Уладзімір Зяленскі: Расія збіраецца разгарнуць у Беларусі чатыры станцыі кіравання дронамі
Расія працягвае выкарыстоўваць Беларусь для атак на Украіну, сцвярджае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Тым часам ваенная выніковасць гэтых намаганняў выклікае вялікія пытанні. Аж да таго, што Крэмль ужо цяпер маральна рыхтуе расіян да правалу вяснова-летняга наступу. Ідуць 1490-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 168 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 штурмы расіян ў раёнах Тарэцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Грышына, Пакроўску, Філіі, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак у раёнах Аленаканстанцінаўкі, Залізнічнага, Гуляйполя, Варвароўкі, Зялёнага, Святапятроўкі і Мірнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Клебан-Быка, Сафіеўкі, Іванаполля і ў бок Навапаўлаўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 13 баявых сутыкненняў.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы 10 разоў атакавалі ў раёнах Аляксандраграду, Стэпавага, Новарыгораўкі, Краснагорскага і Злагоды.
* * *
У ноч на 24 сакавіка расійская армія атакавала Палтаўскую вобласць, два чалавекі загінулі, 11 — атрымалі раненні.
У ноч на 24 сакавіка расійская армія нанесла камбінаваны ўдар па Запарожжы, дрон трапіў у шматпавярховік, адзін чалавек загінуў, 5 — атрымалі раненні.
Вечарам 23 сакавіка расійская армія атакавала БпЛА Адэскі раён. Адзін з беспілотнікаў трапіў у прыпынак грамадскага транспарту. Пацярпелі два чалавекі — 18-гадовая дзяўчына і 51-гадовы мужчына.
У ноч на аўторак, 24 сакавіка, Польшча пачала аперацыі польскай і саюзнай авіяцыі, а таксама прывяла сістэмы проціпаветранай абароны ў стан вышэйшай гатоўнасці з-за чарговай масіраванай расійскай атакі на Украіну. У паветра была паднятая пара знішчальнікаў і самалёт ранняга папярэджання.
* * *

* * *
Расійскія ўлады ўвялі цынічную схему папаўнення страт на фронце. Замест адкрытай вярбоўкі, якая выклікае пратэсты ў краінах Азіі і Афрыкі, у РФ разгарнулі маштабны ціск на мігрантаў, паведамляе Служба знешняй выведкі Украіны.
«На фоне значных страт ва Украіне Крэмль звярнуўся да новага рэзерву: мігрантаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі без грамадзянства. Паколькі большасць краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі афіцыйна выступаюць супраць вярбоўкі сваіх грамадзян у расійскую армію, Масква выбрала абыходны шлях — штучна ствараць умовы, пры якіх знаходжанне ў краіне без пашпарта РФ становіцца практычна немагчымым», — сказана ў афіцыйным паведамленні.
Цяпер любая дробная памылка ў дакументах вядзе да дэпартацыі, а адзінай альтэрнатывай выгнанню становіцца падпісанне кантракта з Узброенымі сіламі РФ.
Па дадзеных СВВУ, расійскае МУС дэманструе анамальныя скачкі ў лічбах выправаджэння замежнікаў: у 2024 годзе Расію прымусова пакінулі больш за 157 тысяч чалавек (на 45% больш, чым годам раней). У 2025 годзе колькасць высланых афіцыйна ўпала да 72 тысяч, але прычына не ў гуманнасці — Крэмль разлічвае, што мігранты, якія імкнуцца абараніць свае сем'і і легалізавацца, «добраахвотна» будуць ісці на фронт ва Украіну.
