіку выпуск знізіўся прыкладна да 110.000 тон, а ў траўні — да 100.000 тон у суткі.

Узровень спажывання бензіну на ўнутраным рынку летам складае не менш за 110.000 тон у суткі. У першай палове чэрвеня вытворчасць утрымлівалася каля майскіх паказчыкаў, аднак спыненне за апошні тыдзень адразу двух буйных вытворцаў бензіну — Маскоўскага НПЗ і ТАНЕКО ў Татарстане — адымае ў рынку яшчэ каля 15.000 тон у суткі, пакідаючы прыкладна 85.000 тон у суткі — на 25.000 тон у суткі ніжэй за нармальны ўзровень унутранага спажывання.

Недахоп аўтабензіну часткова кампенсуецца пастаўкамі з Беларусі, якія могуць дасягаць 100.000-150.000 тон у месяц. Акрамя таго, актыўна расходуюцца запасы, назапашаныя нафтавымі кампаніямі і незалежнымі ўдзельнікамі рынку ў канцы зімы і пачатку вясны. Расія таксама пачынае марскі імпарт прадукту, паведамілі крыніцы ў галіне.

Яшчэ адным спосабам атрымання дадатковых рэсурсаў для ўнутранага спажывання можа стаць зніжэнне стандартаў якасці да класа Еўра-3 замест Еўра-5, што тэарэтычна дазваляе павялічыць сумарны выпуск бензіну на 200.000 тон у месяц.