Уладзімір Зяленскі зноў заявіў, што РФ разглядае сцэнарыі нападу на Украіну праз Беларусь

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зноў заявіў пра небяспеку з боку Беларусі, але спадзяецца, што хутка будзе новы раўнд мірных перамоў, і расійцы на яго прыйдуць. Тым часам ЗША прапануе даць Лукашэнку «пернік». А датычна РФ паступіла прапанова выгнаць яе з Саўбезу ААН. Ідуць 1548-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

491835483_1022893253357086_8736122056664995942_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 233 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 35 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Грышына, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Зацішак, Ніканораўкі, Шаўчэнка, Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкага.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 29 атак у бок Новага Запарожжа, Уздвіжаўкі, Цвятковага, Стараўкраінкі, Дабраполля, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Аленаканстанцінаўкі, Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы правялі 27 атак у бок Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Тарэцкага, Навапаўлаўкі, Сафіеўкі, Вольнага, Біліцкага ды Кучарава Яру.

На Ліманскім кірунку армія РФ 13 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Дробышава, Дзіброва, Азёрнага, Стаўкі, Ліману, Ямпалю.

На Купянскім кірунку расійцы атакавалі сем разоў, на Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку — шэсць разоў, на Аляксандраўскім, Паўднёва-Слабажанскім і Славянскім кірунках — па пяць разоў на кожным.

* * *

Расійскія войскі зноў нанеслі ўдар па Дняпры. Пацярпела 58-гадовая жанчына.

Адзін чалавек загінуў і яшчэ двое пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па Ноўгарад-Северскім раёне ў Чарнігаўскай вобласці.

Расійскія войскі ўдарылі беспілотнікам па прамысловым прадпрыемстве ў Крывым Розе, абышлося без пацярпелых.

На фоне паведамленняў аб «беспілотнай небяспецы» на нафтаперапрацоўчым заводзе ў горадзе Сызрань Самарскай вобласці Расіі ўспыхнуў пажар. Гарыць адна з установак па перапрацоўцы нафты.

* * *

701960505_1338586245121117_2655509638077901959_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 20 траўня расказаў пра «добрыя кантакты» з ЗША, на падставе якіх ён выказаў надзею на аднаўленне мірных перамоваў з РФ, у тым ліку пры магчымым удзеле еўрапейцаў.

«У нашай каманды былі добрыя кантакты з амерыканскім бокам – і па пытаннях нашага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, і па дыпламатыі ў дачыненні да расіян. Калі ўдасца ў бліжэйшыя тыдні вярнуцца да змястоўнай трохбаковай камунікацыі і калі ўдасца прыцягнуць еўрапейцаў, гэта будзе правільным вынікам», — заявіў ён.

Ён падкрэсліў, што Украіна гатовая да такіх адпаведных крокаў: «Я разлічваю, што партнёры таксама будуць гатовыя і што расіяне не будуць хавацца».

* * *

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік заклікаў дзяржавы-члены ААН знайсці палітычны і юрыдычны механізм для пазбаўлення Расіі статусу пастаяннага члена Савета Бяспекі.

Мельнік падчас адкрытых дэбатаў у Савеце Бяспекі заявіў, што сярод усіх войнаў і канфліктаў у свеце расійская агрэсія супраць Украіны «вылучаецца жорсткасцю і сістэматычным характарам гвалту, які здзяйсняецца супраць грамадзянскага насельніцтва».

Ён адзначыў, што зімой РФ сістэматычна атакавала энергетычную інфраструктуру Украіны, спрабуючы «холадам прымусіць мільёны цывільных асоб падпарадкавацца». Таксама ён паведаміў, што расіяне прымяняюць тактыку так званых «падвойных удараў», калі пасля першай атакі ажыццяўляецца другая – «выключна для таго, каб забіць медыцынскі персанал і ратавальнікаў».

«Усе юрыдычныя абавязацельствы па абароне грамадзянскага насельніцтва ў канчатковым выніку застануцца пустымі словамі, калі акты агрэсіі і звязаныя з імі ваенныя злачынствы не будуць пакараныя», — заявіў Мельнік.

* * *

ЗША прапанавалі Украіне абмеркаваць з Еўрапейскім саюзам магчымае змякчэнне санкцый у дачыненні да экспарту беларускіх калійных угнаенняў, піша Bloomberg.

Як адзначае Bloomberg, калійныя ўгнаенні — адна з ключавых экспартных пазіцый Беларусі да 2022 года і важная крыніца даходаў для рэжыму Лукашэнкі. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і падтрымкі Мінскам дзеянняў Масквы Еўрапейскі саюз і ЗША ўвялі абмежавальныя меры супраць беларускага экспарту, уключаючы ўгнаенні.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, у ЗША лічаць, што частковае змякчэнне санкцыйнага рэжыму можа паўплываць на знешнепалітычную арыентацыю Мінска. У Вашынгтоне разлічваюць, што гэта здольна палепшыць адносіны Беларусі з Захадам і паменшыць яе залежнасць ад Расіі.

Пры гэтым размова ідзе не пра поўную адмену абмежаванняў, а пра магчымыя кропкавыя змены санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да ключавога экспартнага сектара, адзначае выданне.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зноў заявіў, што расіяне разглядаюць сцэнарыі нападаў на Украіну праз Чарнігаўска-Кіеўскі кірунак з Беларусі і Бранскай вобласці.

«Вядома, ужо мы працуем, каб нашу абарону на кірунку ўзмацніць. Адпаведныя даручэнні ёсць для ваеннага камандавання, але асобна таксама мы робім прэвентыўныя крокі як па Беларусі, так і па вызначаных частках Расіі, адкуль ёсць пагроза», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі дадаў, што разлічвае на актыўную працу ўкраінскага МЗС па Беларусі — у прыватнасці, неабходна ўзмацніць ціск і ўзмацніць каардынацыю з партнёрамі Украіны.

«Шчыра кажучы, надакучыла ўжо, што пастаянна ёсць такая пагроза для Украіны, што расіяне ў нейкі момант могуць уцягнуць Беларусь у пашырэнне вайны. Там павінны разумець: наступствы для іх будуць, і будуць значнымі», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Украіны заявіў, што дадатковыя задачы, пакуль непублічныя, па гэтай пагрозе ёсць для разведкі. Зяленскі дадаў, што ва Украіны ёсць канкрэтныя магчымасці рэагаваць на любую пагрозу з расійскай тэрыторыі.