Расія не прытрымлівалася на фронце рэжыму цішыні, і нават асабліва не спрабавала — Зяленскі

Нягледзячы на «перамір'е Трампа», колькасць боесутыкненняў на фронце ва Украіне не асабліва змянілася. Таксама Расія зацягвае і з абменам палоннымі, як было прапанавана амерыканскім прэзідэнтам. Адзінае, чаго было менш — удараў дронамі. Але і Украіна прыпыніла дронавую актыўнасць у дачыненні да Расіі. Ідуць 1538-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Мінабароны РФ

Фота: Мінабароны РФ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 180 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 траўня..

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Біліцкага, Пакроўску, Радзінскага, Грышына, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Мураўкі ііншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак расіян у раёнах Рыбнага, Чароўнага, Гуляйполя, Новага Запарожжа, Святапятроўкі, Дабраполля, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі і Гуляйпольскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 15 разоў штурмавала пазіцыі УСУ ў раёнах Зялёнага, Ваўчанску, Старыцы, Пятро-Іванаўкі, Міравога, Семяноўкі, Прыліпак, Ліману і Краснага Першага.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія войскі адбілі 13 спроб расіян прасунуцца ў раёнах Зарэчнага, Дробышава, Ліману, Стаўкі і Азёрнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Сцяпанаўкі, Іллінаўкі і Іванаполля.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося дзевяць баявых сутыкненняў.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся адразу ў трох населеных пунктах Данецкай вобласці, паведаміў маніторынгавы праект DeepState. Паводле іх даных, армія РФ прасунулася каля Галубоўкі і Дзібровы ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці, а таксама каля Васільеўкі ў Пакроўскім раёне той жа вобласці.

У справаздачы Генеральнага штаба УСУ на нядзелю спробаў арміі РФ прасоўвацца не зафіксавана. Аднак DeepState паведамляе пра змены на карце з затрымкай, і расійскія прасоўванні, пра якія паведамлялася ў нядзелю, маглі адбыцца раней.

* * *

Украіна на два дні ўстрымалася ад дальнабойных дзеянняў, паколькі РФ не ажыццяўляла масіраваных атак. Аднак, калі Масква вернецца да поўнафарматнай вайны, Кіеў адкажа люстэркава, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Прыемна, што па стане на цяпер, за сёння не было масіраваных атак — ракетных удараў, авіяцыйных, — адзначыў Зяленскі ў відэазвароце ўвечары ў нядзелю, 10 траўня. — Але ў франтавых раёнах, у грамадах паблізу фронту спакою не было. Расіяне працягваюць сваю штурмавую актыўнасць на тых кірунках, якія для іх ключавыя. Ёсць абстрэлы, былі дронавыя ўдары розных тыпаў на фронце… Гэта значыць на фронце расійская армія цішыні не прытрымліваецца і нават асабліва не спрабуе. Усе нашы ўкраінскія падраздзяленні дзейнічаюць люстэркава, абараняюць нашы пазіцыі менавіта так, як трэба».

Зяленскі анансаваў, што Кіеў і ў далейшым будзе рэагаваць люстэркава, і калі расіяне вернуцца да дальнабойных атак, то і адказ Украіны будзе імгненным.

«Калі расіяне вырашаць вярнуцца да поўнафарматнай вайны — нашы санкцыі за гэта будуць неадкладнымі і будуць адчувальнымі. Адлегласць пры гэтым ужо мае ўсё меншае значэнне — мы гэта паказалі сваёй дальнабойнасцю. Украіна ў гэтых адносінах паводзіць сябе заўсёды выразна і сумленна», — рэзюмаваў заявіў Зяленскі.

* * * 

696139249_1330258689287206_8766420462281193016_n.jfif

* * *

Украінскі Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі заявіў, што перамоўны працэс па абмене з Расіяй цяпер працягваецца, а спісы 1000 чалавек фарміраваліся Украінай па прынцыпе тэрміну знаходжання ў палоне.