* * *
Расійская армія пачала свой вяснова-летні наступ супраць украінскага «пояса крэпасцяў» у Данецкай вобласці. Пры гэтым у Крамлі загадзя рыхтуюць расіян да нязначных вынікаў, павольнага прасоўвання і велізарных ахвяр, пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Расія накіравала дзясяткі тысяч ваеннаслужачых у знуральныя пяхотныя штурмы, у выніку якіх за чатыры дні загінула і было паранена больш за 6090 чалавек, што складае ў сярэднім каля 1520 страт у дзень, заявіў галоўнакамандуючы УСУ генерал Аляксандр Сырскі. За апошні тыдзень расійскія войскі страцілі ў агульнай колькасці 8710 ваеннаслужачых.
«Такі высокі ўзровень страт з'яўляецца непрымальным, улічваючы цяперашнія тэмпы набору навабранцаў у Расіі, і, верагодна, знізіць здольнасць Расіі праводзіць такія маштабныя штурмы ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве», — падкрэсліваюць аналітыкі.
Расійскія войскі наўрад ці захопяць «пояс крэпасцяў» у 2026 годзе, лічаць аналітыкі ISW. Яны мяркуюць, што расіяне хутчэй дасягнуць нязначных тактычных поспехаў, і тое коштам вялікіх страт.
«Расійскія афіцыйныя асобы ўжо фарміруюць у інфармацыйнай прасторы чаканні адносна павольных прасоўванняў і вялікіх страт. Адзін з дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расіі 23 сакавіка заявіў, што ва ўсіх войнах ёсць ахвяры, але расійскія войскі імкнуцца мінімізаваць страты, прасоўваючыся "няспешна" да Славянска і Краматорска», — адзначаюць аналітыкі.
* * *
Малдова гатовая далучыцца да «кааліцыі рашучых» для дапамогі Украіне. Пра гэта абвясціла прэзідэнтка Малдовы Мая Санду пасля пасяджэння Нацыянальнага савета бяспекі, перадае Newsmaker.
Санду папрасілі пракаментаваць заяву прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які прывітаў рашэнне Малдовы далучыцца да «кааліцыі рашучых» для дапамогі Украіне. Яна ўдакладніла, што Малдова пакуль што толькі выказала гатоўнасць далучыцца.
«Малдова выказала гатоўнасць удзельнічаць у "кааліцыі рашучых". Хачу нагадаць, што мы ўжо аказваем падтрымку Украіне, праводзім навучанне сапёраў. І гэта менавіта тое, што мы можам рабіць і што мы прапанавалі, калі члены "кааліцыі рашучых" прымуць рашэнне аб далучэнні нашай краіны», — адзначыла Санду.
Яна падкрэсліла, што ўдзел у кааліцыі не супярэчыць Канстытуцыі Малдовы.
«Важна, каб мы таксама былі часткай гэтых намаганняў. Як я ўжо казала, нашы спецыялісты могуць праводзіць навучанне і ўдзельнічаць у размінаванні, калі вайна ва Украіне скончыцца», — дадала прэзідэнтка.
Санду адзначыла, што запыт Малдовы яшчэ павінны разгледзець іншыя ўдзельнікі кааліцыі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram заявіў, што Расія збіраецца разгарнуць у Беларусі чатыры станцыі кіравання дронамі.
«Ёсць дакладная інфармацыя, што Расія плануе далейшае разгортванне наземных станцый кіравання беспілотнікамі далёкага дзеяння як на часова акупаванай тэрыторыі Украіны, так і чатырох станцый на тэрыторыі Беларусі», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён даручыў кіраўніку ГУР Мінабароны Алегу Івашчанку праінфармаваць партнёраў Украіны і прадстаўнікоў СМІ пра тое, што можна апублікаваць.
Нагадаем, украінскія хакеры больш за шэсць месяцаў патаемна назіралі за расійскімі аператарамі дронаў і сабралі доказы выкарыстання тэрыторыі Беларусі для атак па Украіне. У канцы лютага Уладзімір Зяленскі намякнуў на правядзенне аперацый па знішчэнні вышак для суправаджэння «Шахедаў» на тэрыторыі Беларусі. З іх дапамогай армія РФ выкарыстоўвала супраць Украіны рэактыўныя дроны.