Раман Абрамовіч можа заняць ролю пасярэдніка ў перамовах Расіі з Украінай

Саміт G7 стаў важнай гандлёвай пляцоўкай: Дональд Трамп абяцае націснуць на Пуціна ў пытанні спынення вайны ва Украіне, замест гэтага іншыя краіны дапамогуць ЗША ў вырашэнні іранскага пытання. А з боку РФ можа змяніцца галоўны перамоўнік. дуць 1575-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

552568773_1147543330892077_3242277326420834683_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Новааляксандраўкі, Шаўчэнка, Котліна, Удачнага і ў бок Дарожнага, Васіллеўкі, Філіі, Новага Шахава, Вольнага, Кучарава Яру, Біліцкага і іншых

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Рыбнага, Салодкага, Лугоўскага, Навасёлаўкі і ў бок Дабраполля, Уздвіжаўкі, Цвятковага, Чароўнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ 20 разоў спрабавала уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Зарэчнага, Андрэеўкі, Дробышава, Ліману, Дзіброва, Азёрнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак паблізу Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала 13 разоў у раёнах Каленікаў, Закітнага і ў бок Рэзнікоўкі, Крывой Лукі, Мікалаеўкі, Рай-Аляксандраўкі.

* * *

Расійскія войскі выйшлі на ўскраіны Канстанцінаўкі Данецкай вобласці і працягваюць пранікаць у горад. Пасля яго захопу расіянам адкрыецца шлях да захопу Славянска-Краматорскай агламерацыі, расказвае аналітычны праект DeepState.

Як адзначаюць эксперты, расіяне маюць паблізу горада перавагу ў жывой сіле і паступова «пераходзяць да працяглага захопу горада, дзе часткова прасочваецца сцэнар Пакроўска». У той жа час расіяне «раўнаюць з зямлёй сам населены пункт і ператвараюць яго ў суцэльныя руіны», якія будзе складана абараняць.

У DeepState адзначаюць, што армія РФ не лічыцца са стратамі, і падобная сітуацыя была ў Пакроўску, дзе расійцам удалося акупаваць горад цаной велізарных страт.

DeepState называе Канстанцінаўку «варотамі» для прарыву ў Славянска-Краматорскую агламерацыю, але наступнай за Канстанцінаўкай будзе Дружкоўка, якая цяпер адыгрывае важную лагістычную ролю, і за ёй — Краматорск.

* * *

З вечара 16 чэрвеня Расія атакавала Украіну 119 беспілотнікамі розных тыпаў, 97 дронаў удалося абясшкодзіць, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Вечарам 16 чэрвеня расійскія войскі нанеслі 5 удараў па Запарожжы: адзін чалавек загінуў, сямёра атрымалі раненні. Пашкоджаны навучальная ўстанова, гандлёвы цэнтр і жылы дом.

16 чэрвеня армія РФ атакавала Славянск у Данецкай вобласці: тры чалавекі загінулі, 5 атрымалі раненні.

* * * 

725656948_1361778686135206_6731466824410074014_n.jfif

* * *

Лідары краін G7 дамовіліся павялічыць пастаўкі Украіне сістэм супрацьпаветранай абароны і ракет-перахопнікаў, а таксама заявілі аб гатоўнасці разгледзець магчымасць надання ліцэнзій на іх вытворчасць непасрэдна ва Украіне, гаворыцца ў сумеснай заяве.

«Мы дамовіліся павялічыць пастаўкі сродкаў супрацьпаветранай абароны, дадатковых сістэм і ракет-перахопнікаў, а таксама сродкаў далёкага радыусу дзеяння. Мы таксама гатовыя разгледзець магчымасць надання Украіне адпаведных ліцэнзій, каб садзейнічаць павелічэнню аб’ёмаў ваеннай вытворчасці ва Украіне», — сказана ў дакуменце.

Акрамя таго, лідары пагадзіліся аказаць падтрымку ва ўмацаванні энергетычнай устойлівасці Украіны перад маючай адбыцца зімой. Таксама «Група сямі» абавязалася ўзмацніць ціск на расійскую ваенную эканоміку шляхам пашырэння санкцый супраць нафтавага і газавага сектараў РФ.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прадэманстраваў нечаканую гатоўнасць узмацніць ціск на Крэмль з мэтай спынення вайны ва Украіне. У ходзе саміту «Вялікай сямёркі» у Францыі амерыканскі лідар прапанаваў еўрапейскім саюзнікам своеасаблівы геапалітычны бартэр, піша Politico.

Лідары «Вялікай сямёркі» рыхтаваліся да канфліктаў з Трампам з нагоды Ірана і ўкраінскага пытання. Аднак першы дзень перамоў змяніў настрой: Трамп намякнуў на гатоўнасць падтрымаць Еўропу ва ўкраінскім пытанні. Узамен ён хоча атрымаць дапамогу саюзнікаў для стабілізацыі сітуацыі з Іранам.

