Сырскі: Расійскі Генштаб актыўна пралічвае і плануе наступальныя дзеянні з Беларусі

Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі лічыць, што пагроза расійскага ўварвання з тэрыторыі Беларусі цяпер рэальная. Але прывядзе гэта толькі да расцягвання фронту і павышэння расійскіх страт. Бо УСУ знайшлі спосаб нейтралізаваць галоўную тактыку расійскай арміі апошніх двух гадоў. Ідуць 1547-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

546559891_1136568235322920_6427866341915045684_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 250 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 штурмы расіян у раёнах Дарожнага, Радзінскага, Аляксандраўкі, Пакроўску, Грышына, Котліна, Новапаўлаўкі, Удачнага, Маладзецкага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 23 атакі расіян у раёнах Раўнаполля, Радаснага, Рыбнага, Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі, Новага Запарожжа, Стараўкраінкі, Чароўнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі і Доўгай Балкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках расіяне па 11 разоў на кожным штурмавалі пазіцыі Сіл абароны Украіны.

* * *

Сітуацыя на фронце застаецца напружанай, паколькі расійскія войскі спрабуюць прасоўвацца адразу па некалькіх кірунках, аднак украінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі і пераходзяць да актыўных дзеянняў у адказ, расказаў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю каналу «Мілітарны».

Па словах Сырскага, расійскія сілы засяроджваюць наступальныя дзеянні на некалькіх кірунках: Пакроўскім, Ачарэцінскім, Аляксандраўскім, Канстанцінаўскім, Ліманскім і часткова Купянскім. Фіксуюцца дзеянні нізкай інтэнсіўнасці ўздоўж мяжы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях.

Украінскія войскі ў адказ прымяняюць прынцып актыўнай абароны, спалучаючы контратакі і наступальныя дзеянні, на асобных участках — перахопліваюць стратэгічную ініцыятыву. Напярэдадні стала вядома, што расіян выбілі са СцяпаноўскаЗапарожскай вобласці.

Сырскі адзначыў, што Сілы абароны Украіны кампенсуюць колькасную перавагу РФ якасцю вядзення баявых дзеянняў і прымушаюць расійскія войскі мяняць тэмпы і тэрміны выканання задач.

* * *

Два чалавекі загінулі і яшчэ шэсць атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару па горадзе Дняпро ноччу 20 траўня.

Расійскія войскі нанеслі ўдар па горадзе Канатоп Сумскай вобласці; адбылося пападанне ў шматпавярховы будынак, пад заваламі могуць знаходзіцца людзі. Таксама пашкоджана раённая бальніца і разбураны музей. Пацярпела мінімум шэсць чалавек.

У сераду, 20 траўня, расійская армія нанесла ўдар па Запарожскай вобласці, у выніку быў разбураны прыватны дом. Пацярпелі чатыры чалавекі, у іх ліку — 2-гадовы хлопчык і 12-гадовая дзяўчынка.

У ноч на 20 траўня расійская армія атакавала Адэсу, ёсць разбурэнні.

Ноччу 20 траўня ўкраінскія дроны зноў атакавалі хімічны комплекс «Невіннамыскі Азот» у Стаўрапольскім краі Расіі. У прамзоне адбыўся пажар. Гэта ўжо другая атака на прадпрыемства за апошнія дні, першая адбылася ў суботу, 16 траўня.

* * * 

703111770_1337788201867588_8007936516626343582_n.jfif

* * *

Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднаных узброеных сіл NATO ў Еўропе Алексус Грынкевіч пасля пасяджэння Ваеннага камітэта NATO ў штаб-кватэры Альянсу заявіў, што ўсё амерыканскае ўзбраенне, закупленае ў рамках праграмы PURL за сродкі еўрапейскіх саюзнікаў, ужо эксплуатуецца ва Украіне.

Размова, у прыватнасці, ідзе пра перахопнікі для сістэм проціпаветранай абароны, якіх Украіна востра патрабуе, удакладніў Грынкевіч.

Ён падкрэсліў, што падтрымка Кіева праз праграму PURL і іншыя механізмы застаецца крытычна важнай, адзначыўшы, што «інвестуючы ва Украіну», альянс «не толькі абараняе іх насельніцтва, іх крытычна важную інфраструктуру і падтрымлівае іх барацьбу», але гэта таксама з’яўляецца «інвестыцыямі ў еўрапейскую бяспеку».

Грынкевіч адзначыў, што вайна ва Украіне працягваецца ўжо пяты год, Узброеныя Сілы Украіны працягваюць «дэманстраваць надзвычайную стойкасць і інавацыі».

