Уладзімір Зяленскі прапанаваў Пуціну асабістую сустрэчу, каб дасягнуць міру

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў Уладзіміру Пуціну асабістую сустрэчу, каб дасягнуць міру. Пуцін гэты ліст, напэўна, не чытаў, але не збіраецца спыняць вайну, спасылаючыся на «дух Анкорыджа». У той жа час у Штатах пачынаюць пераадольваць супраціў Трампа ў дапамозе Украіне. Ідуць 1563-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

715449934_1351086223871119_4895491615433554875_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 273 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм расіян ў раёнах Грышына, Васіллеўкі, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Арэхава і ў бок Вольнага, Дарожнага, Шаўчэнкі, Біліцкага, Радзінскага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 37 атак у раёнах Рыбнага, Дабраполля, Варвараўкі, Святапятроўкі, Залізнічнана і іншых.

На Ліманскім кірунку падраздзяленні РФ 26 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Навасёлаўкі, Дробышава, Зарэчнага, Дзібровы, Азёрнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак паблізу Іванаполля, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру і іншых.

На Славянскім кірунку Расія штурмавала 13 разоў паблізу Закітнага, Каленікаў, Рэзнікаўкі і ў бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 12 разоў атакаваў пазіцыі УСУ каля Старыцы, Лімана, Адраднага і ў кірунку Ізбіцкага, Ахрымаўкі, Калодзезнага.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоў у раёнах Січневага, Варонога, Тэрновага і Вярбовага.

* * *

У ноч на 5 чэрвеня Расія атакавала Украіну дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59/69 і 216 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас, баражыруючымі боепрыпасамі «Бандэроль» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 198 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі ўдарылі беспілотнікамі па жылых дамах і грамадзянскай інфраструктуры Канатопа, у выніку чаго пацярпелі па меншай меры пяць чалавек.

Вечарам 4 чэрвеня ў выніку атакі беспілотніка расіяне забілі 75-гадовага мужчыну ў Карабельным раёне Херсона.

Адзін чалавек загінуў і яшчэ двое атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў беспілотнікамі і артылерыяй па Днепрапятроўскай вобласці.

Расійскія ваенныя вечарам 4 чэрвеня атакавалі Запарожжа беспілотнікамі, у выніку быў пашкоджаны шматпавярховы жылы дом. Пацярпела 11 чалавек, загінула жанчына.

* * * 

716695342_1351403400506068_1687721737150851974_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адкрытым пісьме 4 чэрвеня прапанаваў кіраўніку РФ Уладзіміру Пуціну вызначыць дату і сустрэцца, каб скончыць вайну. Дакумент апублікаваны на сайце Офіса прэзідэнта 4 чэрвеня.

«Украіна прапануе скончыць вайну ў фармаце паміж намі і вамі. Я прапаную вам сустрэчу. Усе чулі, як вашы прадстаўнікі, усміхаючыся, гаварылі, што я нібыта магу прыехаць у Маскву. Але пасля такіх гадоў украінскаму лідару ў вашай сталіцы, як і расійскаму лідару ў Кіеве, рабіць няма чаго», — адзначыў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, ёсць краіны, якія традыцыйна прымаюць лідараў для вырашэння пытанняў вайны і міру, сярод якіх Швейцарыя, Турцыя, краіны арабскага свету. «Многія могуць і хочуць прыняць гэтую сустрэчу», — адзначыў Зяленскі.

«Украіна гатовая цалкам спыніць агонь – на час перамоў. І гэта стандартная практыка, якую пацвярджаюць цяпер і абставіны вакол Ірана. Спроба ўстанавіць рэальнае зацішша – гэта лепшы старт, каб пачаць гаварыць адзін з адным. Мы лічым, што гэта будзе не проста спробай, а рэальным спыненнем агню, калі вы гэтага захочаце», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Маніторынг спынення агню па лініі прыпынення, па меркаванні Зяленскага, могуць забяспечыць Злучаныя Штаты.

Таксама Украіна гатовая да абмену ваеннапалоннымі па прынцыпе «ўсіх на ўсіх», і распачаць сур’ёзныя крокі для вяртання грамадзянскіх асоб і дзяцей, што былі вывезены ў ходзе вайны.

