Урсула фон дэр Ляен: ЕС вылучыць Украіне дадатковыя 3,3 мільярды еўра на ракеты і беспілотнікі

Гэтыя сродкі паступаць для Украіны ўжо сёння. Тым часам ЕС таксама ўкладзецца ў стварэнне супрацьбалістычнай сістэмы Freya. Гэта становіцца ўсё больш актуальным, бо існуе верагоднасць удару РФ па краінах NATO, якую потым назавуць «выпадковым інцыдэнтам». Ідуць 1668-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

515503580_1081727210807023_3493217157811818382_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 230 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 верасня.

На Пакроўскім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Ганнаўка, Дабраполле, Новы Донбас, Навагрышына, Васільеўка, Сяргееўка, Маладзецкае, Навапаўлаўка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 19 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Асікава, Доўгай Балкі, Прытулку, Стэпаў і Вольнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 14 атак расіян у бок населеных пунктаў Малая Воўчая, Бугаеўка, Казачая Лопань, Ліман, Прыліпка, Цярновае, Караічнае, Патыханава, Рыбалчына і Захараўка.

На Ліманскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Капанкі, Грэкаўка, Шыйкаўка, Навасёлаўка, Ліман і Дзіброва.

* * *

У ноч на 18 верасня Расія атакавала Украіну 93 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (46 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя», «Бандэроль»/«Дань-Т». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 69 БпЛА тыпу Shahed, Гербера, «Бандэроль»/«Дань-Т», дронаў іншых тыпаў.

Пяцёра чалавек, у тым ліку трое дзяцей, пацярпелі ў выніку расійскага ўдару па Кіеўскай вобласці раніцай 18 верасня.

У выніку масіраванай атакі расійскіх беспілотнікаў на Канатоп Сумскай вобласці былі пашкоджаныя навучальныя і медыцынскія ўстановы, прыватныя жылыя дамы, а таксама газаразводная сетка і чыгунка. Траўмы атрымалі дзве жанчыны.

Армія РФ увечары 17 верасня нанесла ўдар па гандлёвым цэнтры «Амстор» у Запарожжы.

Два чалавекі загінулі і яшчэ двое пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па прамысловым парку ў Карасценскім раёне Жытомірскай вобласці вечарам 17 верасня.

* * * 

814584720_1047571601387308_222140450053571332_n.jfif

* * *

Белы дом разглядае магчымасць заключэння асобных эканамічных і іншых пагадненняў з Расіяй яшчэ да заканчэння вайны ва Украіне, паведамляе выданне The New York Times.

У Белым доме спадзяюцца, што эканамічнае супрацоўніцтва можа стаць адным з інструментаў прасоўвання перамоўнага працэсу, хаця раней Трамп агучваў іншую пазіцыю: эканамічныя пагадненні з Расіяй не павінны былі заключацца «пакуль мы не ўрэгулюем вайну».

Аднак унутры амерыканскай адміністрацыі няма поўнай згоды па гэтым пытанні. Частка чыноўнікаў лічыць, што наданне Расіі эканамічных стымулаў да заканчэння вайны можа аслабіць рычагі ціску на Крэмль.

Сам Трамп у апошні час неаднаразова заяўляў, што лічыць Пуціна гатовым да заключэння пагаднення. У той жа час перагаворы аб спыненні вайны застаюцца без істотнага прарыву. Масква працягвае настойваць на сваіх патрабаваннях, тады як Кіеў дамагаецца гарантый бяспекі і ўмоў, якія не дазволілі б Расіі аднавіць вайну.

* * *

Страшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен па выніках тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заявіла, што Еўрасаюз вылучыць Украіне дадатковыя 3,3 мільярды еўра на закупку ракет і беспілотнікаў, а таксама рыхтуе да запуску новую праграму сумесных абаронных праектаў.

Па яе словах, сродкі на набыццё ўзбраення паступяць Украіне ўжо сёння, у пятніцу, 18 верасня.

Фон дэр Ляен таксама заявіла аб гатоўнасці выкарыстаць рэшту сродкаў з механізма SAFE для запуску новай праграмы сумесных абаронных праектаў паміж Еўрасаюзам і Украінай. «Мы хочам сумесна распрацаваць еўрапейскую сістэму супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, абапіраючыся на нашу сумесную супрацьбалістычную сістэму Freya. Каб мы маглі аб'яднаць баявы вопыт і інавацыі Украіны з еўрапейскімі тэхналогіямі і прамысловым патэнцыялам», — сказала яна.

* * *

Сучасныя ўкраінскія тэхналогіі на полі бою зводзяць жыццё расійскага навабранца да 20-30 хвілін, сказаў кіраўнік Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Дэн Кейн на канферэнцыі Air, Space & Cyber Conference.

«Задумайцеся пра гэта. Вось што адбываецца, калі танныя высокадакладныя сродкі хутка ўкараняюцца, адаптуюцца і маштабуюцца на полі бою», — дадаў ён.

Генерал Кейн растлумачыў крытычныя страты арміі РФ імклівым развіццём ваенных тэхналогій, масавым і эфектыўным выкарыстаннем украінскіх дронаў з падтрымкай штучнага інтэлекту (кампутарнага зрок). Яны здольныя паражаць мэты нават пры адсутнасці GPS-навігацыі.

* * *

Расійскі рынак анлайн-гандлю з-за атак украінскіх дронаў на склады буйных маркетплейсаў можа недалічыцца каля 400 млн заказаў і да 400 млрд рублёў выручкі, піша The Moscow Times.

Выданне спасылаецца на прагноз расійскага рынку анлайн-гандлю, праведзены аналітычнай кампаніяй Data Insight. Аналітыкі цяпер чакаюць, што па выніках 2026 года аб'ём рынку складзе каля 9,6 млрд заказаў супраць 10 млрд, што раней прагназавалася. Аб'ём продажаў, згодна з новай ацэнкай, можа скласці 15 трлн рублёў замест чаканых раней 15,4 трлн рублёў.

Перагляд прагнозу звязаны менавіта з наступствамі атак на складскую інфраструктуру маркетплейсаў. Асноўная частка страт прыходзіцца на Wildberries.

* * *

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск папярэдзіў, што Расія можа нанесці ўдары дронамі і ракетамі «гібрыднага тыпу» па краінах, якія падтрымліваюць Украіну, піша Bloomberg.

Па словах Туска, галоўная мэта Крамля зараз — разбурыць эканоміку і лагістыку Украіны, а таксама аслабіць рашучасць NATO праз атакі на дзяржавы-члены Альянсу. Ён назваў такі сцэнарый «найбольш верагодным».

«Існуе рэальная рызыка таго, што дроны або іншыя тыпы ракет могуць заляцець на тэрыторыю адной або некалькіх краін NATO на ўсходнім фланзе і нават выклікаць разбурэнні», — адзначыў польскі прэм'ер.

«А афіцыйная версія будзе заключацца ў тым, што гэта быў выпадковы інцыдэнт і што няма ніякіх падстаў разглядаць які-небудзь адказ NATO», — заявіў Туск.