Лукашэнка шукае калідор у Кіеў? Чаму беларускі кіраўнік выбачаецца перад Зяленскім

На гэтым тыдні Беларусь зноў узнікла ў фокусе ўвагі калі не сусветных СМІ, то дакладна сацсетак. Дзве падзеі нас узрушылі — гэта прабачэнні Лукашэнкі перад Уладзімірам Зяленскім у эфіры тэлеканала Al Arabiya English, і атака дрона на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці. Паглядзім на гэта больш уважліва?

Фота з inbusiness.kz

Фота з inbusiness.kz

У інтэрв'ю Al Arabiya English беларускі кіраўнік зрабіў практычна небывалае, бо звычайна ён лічыць сябе самым аўтарытэтным і самым бязгрэшным палітыкам. Але тут ён раптам заявіў: «Можа быць, я недзе і перабольшыў, але гэта быў адказ на яго заявы неўпапад: "Ды ў нас 500 мэтаў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, беспілотнікамі". Я маўчаў. Нават усе здзіўляліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім прэсам, малады чалавек, неспрактыкаваны, ён не ваенны чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала <…> Калі Уладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я выбачаюся перад ім за гэтыя словы. Можа, і не трэба было, улічваючы тое, што ён усё-ткі ваюе. Можа, мне і не трэба было так рэзка казаць пра гэта. Але, з іншага боку, ён павінен разумець, у нас часта кажуць: як спяваюць, так і адпяваюць».

Многія думаюць, што Лукашэнка выбачаецца за тое, што сказаў у адказ на прамову камандзіра Сіл беспілотных сістэм Украіны Роберта «Мадзяра» Броўдзі пра 500 мэтаў у РБ: «Яны, можа, і вызначылі 500 мэтаў. <…> У нас ёсць адна мэта, вельмі сур'ёзная, з дакладнымі каардынатамі. І зусім недалёка ад Беларусі». Але палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што тады ж Лукашэнка ў дадатак назваў выказванні Зяленскага «баўбатнёй», «трэпам», а таксама выказаў здагадку, што яны зроблены пасля таго, як той «недзе курнуў, недзе кальнуў». То-бок выдаў наратыў расійскай прапаганды, якая прыпісвае кіраўніку Украіны наркаманію.

І тут варта пагадзіцца з Класкоўскім — хутчэй за ўсё, Лукашэнка выбачаўся менавіта за гэта. Рыторыка наконт «памерацца колькасцю мэтаў» — яна дапушчальная ў рэзкіх размовах. Але чаго Лукашэнка не пераварвае ў дачыненні да сябе асабіста — гэта пераходаў на тую самую асобу.

Усім вядома, што Лукашэнка — эгацэнтрык, чалавек, які шчыра лічыць цэнтрам сусвету выключна ўласнае «я». Асабістая абраза — самае балючае, што можна зрабіць Лукашэнку. І ён лічыць, што ўсе астатнія, у тым ліку і Зяленскі — такія ж, як ён, і ўспрымаюць гэта таксама вельмі балюча.

Але ўсё ж — чаму Лукашэнка выбачаецца? Апроч асабістага? Бо гэта можна лічыць нават спробай зноўку наладзіць адносіны з кіраўніком Украіны.

Усё становіцца больш зразумела, калі выйсці за ўзровень цытат і пачытаць інтэрв'ю Лукашэнкі цалкам. Там шмат цікавых рэчаў — тое, што Лукашэнка агучвае і частку прарасійскіх наратываў, напрыклад, што расійская армія «павольна, але прасоўваецца» на фронце ва Украіне. Але пры гэтым бачныя ясна і іншыя пасылы: НАТА не ўмешваецца ў гэтую вайну, Беларусь таксама не павінна ўмешвацца, Беларусь вельмі ўразлівая ў ваенных адносінах, мы не хочам гінуць за чужыя інтарэсы. І тое, што «абсалютна недапушчальна, каб вайна Украіны з Расіяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі».

І сказаў, што вайну ва Украіне можна скончыць у гэтым годзе.

Нават неяк безнадзейна прапанаваў свой удзел у гэтым працэсе: «Нам трэба перажыць гэты канфлікт, сесці за стол перамоваў утрох — Лукашэнка, Пуцін і Зяленскі — і дамовіцца, як будзем пераадольваць наступствы гэтага канфлікту». Утрох — таму што гэтая «вайна ідзе ў нас у агародзе». Праўда, яна ж ідзе ў «агародзе» Польшчы, Румыніі, Малдовы, Венгрыі… Чаму б і іх не запрасіць?

Вось гэта самае галоўнае — меркаванне Лукашэнкі, што вайна можа скончыцца ў гэтым годзе. Таму што калі яна ў гэтым годзе скончыцца, то ні ў якім разе не так, як гэтага хочацца Расіі. Расіі трэба будзе альбо патлумачыць, за што загінулі паўмільёна расійскіх салдат (а яшчэ мільён былі параненыя), альбо…

Многія даўно казалі, што Беларусь можа паслужыць «кампенсацыяй» Пуціну за пройгрыш у вайне. Маўляў, з Украінай не атрымалася, дык ў Беларусі можна адразу ж правесці рэферэндум і дзякуючы сістэме, выбудаванай Аляксандрам Лукашэнкам (sic!), заявіць аб «мірным далучэнні» РБ да РФ. І на фоне такой значнай « перамогі» параза ва Украіне забудзецца вокамгненна.

