Дональд Трамп ізноў просіць Уладзіміра Зяленскага спыніць удары па расійскіх НПЗ
Памятаеце, як кіраўнік ЗША Дональд Трамп заявіў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, што ў таго «няма картаў» у вайне з Расіяй? Падобна, цяпер «няма картаў» у самога Трампа. Ён неаднаразова просіць Зяленскага спыніць удары па расійскай нафтаперапрацоўцы. Пры гэтым нічога не прапануе Украіне — бо няма чаго прапанаваць узамен? Ідуць 1671-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 238 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 верасня.
На Ліманскім кірунку расіяне 15 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Наваегараўкі, Навасёлаўкі, Дробышава, Лімана і Шыйаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 24 атакі ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Іллінаўўкі, Доўгай Балкі, Мікалаеўкі, Тарэцкага, Прытулку, Кучарава Яру, Вольнага, Новага Шахавага і Навасёлаўкі.
На Пакроўскім кірунку зафіксавана 19 атак у бок населеных пунктаў Новы Донбас, Вадзянскае, Дабраполле, Навагрышына, Навападгародняе, Сяргееўка, Маладзецкае і Васільеўка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі сем атак расійцаў.
* * *
У ноч на 21 верасня Расія атакавала Украіну 172 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (64 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя», а таксама «Бандероль»/«Дань-Т». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 147 БпЛА.
У Запарожжы ў выніку чарговай расійскай атакі пашкоджана грамадзянская інфраструктура: два шматпавярховыя дамы, навучальная ўстанова і гандлёвы цэнтр. Вядома пра як мінімум пяць параненых.
Вечарам 20 верасня расійскія БпЛА двойчы атакавалі Сумы, у прыватнасці нанеслі ўдар каля жылога дома, у выніку чаго загінула жанчына, а яе муж атрымаў раненні.
У трох раёнах Кіеўскай вобласці ў нядзелю ўвечары ў выніку атак варожых БПЛА адбыўся пажар на тэрыторыі прамысловай зоны, загарэўся будынак СТА і прыватны дом.
У выніку атакі БпЛА ў Кіеве 20 верасня паранена жанчына.
Раніцай 21 верасня беспілотнікі атакавалі Уфу ў Башкартастане. Па папярэдніх даных, пад удар магла трапіць нафтаперапрацоўчая інфраструктура «Башнафты».
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, яны дамовіліся пра сустрэчу ў Нью-Ёрку.
«Важная размова, і мы паспелі абмеркаваць многае. Дамовіліся аб сустрэчы ў Нью-Ёрку, і гэтая сустрэча можа многае змяніць», — паведаміў Зяленскі ў сацсетках.
«Ёсць ідэі адносна захадаў па дээскалацыі і фундаментальных пытанняў бяспекі — энергетычнай, харчовай, абароны жыцця людзей. Працуем разам з амерыканскай камандай і гатовыя прадпрымаць сапраўды сур'ёзныя крокі», — дадаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Выданне Axios піша, што падчас тэлефоннай размовы Дональд Трамп неаднаразова прасіў Уладзіміра Зяленскага спыніць атакі на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы — такія ўдары, па яго словах, павышаюць сусветныя цэны на дызельнае паліва.
«Слова "дызель" згадвалася падчас размовы шмат разоў», — распавяла выданню крыніца.
Гэта не першы раз, калі Трамп просіць Зяленскага пра гэта — раней прэзідэнт ЗША ўжо казаў, што папрасіў украінскага лідара спыніць удары па НПЗ Расіі, і нават заяўляў аб «энергетычным перамір'і». Пра тое, што Трамп прапануе Зяленскаму ўзамен на спыненне ўдараў, не паведамлялася.
Па даных Axios, сустрэча Зяленскага з Трампам на палях Генеральнай асамблеі ААН арыентыровачна адбудзецца ва аўторак.
* * *
Расійская дзяржаўная кампанія «Алабуга-Валакно» пашырае завод у Татарстане, дзякуючы чаму вытворчасць ударных рэактыўных беспілотнікаў можа вырасці на 78%, піша Politico са спасылкай на ўнутраныя дакументы расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам».
Згодна з дакументамі, «Алабуга-Валакно» да 2029 года плануе штогод вырабляць дадаткова 500 тон аэракасмічнага вугляроднага валакна. Па ацэнках экспертаў, нарошчванне такіх магутнасцей можа забяспечыць выпуск дадатковых 28 тысяч рэактыўных беспілотнікаў штогод для атак на ўкраінскія гарады. У цяперашні час Расія здольная вырабляць больш за 36 тысяч дронаў-камікадзэ тыпу Шахед/Герань на год.
«Алабуга-Валакно» з'яўляецца ключавым вузлом ваенна-прамысловага ланцуга і адзіным у РФ вытворцам вугляроднага валакна, які забяспечвае высокую трываласць пры мінімальнай вазе пры вырабе фюзеляжаў для дальнабойных беспілотнікаў.
Бізнес-планы і праектная дакументацыя «Расатама» былі сабраныя Украінскім цэнтрам бяспекі і супрацоўніцтва (УЦБС). Згодна з імі, прадпрыемства будуе сучасны завод, асноўнай прадукцыяй якога стане вугляроднае валакно маркі UMT42S-3K для аэракасмічнай галіны.
Спецыяльны камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША па Кітаю, а таксама ўкраінскі ўрад вывучылі гэтыя дакументы і цалкам пацвердзілі іх сапраўднасць.
* * *
Прадстаўнікі спецслужбаў Чэхіі, Латвіі і Швецыі чакаюць узмацнення дыверсій РФ у Еўропе, пры гэтым па-рознаму ацэньваючы верагоднасць уварвання ў краіны НАТА, піша The Guardian.
Кіраўнік Службы бяспекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) Міхал Кудэлка лічыць, што Расія можа прыступіць да невялікага ўварвання ў суседнія краіны НАТА або правакацый пад чужым сцягам ужо ў бліжэйшыя месяцы, а не гады.
Нормундс Межвіец, кіраўнік службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі VDD, у інтэрв'ю ў штаб-кватэры ведамства ў Рызе заявіў, што сумняецца ў магчымасці нападу, але прызнаў, што ёсць прыкметы таго, што Масква рыхтуецца да больш рашучых дзеянняў у Еўропе.
Кіраўнік ваеннай разведкі і службы бяспекі Швецыі Томас Нільсан адзначыў, што не бачыць прыкмет гатоўнасці Масквы да рэальных перамоў па заканчэнні вайны ва Украіне.
Усе трое кіраўнікоў разведкі заявілі, што, незалежна ад далейшага развіцця падзей, дыверсійная кампанія Расіі ў Еўропе, верагодна, узмоцніцца ў бліжэйшыя месяцы.
The Guardian адзначае, што балтыйскія палітыкі, якія на працягу многіх гадоў крытыкавалі Заходнюю Еўропу за мяккую пазіцыю па стаўленні да Расіі, аказаліся ў дзіўным становішчы: ім прыходзіцца заклікаць некаторых заходніх лідараў стрымлівацца ў сваіх публічных заявах адносна агрэсіўных планаў РФ.