«Згодна з вынікамі перамоў пры пасярэдніцтве Злучаных Штатаў, якія адбыліся напярэдадні, Украіна надала расійскаму боку "спіс 1000", сфарміраваны па прынцыпе тэрміну знаходжання ў палоне ўкраінскіх абаронцаў і абаронцаў з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну.

Фарміраванне спіса па прынцыпе тэрміну знаходжання ў палоне было неаднаразова ўзгоднена ўпаўнаважанымі перамоўшчыкамі Украіны і Расіі. Гэта справядлівы гуманітарны падыход, які ажыццяўляецца пры ўдзеле і падтрымцы Злучаных Штатаў Амерыкі і паказвае ўсяму свету клопат аб абаронцах з боку Украінскай дзяржавы і з’яўляецца адным з крокаў да справядлівага міру», — адзначаецца ў паведамленні. У Каардынацыйным штабе падкрэслілі, што «перамоўны працэс цяпер працягваецца».

Нагадаем, абмен палоннымі «1000 на 1000» і перамір’е з 9 па 11 траўня быў умовай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа для таго, каб Пуцін мог правесці парад 9 траўня ў Маскве. Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін на брыфінгу ўвечары 9 траўня заявіў, што ад украінскага боку нібыта не паступіла ніякіх прапаноў па абмене палоннымі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок перадаў Расіі спісы 1000 чалавек на абмен і чакае ад амерыканскіх партнёраў забеспячэння выканання гэтых дамоўленасцей з РФ.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце ў нядзелю ўвечары заявіў, што кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін «нарэшце гатовы да рэальных сустрэч» і трэба знайсці фармат для такой сустрэчы і заканчваць вайну.

«Цяпер Пуцін сам кажа, што нарэшце гатовы да рэальных сустрэч — крыху падштурхнулі мы яго, і мы даўно падрыхтаваліся да сустрэч, — дык трэба знаходзіць фармат. Трэба заканчваць гэтую вайну — і надзейна гарантаваць бяспеку», — сказаў Зяленскі.

Раней Кіеў заяўляў, што пагадзіцца на любое месца патэнцыйнай сустрэчы Зяленскага і Пуціна, акрамя Расіі ці Беларусі.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін намякнуў, што вайна ва Украіне можа хутка завяршыцца. Аднак пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што Крэмль мае намер завяршыць агрэсію, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Падчас прэс-канферэнцыі 9 траўня Пуцін адказаў на пытанне аб імаверным удзеле заходніх краін у нядаўніх украінскіх дальнабойных ударах па тэрыторыі Расіі. Каментуючы сітуацыю, ён заявіў, што «справа падыходзіць да канца», пры гэтым зноў паўтарыўшы традыцыйныя крамлёўскія апраўданні вайны супраць Украіны.

Як адзначаюць аналітыкі, расійскія дзяржаўныя СМІ падалі гэтыя словы так, быццам Пуцін прама заявіў аб хуткім завяршэнні вайны. Аднак фактычна ён не даў ніякіх прыкмет таго, што Масква гатовая спыніць агрэсію. Наадварот, падчас выступлення Пуцін падкрэсліў, што расійскія войскі павінны «засяродзіцца на канчатковым паражэнні Украіны».

У ISW лічаць, што такая рыторыка сведчыць аб нязменнасці стратэгічнай мэты Крамля — капітуляцыі ўкраінскай дзяржавы.

Акрамя таго, расійскі дыктатар паўтарыў сваё папярэдняе патрабаванне аб магчымай сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім: такая сустрэча можа адбыцца толькі ў Маскве, што фактычна выключае перамовы на нейтральнай тэрыторыі.

Аналітыкі адзначаюць, што Крэмль і ў далейшым дэманструе нежаданне праводзіць неадкладныя двухбаковыя перамовы для завяршэння вайны.

На думку ISW, падобныя заявы Пуціна разлічаны перш за ўсё на ўнутраную расійскую аўдыторыю, якая ўсё больш востра адчувае наступствы больш чым чатырох гадоў вайны, а таксама няздольнасць расійскай сістэмы абароны эфектыўна процідзейнічаць дальнабойным ударам Украіны.