Сігнал для аднаго чалавека: Зяленскі ставіць кропку на суб'ектнасці Лукашэнкі?
На гэтым тыдні цэнтральнай падзеяй было тое, чаго з нецярпеннем чакалі пяцігодку. Абраная ў 2020 годзе прэзідэнтка (паводле даных незалежнага назірання) Беларусі Святлана Ціханоўская нарэшце наведала Кіеў з афіцыйным візітам — па запрашэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Але, як звычайна, калі чагосьці доўга чакаеш, вынік таго, што здарылася, не мае такога «ваў-эфекту», на які разлічвалі. А насамрэч — чаго чакалі?

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Калі паглядзець больш цвяроза, то зразумела, што чаго чакалі — тое, насамрэч, і здарылася, толькі без хайпу і надрыву. Важны сам факт візіту: больш за чатыры гады ўкраінская ўлада ў цэлым і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў прыватнасці аддавалі перавагу таму, каб «не злаваць дзеда» і не мець справу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Пры тым, што гэтыя дэмакратычныя сілы ўвесь час для Украіны рабілі і робяць вельмі шмат— ад валанцёрскіх праектаў ва ўсім свеце да палкоў Кастуся Каліноўскага і «Пагоні».
Але Кіеў дыстанцыяваўся ад беларускіх дэмакратычных сіл пад рознымі падставамі — ад таго, што «не хочам паўтарэння ўварвання з Беларусі» да «праз Беларусь ідзе абмен палоннымі».
Сёлета ўсё змянілася, і найперш — рыторыка Кіева. Зяленскі некалькі разоў папярэдзіў Лукашэнку пра наступствы ўцягвання ў вайну. Ён нават прапанаваў беларускаму кіраўніку паглядзець на Мадуру і падумаць пра ягоны лёс. Цяпер ён прымае Святлану Ціханоўскую, дэманстратыўна паказваючы Лукашэнку: «Акрамя цябе ёсць нехта яшчэ, хто можа быць прэзідэнтам Беларусі». І калі «варыянт Мадуры» спрацуе, то святое месца беларускага прэзідэнта пустое не будзе.
Словы Кіева ў дачыненні да беларускага рэжыму змянілася, зразумела, не проста так. Па-першае, Зяленскі палохае Лукашэнку — для таго, каб той не надумаў адкрыць «паўночны фронт», чаго вельмі б хацела Расія. Для гэтага прэзідэнт Украіны наведваў нашу супольную мяжу, для гэтага камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі паведаміў Лукашэнку праз свой тэлеграм-канал, што «першыя 500 мэтаў ужо на алоўку» і даў «бясплатную і вельмі практычную параду: не лезь у вочы Украіне».
То-бок, калі раней з Лукашэнкам хацелі «дамаўляцца», каб ён не пачаў (ці не надаў сваю тэрыторыю) уварванне, то цяпер яму проста пагражаюць «адказам».
Па-другое, ужо ніхто не турбуецца наконт абменаў ці нейкіх «міратворчых ініцыятыў» Лукашэнкі. У Кіеве зразумелі, што тут беларускі кіраўнік не вырашае зусім нічога: напрыклад, апошні абмен палоннымі быў наогул ініцыяваны Дональдам Трампам. І вельмі б хацелася паглядзець на тое, як Лукашэнка раптам бы запярэчыў Трампу і сказаў: «Не, я не дам сваю тэрыторыю для абмену!»
Было б забаўна бачыць рэакцыю Трампа на такі выбрык. Трамп — не Клінтан, у якога можна было «аджаць» рэзідэнцыю амерыканскага пасла ў Драздах у 1998-м. Калі Трамп псіхане — Лукашэнку мала не падасца. І Лукашэнка гэта разумее, бо яны з Трампам — роднасныя душы, у іх шмат агульнага: ад дэмагогіі да маніі велічы.