* * *

Узброеныя сілы Украіны знайшлі спосаб нейтралізаваць галоўную тактыку расійскай арміі апошніх двух гадоў, піша The Wall Street Journal.

Размова ідзе пра расійскую тактыку так званага «прасочвання», з дапамогай якой расіянам, нягледзячы на вялікія страты, удавалася павольна прасоўвацца. Яшчэ з лютага фронт практычна застыў, а падраздзяленні УСУ ўсё часцей праводзяць паспяховыя контратакі.

Выданне адзначае, што тэмпы прасоўвання арміі РФ у гэтым годзе аказаліся самымі нізкімі за апошнія два гады, а страты, якія дасягаюць 35 тысяч забітымі і цяжка параненымі ў месяц, практычна не даюць вынікаў.

Украінцы навучыліся адсочваць і ліквідаваць практычна ўсіх салдат праціўніка з дапамогай дронаў і груп зачысткі, расказаў газеце Роб Лі з амерыканскага Інстытута даследаванняў знешняй палітыкі, які шмат часу праводзіць у Кіеве і на перадавой.

Як пісалі расійскія «ваенкоры», звычайна да «перадка» ў выніку дабіраецца 1-2 чалавекі з дзесяці. Але нават у такой тактыцы «мы назіраем спад аддачы» ў выніку адаптацыі дзеянняў УСУ з мінулага года, канстатуе Лі.

Некаторыя ўкраінскія падраздзяленні адтачылі навыкі контратакуючых аперацый, у якіх дроны, у прыватнасці наземныя, выкарыстоўваюцца разам з пяхотай.

У красавіку, па падліках Інстытута вывучэння вайны, расійскія войскі панеслі чыстыя тэрытарыяльныя страты, страціўшы кантроль над 116 кв. км. А ў залежнасці ад таго, як эксперты класіфікуюць «шэрую зону», некаторыя з іх лічаць, што апошнія тыдні Расія страціла больш тэрыторыі, чым заняла.

«Гаварыць пра пералом сітуацыі на перадавой пакуль зарана, але яна ўсё больш пачынае складвацца на карысць Украіны, лічаць ваенныя эксперты», – адзначаецца ў публікацыі.

* * * 

Расіяне разглядаюць магчымасць правядзення аперацыі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі. Вораг можа весці падрыхтоўку да такіх дзеянняў, заявіў у інтэрв’ю «Мілітарнаму» галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

Генерал нагадаў пра апошнія даныя ўкраінскай разведкі, якія агучваў прэзідэнт УкраіныУладзімір Зяленскі. Размова ідзе пра пагрозу расійскай аперацыі з боку Беларусі. «Магчымая аперацыя на поўначы рэальная. Мы ведаем даныя, што расійскі Генштаб зараз актыўна пралічвае і плануе аперацыі наступальных дзеянняў з поўначы», — сказаў Сырскі.

Ён звярнуў увагу, што ў выпадку, калі вораг рэалізуе такія планы, фронт павялічыцца.

* * *

Расія пачала ядзерныя вучэнні, каб паспрабаваць націснуць на саюзнікаў Украіны, а таксама адцягнуць увагу ад правалаў на полі бою, мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Міністэрства абароны РФ 19 траўня абвясціла пра правядзенне з 19 па 21 траўня маштабных вучэнняў па падрыхтоўцы і прымяненні ядзерных сіл у адказ на нібыта «пагрозу агрэсіі». Па даных расійскага абароннага ведамства, удзел у вучэннях прымаюць больш за 64 тысячы ваенных і больш за 7800 адзінак тэхнікі. У Мінабароны РФ таксама заявілі, што адпрацоўваюцца сумесныя аперацыі з выкарыстаннем расійскай ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Беларусі.

18 траўня беларускае абароннае ведамства паведаміла пра старт сумесных расійска-беларускіх ядзерных вучэнняў.

Аналітыкі ISW лічаць, што Масква спрабуе выкарыстаць вучэнні для інфармацыйнага ціску на NATO. Пры гэтым войскі РФ пакуль не дасягнулі значных вынікаў у сваім вяснова-летнім наступленні ва Украіне.

На гэтым фоне намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў заявіў пра нібыта «прамое сутыкненне» паміж Расіяй і NATO з «катастрафічнымі наступствамі», і абвінаваціў краіны Альянсу ў «ядзерных правакацыях».

У ISW лічаць, што такімі заявамі Крэмль спрабуе прымяніць тактыку інфармацыйнага ўздзеяння, каб аслабіць адзінства саюзнікаў Украіны і зменшыць падтрымку Кіева.