«Трэба вызначыць, якой будзе будучыня для ўсіх наступных пакаленняў украінцаў і расіян. Калі вы асабіста ў сваіх думках не прыйдзеце да ідэі, што гэтую вайну час завяршаць, Украіна працягне змагацца за сваё існаванне. У нас будуць тыя, хто нас падтрымае», — папярэдзіў кіраўнік Украіны.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас зносін з журналістамі ў Белым доме пракаментаваў адкрытае пісьмо Уладзіміра Зяленскага Уладзіміру Пуціну і заявіў, што падтрымлівае ідэю іх сустрэчы. «Я рады, што яны, магчыма, гавораць аб сустрэчы», — сказаў Трамп, і назваў Зяленскага і Пуціна «добрымі людзьмі» з дзвюх «неверагодных краін».

Таксама ён дадаў, што Амерыка «многае зрабіла» для такой сустрэчы. «Я думаю, было б цудоўна, калі б яны сустрэліся. Яны павінны гэта зрабіць. Завяршыце гэта», — рэзюмаваў ён.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі інфармагенцтваў заявіў, што Расія зможа і атрымаць Данбас пад свой кантроль, і заключыць мірную здзелку з Украінай.

У кіраўніка Крамля спыталі, чаго ён хоча: кантраляваць увесь Данбас ці заключыць здзелку. «Адно другога не выключае — кантраляваць увесь рэгіён Данбаса і заключыць здзелку. З чаго вы ўзялі, што гэта знаходзіцца ў супярэчнасці?» — адказаў Пуцін.

Асобна ён запэўніў, што нібыта «безумоўна гатовы» і хоча дамовіцца з Украінай мірнымі сродкамі. Але толькі «на той базе», пра якую гаворка ішла ў Анкорыджы падчас яго сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Ён у чарговы раз нафантазіраваў, што сітуацыя на полі бою для Украіны нібыта дрэнная, а Еўрасаюз мог бы «дапамагчы» ўрэгуляваць вайну РФ супраць Украіны. У разуменні Пуціна дапамога ЕС павінна заключацца ў спыненні паставак зброі ўкраінскім абаронцам, і ва ўгаворах Украіны пайсці на кампраміс.

Пры гэтым на сустрэчы з замежнымі журналістамі ў Пецярбургу Пуцін заявіў: краіны ЕС не могуць быць нейтральнымі пасрэднікамі, паколькі самі пастаўляюць зброю Украіне, і зноў успомніў былога канцлера Германіі Герхарда Шрэдэра як магчымага прадстаўніка ЕС на перамовах.

* * *

Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША 4 чэрвеня прыняла законапраект аб падтрымцы Украіны і ўвядзенні новых санкцый супраць Расіі, які заставаўся ў падвешаным стане яшчэ з красавіка 2025 года, паведамляе Reuters.

«Палата прагаласавала 226 галасамі «за» і 195 «супраць» за Закон аб падтрымцы Украіны (Ukraine Support Act), які быў вынесены на разгляд пасля шматмесячнага застою», — гаворыцца ў паведамленні.

Ініцыятыва стала магчымай пасля таго, як напярэдадні невялікая група рэспубліканцаў разам з дэмакратамі падпісала петыцыю аб прымусовым вынясенні законапраекта на разгляд з дапамогай працэдуры discharge petition.

Закон аб падтрымцы Украіны прадугледжвае меры па аднаўленні пасля вайны, больш за 1 млрд долараў дапамогі для Кіева і да 8 млрд долараў у выглядзе прамых крэдытаў. Дакумент таксама ўтрымлівае палажэнні аб узмацненні санкцый і экспартнага кантролю супраць Расіі, у прыватнасці ў адносінах да фінансавых устаноў, нафтавай і горназдабыўной галін, а таксама расійскіх службовых асоб.

Для ўступлення ў сілу закон павінен ухваліць Сенат, рэспубліканскае кіраўніцтва якога не выносіла на галасаванне санкцыйныя ініцыятывы ў адносінах да Расіі, спасылаючыся на чаканне палітычных сігналаў ад Трампа. У выпадку прыняцця ў Сенаце дакумент, верагодна, будзе ветыраваны Трампам. Тэарэтычна, Кангрэс зможа пераадолець вета, але толькі пры падтрымцы дакумента дзвюма трэцімі галасоў як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сенаце.