Глядзіце таксама

Карацей, Кіеў урэшце прыйшоў да высновы, што Лукашэнка страціў і легітымнасць, і суб'ектнасць. Вядома, яны і раней гэта ведалі — ад 2020-га года. Але пры гэтым яны лічылі, што Лукашэнка легітымны «дэ факта», што ён нешта вырашае адносна палітыкі Беларусі ў дачыненні Украіны. Пяць гадоў ім спатрэбілася, каб зразумець, што не, не вырашае амаль нічога, асабліва пасля расійска-беларускіх ядзерных вучэнняў. Гэтыя вучэнні, сярод іншага, паказалі, што РФ можа рабіць на беларускай тэрыторыі ўсё, што заўгодна. Хочуць, завязуць ядзерную зброю, хочуць — вывезуць. А Лукашэнку нават наўрад ці спытаюць.
Ну і з абменамі палоннымі, з пралётам расійскіх «Шахедаў» праз тэрыторыю РБ — тое ж самае. На ўсе трыгерныя для Украіны рэчы Лукашэнка ніяк паўплываць не можа. А калі ён не можа паўплываць, то чаго з ім цырымоніцца?
І — так, з украінскага боку Святлана Ціханоўская выступіла «пудзілам» для Лукашэнкі. Сама ж Ціханоўская паспрабавала калі не вырашыць, то хаця б на вышэйшым узроўні агучыць праблемы беларусаў, што знаходзяцца ва Украіне. Як паведаміла яе прэс-служба, на сустрэчы з Зяленскім суразмоўцы дамовіліся стварыць рабочую каардынацыйную групу па вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне.
Праўда, гэтую сустрэчу, хутчэй, трэба называць «сустрэчай з украінскім бокам», бо ў ёй бралі ўдзел таксама міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, першы намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Сяргей Кісліца і намеснік кіраўніка Офіса Ігар Жоўква. І гэтыя людзі абмяркоўвалі пытанні легалізацыі, дакументаў і прававога статусу беларусаў ва Украіне; падтрымку беларускіх добраахвотнікаў; лёс беларускіх ваеннапалонных, якія ваявалі за Украіну; магчымасці вызвалення палітвязняў, асуджаных у Беларусі за падтрымку Украіны.
Асобна разглядаліся сумесныя намаганні па супрацьдзеянні расійскай прапагандзе і русіфікацыі, падтрымка беларускіх і украінскіх культурных, моўных і адукацыйных ініцыятыў, развіццё студэнцкіх і моладзевых абменаў. Абмяркоўвалася адказнасць рэжыму Лукашэнкі за міжнародныя злачынствы, уключаючы саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Ціханоўская заклікала Зяленскага падтрымаць пазіцыю ЕС і не дапусціць паслаблення санкцый — у тым ліку па пытаннях транзіту калійных ўгнаенняў — да сістэмных змен у Беларусі і спынення рэпрэсій.
І на заканчэнне — «бакі разгледзелі магчымыя сцэнарыі развіцця сітуацыі ў Беларусі і перспектывы мірнага дэмакратычнага транзіту, у тым ліку праз Нацыянальны круглы стол», паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
Святлана Георгіеўна напэўна разумела, якія «плюшкі» ад яе візіту хоча займець Украіна. І пастаралася сама атрымаць максімум карыснага для беларусаў.
Такім чынам, па вялікім рахунку візіт Ціханоўскай у Кіеў быў разлічаны на аўдыторыю ўнутры Беларусі. І гэтая аўдыторыя складалася роўна з аднаго чалавека. Зяленскі празрыста (куды ўжо больш празрыста?) намякнуў Лукашэнку, што ў выпадку чарговай «эскалацыі» з Беларусі той не можа быць спакойны не толькі за сваё прэзідэнцкае крэсла, але і за сваё жыццё. Так што «чык-чырыку» лепш у бок Украіны не чырыкаць.
А наколькі сваіх прагматычных мэтаў дамаглася Святлана Ціханоўская — гэта мы пабачым у будучыні. Тут шмат чаго залежыць ад украінскага боку.