«Абмеркаванні, якія мы правялі паміж сабой і з прэзідэнтам ЗША — як на афіцыйных сустрэчах, так і ў ходзе неформальных гутарак у кулуарах — усяляюць у мяне пэўны аптымізм», — заявіў журналістам канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.

Трамп гатовы аказаць ціск на дыктатара РФ Пуціна, каб той спыніў агрэсію. Але падтрымка Украіны мае свой кошт: Трамп патрабуе ад партнёраў па G7 дапамагчы з забеспячэннем бяспекі ў Армузскім праліве. Таксама амерыканскі прэзідэнт пасля 70-хвіліннай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім абвясціў аб аднаўленні санкцый супраць расійскага нафтавага сектара. «Расія павінна заключыць пагадненне», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Такія дзеянні развеялі асцярогі, што Трамп можа прымусіць Украіну капітуляваць. Раней ён размаўляў з Пуціным па тэлефоне амаль гадзіну, што выклікала паніку сярод саюзнікаў. Яны асцерагаліся аднабаковых саступак Крамлю, а цяпер сітуацыя выглядае інакш. Цяпер Трамп выглядае настроеным на канструктыўны дыялог, і дыпламаты спадзяюцца, што гэты настрой у яго захаваецца.

* * *

Расійскі алігарх Раман Абрамовіч можа заняць ролю пасярэдніка ў перамовах Расіі з Украінай, але ўсё залежыць ад рашэння кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на саміце Reuters Next.

У адказ на пытанне аб магчымым пасрэдніцтве Абрамовіча Зяленскі адзначыў, што ў Пуціна «ёсць уласныя рашэнні ў галаве». Па словах прэзідэнта Украіны, калі Абрамовіч прыязджаў у Кіеў, з ім быў «вельмі канкрэтны і прадметны дыялог». І, верагодна, расійскі алігарх «на 100%» зразумеў пазіцыю Зяленскага.

Абрамовіч пасля сустрэчы паабяцаў, што паедзе ў Маскву і перадасць зваротную сувязь Крамлю.

«Ён можа быць такім чалавекам, але гэта залежыць ад Пуціна, таму што кожная краіна павінна сама вырашаць, хто будзе прадстаўляць яе на тэхнічным узроўні ці на ўзроўні саветнікаў па нацыянальнай бяспецы», — удакладніў глава ўкраінскай дзяржавы.

Нагадаем, нядаўна Пуцін, рэагуючы на ліст Зяленскага, расказаў, што Украіна «запрасіла на перамовы ў Кіеў прадстаўніка расійскіх бізнес-колаў». Як пазней расказаў Зяленскі, Абрамовіч прыехаў у Кіеў па ініцыятыве расійскага боку з пасланнем з Масквы, а таксама папрасіў, каб такая сустрэча «прайшла ціха».

Папярэдні галоўны перагаворшчык ад РФ Кірыл Дзмітрыеў адзначыўся ў сацсетках вельмі дзіўнымі заявамі, якія могуць сведчыць пра складанасці з душэўным здароўем.

* * *

У большасці рэгіёнаў Расіі, а таксама на часова акупаваных тэрыторыях Украіны ўведзеныя жорсткія абмежаванні на продаж паліва з-за дэфіцыту, выкліканага сістэматычнымі ўкраінскімі ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах РФ, піша расійскае выданне The Bell.

Па даных журналістаў, абмежаванні на наданне паліва для прыватных аўтамабіляў цяпер дзейнічаюць у 53 рэгіёнах Расіі, а таксама на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. У 18 суб’ектах РФ, а таксама ў акупаваным Крыме, у Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцях кіроўцам прадаюць не больш за 50 літраў ці дазваляюць заправіць толькі адзін поўны бак.

Яшчэ ў 11 расійскіх рэгіёнах фіксуецца значны недахоп паліва на большасці АЗС, хаця фармальных абмежаванняў па аб’ёме запраўкі там пакуль не ўвялі. Акрамя таго, найбуйнейшыя расійскія нафтавыя гіганты — «Раснафта», «Башнафта» і ТНК — цалкам забаранілі продаж бензіну ў каністры на ўсёй тэрыторыі РФ.

У траўні здабыча нафты ў Расіі ўпала да гадавога мінімуму на фоне ўзмацнення нападаў украінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы. Па даных Reuters, у канцы траўня амаль усе буйныя аб’екты нафтавай прамысловасці ў цэнтральнай частцы Расіі былі вымушаны скараціць ці цалкам спыніць працу.

Па падліках Bloomberg, падзенне нафтаперапрацоўкі ў траўні стала самым моцным з пачатку вайны — аб’ёмы ўпалі на 13%, ці на 700 тысяч барэляў на суткі ў гадавым вылічэнні. Экспарт сырой нафты з Расіі ў траўні не скараціўся, і нават прынёс звышдаходы расійскаму бюджэту з-за высокіх сусветных цэн на фоне вайны на Блізкім Усходзе. Аднак аналітыкі адзначаюць, што гэта толькі пацвярджае падзенне ўнутранай перапрацоўкі, паколькі захоўваць «лішнюю» нафту ўнутры Расіі проста няма дзе.