Расія рыхтуе татальную мабілізацыю?
Украінскія эксперты назіраюць прыкметы падрыхтоўкі мабілізацыі ў Расіі. Аднак УСУ імкнецца да таго, каб гэтых мабілізаваных нельга было прывезці на фронт ва Украіне. З гэтай мэтай Уладзімір Зяленскі яшчэ раз папярэджвае кіраўніцтва Беларусі пра недапушчальнасць супрацоўніцтва з РФ. Ідуць 1579-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 атакі расіян у раёнах Новамікалаеўкі , Грышына, Біліцкага, Кучарава Яру, Шахава, Навапаўлаўкі, Філіі, Вольнага, Шаўчэнка, Котліна, Удачнана, Тарэцкага і іншых.
На Гуляйпільскім кірунку расійцы 23 разы атакавалі ў раёнах Цвятковага, Верхняй Тэрсы, Навасёлаўкі, Дабраполля, Рыбнага, Гуляйпольскага, Залізнічнага, Уздвіжаўкі, Аленаканстанцінаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне 21 раз атакавалі ў раёнах Дружалюбаўкі, Ямпалю, Шыйкаўкі, Навасёлаўкі, Дробышава, Ліману і іншых.
На Славянскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак, у бок Піскунаўкі, Крывой Лукі, Каленікаў, Закітнага і Рай-Аляксандраўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Канстанцінаўкі і Русінага Яру.
Украінскія падраздзяленні на Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбілі 10 атак арміі РФ у раёнах Вільчы, Старыцы, Ізбіцкага і Зыбіна.
* * *
У выніку суботняга нападу расіян у Палтаўскім раёне зафіксавана траплянне па тэрыторыі двух прадпрыемстваў. Пашкоджаны прылеглыя жылыя дамы. Загінулі два чалавекі, пацярпелі 13 чалавек, 6 з іх — дзеці.
Войскі РФ раніцай 21 чэрвеня абстралялі Сумскую грамаду. Пашкоджаны як мінімум 5 жылых дамоў, па медыцынскую дапамогу звярнуліся шэсць чалавек, адну пацярпелую шпіталізавалі.
У горадзе Керч, размешчаным у акупаваным Крыме, пасля атакі беспілотнікаў гарыць марскі порт, паведамляюць інфармацыйны рэсурс Exilenova+ і маніторынгавая група «Крымскі вецер».
Акрамя таго, паведамляецца аб моцным пажары, зафіксаваным і ў порце «Каўказ» у Краснадарскім краі РФ — на расійскім беразе Керчанскага праліва. Сярод верагодных аб’ектаў паражэння — комплекс перагрузкі нафтапрадуктаў і пляцоўка для назапашвання і чакання перад пагрузкай на паром.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў аб пагрозе масіраванага расійскага ўдару ў бліжэйшы час. «У бліжэйшы час трэба асабліва ўважліва ставіцца да паветраных трывог. Расіяне падрыхтаваліся да новага масіраванага ўдару. Калі ласка, беражыце сябе», — паведаміў ён.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце канкрэтызаваў прэтэнзіі Украіны да Беларусі.
«Украіна неаднаразова давала сігналы, што ўцягванне Расіяй у гэтую вайну яшчэ і Беларусі можа прывесці да вельмі небяспечных наступстваў. У прыватнасці, мы зафіксавалі, што ўздоўж нашай мяжы на тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое працуе на Расію, на расіян і дапамагае расіянам наносіць удары дронамі па нам, па нашай тэрыторыі.
Мы ва Украіне ведаем пра чатыры такіх рэтранслятары ў Беларусі, а менавіта ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Менавіта дзякуючы такому абсталяванню наносіліся ўдары па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцях, па нашай энергетыцы, па нашай чыгунцы — па звычайных гарадах, па нашых сёлах. У Беларусі ёсць час, каб дэмантаваць гэта абсталяванне», — сказаў Зяленскі.
Ён заявіў, што Украіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію і на гэтую яе вайну». «Кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бронетэхнікі, для ракетных сістэм, — а таксама прадпрыемствы, якія пастаўляюць Расіі паліва для вайны, — усё гэта ўцягвае Беларусь у вайну. Украіна не хоча гэтага, і мы папярэдзілі фактычнае кіраўніцтва Беларусі, якое ўплывае на адпаведныя падзеі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Па словах Зяленскага, толькі за студзень-травень гэтага года пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а дызельнага паліва — у тры разы.
«На жаль, гэта дапамагае Расіі адаптавацца да ціску і не набліжае мір. Павінна быць наадварот: мір павінен набліжацца, і Беларусі варта рабіць тое, аб чым кажа яе фактычнае кіраўніцтва па неафіцыйных каналах, каб мы ва Украіне сапраўды бачылі, што Беларусь сапраўды супраць, супраць гэтай вайны. Гэтую вайну трэба заканчваць. Мір патрэбен», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што ўкраінскія дроны цяпер здольныя паразіць мэты ў тыле ворага на адлегласці 3000 кіламетраў.
У сваёй вячэрняй прамове прэзідэнт Украіны падзякаваў вайскоўцам УСУ, у прыватнасці — байцам Сіл спецыяльных аперацый. Зяленскі адзначыў, што «дальнабойныя санкцыі дасягнулі Цюменскай вобласці ў Расіі».
Адлегласць ад Цюменскага НПЗ да межаў Украіны складае 2000 кіламетраў. Таксама Зяленскі паведаміў, што мэта была паразіла дзякуючы новым мадэрнізаваным дронам FP. «Цяпер нашы дроны могуць дасягаць мэтаў на адлегласці 3000 кіламетраў. Удзячны інжынерам Fire Point», — сказаў прэзідэнт Украіны.
«Важна, што гэта сапраўды ўплывае на расійскую ваенную лагістыку», — сказаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Расія рыхтуецца да масавай мабілізацыі, якая пачнецца бліжэй да восені, заявіў у эфіры «Апостраф TV» кіраўнік Цэнтра вывучэння акупацыі Украіны Пётр Андрушчанка.
Па яго словах, у траўні-чэрвені РФ панесла ва Украіне вялікія страты на полі бою і катастрафічна адстае ад графікаў па наборы навабранцаў. Ён расказаў, што ў Пензе і вобласці ўжо былі арганізаваны блокпасты і праверкі, падчас якіх мужчын масава забіралі ў ваенкаматы.
Таксама, як паведаміў Андрушчанка, у Валгаградскай вобласці РФ былі праведзены вучэнні па мабілізацыі для ўсіх ваенкамаў, у тым ліку з акупаваных рэгіёнаў, акрамя Крыма. «Гэта тое, да чаго яны рыхтуюцца. Праведзена ўпершыню за ўвесь перыяд вайны. Гэта сведчыць, што РФ разгортвае мабілізацыйныя мерапрыемствы», – сказаў Андрушчанка.
Па яго даных, жыхары акупаваных тэрыторый стануць першым мабілізацыйным рэзервам. «Татальная мабілізацыя будзе пачынацца ў значнай ступені з акупаваных тэрыторый: маўляў, яны хацелі далучыцца да новай радзімы і цяпер павінны ісці яе абараняць», — сказаў ён.
Па меркаванні Андрушчанкі, кіраўніцтва РФ пераканана, што расіяне «праглынуць» масавую мабілізацыю і ніякіх беспарадкаў не будзе. «Расійскае грамадства на сённяшні дзень страціла магчымасць якога-небудзь супраціву», — дадаў Андрушчанка.