Праўда, такі паварот неяк не прадугледжвае ролі Лукашэнкі, і нават яго існаванне пры гэтым сцэнарыі становіцца пытаннем. Лукашэнка гэта адчувае, і спрабуе знайсці саюзнікаў. Не выпадкова ён у інтэрв'ю англамоўнаму тэлеканалу ніяк не лаяў ані ЗША, ані НАТА, якія ў арабскім свеце папулярнасцю, мякка кажучы, не карыстаюцца.

Штаты могуць быць саюзнікам, асабліва ў рэжыме цяперашняга «пацяплення». Тое, што Лукашэнку няма чаго ім прапанаваць, акрамя палітвязняў, — іншае пытанне. Галоўнае, што ЗША пастаянна падкрэсліваюць прыхільнасць да незалежнасці і суверэнітэту Беларусі (гэта, дарэчы, рэгулярна згадваецца ў так нелюбімых Лукашэнкам «Актах аб дэмакратыі ў Беларусі»). Але Штаты далёка, і ваяваць з Расіяй не будуць. А вось Украіна, якая пры любым мірным пагадненні будзе асцерагацца трэцяй агрэсіі РФ у гэтым стагоддзі…

І таму трэба папрасіць прабачэння ў Зяленскага, і ўсяляк падкрэсліваць, што мы Украіне не ворагі, і не дай Бог не ўвязацца ў чарговую авантуру з чарговым нападам на Украіну з нашай тэрыторыі. А раптам Зяленскі ацэніць, і, у выпадку правядзення несанкцыянаванага Лукашэнкам рэферэндума аб далучэнні да Расіі, увядзе ў Беларусь полк Кастуся Каліноўскага разам з палком «Пагоня»? Іх можна пастарацца пераканаць, што «абарона суверэнітэту і незалежнасці Беларусі» —  больш важна, чым звяржэнне Лукашэнкі (такія думкі ўкідаюцца ў інфармацыйную прастору ўжо даўно і доўга).

Канешне, увядзенне войскаў у РБ з Украіны — у нечым фантастыка. Але зменшага, Украіна дасць хаця б «бяспечны калідор» для эвакуацыі Лукашэнкі з РБ…

Менавіта пасля гэтага інтэрв'ю Лукашэнкі, у аўтобус з беларускімі дзецьмі, які ехаў па Бранскай вобласці на адпачынак у Геленджык, прылятае дрон. Адзін чалавек загінуў, восем чалавек пацярпелі, сярод іх шасцёра дзяцей. Кіраўнік Бранскай вобласці і расійскі Следчы камітэт адразу ж абазвалі гэты дрон «украінскім».

Дзіўнага тут шмат Па-першае, хуткасць абвяшчэння дрона «украінскім»: ці была праведзена экспертыза? Які тып дрона? Нам шмат кажуць пра «ўкраінскі», але не назвалі нават тып. Па-другое, расійскія дроны ў Бранскай вобласці не лятаюць? Яны нават у Беларусі лятаюць. Па-трэцяе, мы вельмі шмат чулі пра траплянні расійскіх дронаў у маршруткі, мікрааўтобусы, прыватныя аўтамабілі, пасажырскія электрычкі… Але дроны УСУ ў такім заўважаныя не былі — прынамсі, не сістэмна. Дый сам Генштаб УСУ адмаўляе прымяненне беспілотнікаў у Бранскай вобласці ў час, калі была здзейснена атака на аўтобус.

Рэакцыя беларускіх уладаў на гэты інцыдэнт таксама была, мякка кажучы, дзіўнаватай. Нашае МЗС, вядома, абурылася, але усяго толькі запатрабавала «ад украінскага боку вычарпальных тлумачэнняў».

Але значна больш беларускае МЗС звярнула ўвагу «на неабходнасць няўхільнага захавання парадку арганізацыі выезду груп грамадзян, у асаблівасці дзяцей, на аздараўленне і адпачынак у замежныя дзяржавы», і «абавязковасць безумоўнага выключэння выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеянняў і сумежных з імі рэгіёнаў».

А мясцовыя ўлады, у прыватнасці намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў, што вінаватыя перавозчыкі — бо выбралі небяспечны маршрут. Дый наогул «у Беларусі хапае спартыўных збудаванняў, магчымасці нададзены. Якая можа быць неабходнасць рухацца ў небяспечнай зоне?»

Вось тут варта задумацца: чаму дрон так «удала» трапіў у беларускі аўтобус — якраз пасля «міратворчай» прамовы Лукашэнкі? Чаму беларускія ўлады імкнуцца спусціць сітуацыю на тармазах?

Можа быць таму, што ведаюць, што ўкраінскіх дронаў там сапраўды не было? І гэта своеасаблівая «рэакцыя Пуціна» на інтерв'ю Лукашэнкі?

Бо Пуцін жа майстра «асіметрычных адказаў».