Лукашэнка спадзяецца на фантастычную зброю: ці варта сур'ёзна ўспрымаць папярэджанне Зяленскага?
Нешта часта нас сталі папярэджваць пра тое, каб мы не ўблытваліся ні ў якія авантуры. Верагодна, людзі нешта ведаюць — ці проста рэагуюць на нашу надзвычайную мілітарызацыю апошнім часам? Дый заявы Лукашэнкі з нагоды і без яе не пакідаюць абыякавымі.

Кадр з кінафільма "Госця з будучыні". Ці не на гэты лазер спадзяецца Лукашэнка?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чарговым разам папярэдзіў беларускія ўлады пра тое, што ў Расіі шмат «хворых ідэй», але ён не хоча, каб Беларусь у іх удзельнічала. «Адносна пагрозы наступу з Беларусі. Глядзіце, у рускіх вельмі шмат розных хворых і фантастычных ідэй. Таму вельмі не хочацца, каб Беларусь была ўцягнутая ў гэтыя фантастычныя ідэі, каб яны ператварыліся ў страшную рэальнасць», — сказаў Зяленскі журналістам 23 красавіка.
Ужо не ў першы раз за апошні час Зяленскі папярэджвае Беларусь пра недапушчальнасць эскалацыі з яе тэрыторыі. Усяго толькі тыдзень таму ён казаў, што Расія паспрабуе ўцягнуць Беларусь у паўнавартасную вайну, і папярэдзіў Лукашэнку пра «венесуэльскі варыянт». А яшчэ раней казаў пра рэтранслятары ў Беларусі, якія наводзяць расійскія дроны на ўкраінскую тэрыторыю…
Кіраўнік ваюючай краіны напэўна ведае больш, чым заяўляе. Дый у пустапарожніх размовах, у адрозненне ад яго «нашага» калегі, заўважаны не быў — ні да вайны, ні тым больш цяпер. Таму да яго слоў варта ставіцца сур’ёзна, у тым ліку і да слоў пра «венесуэльскі варыянт». Памятаеце, як у Беларусі знішчылі расійскі самалёт далёкай разведкі А-50? Таксама ж «нічога не прадвяшчала», і ніхто не думаў, што такое магчыма.
Таму больш уважліва трэба ставіцца да слоў Зяленскага. Значна больш уважліва.
Але ў нас жа ўважліва ставіцца не ўмеюць. У нас умеюць бразгаць зброяй, асабліва ў тэлевізары.
Лукашэнка на тыдні наведаў вучэбна-спартыўную ўстанову ДТСААФ «Мінскі аэраклуб імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца» і пагаварыў пра беспілотнікі. Ніводная краіна, казаў ён, «не можа змагацца на сто адсоткаў з беспілотнікамі», аднак «сістэму нейкую трэба выпрацаваць».
Ён задаўся пытаннем: «Як яго, гэты беспілотнік, выявіць і чым яго лепш збіваць?», акцэнтаваўшы ўвагу на ўменні БПЛА абыходзіць комплексы радыёэлектроннай барацьбы. «Нашы нейкі лазер вынайшлі. Вось я хачу паглядзець. Даволі эфектыўны, міністр абароны кажа, на паўтары-два кіламетры спальваюць беспілотнік», — сказаў ён.
Па-першае, мы зноў чуем пра «нейкую сістэму». Гаворыцца так, быццам Лукашэнка не ведае, што рабіць. Гэта ўжо ведае Украіна, якая прапануе сваю «сцяну дронаў» краінамБлізкага Усходу, ведае Расія, якая сяк-так, але збівае ўкраінскія беспілотнікі над сваім небам, а ў дачыненні да ўдарных беспілотнікаў, як бы мы ні хацелі гэта вызнаваць, але разам з Іранам знаходзіцца ў лідзіруючай пазіцыі. Усе вакол ведаюць, што робяць, і толькі Лукашэнка, які раней ведаў усё, цяпер кажа пра «нейкую сістэму». Напэўна, зноў будзе «ўнікальны беларускі досвед», — як «унікальная беларуская эканамічная мадэль».
Па-другое, паведамленне пра новыя прарыўныя вынаходніцтвы з вуснаў Лукашэнкі — гэта знак, хутчэй, трывожны. Нас ужо «прарывала» і айчынным электрамабілем пасля таго, як Лукашэнка на «Тэсле» пакатаўся, і ўласнай вакцынай супраць кавіда. Вынікі — мільёны выдаткаваных грошай, кіпа спісанай паперы, бясконцая колькасць праведзеных нарад. І нічога, што можна было б памацаць рукамі.
І калі міністр абароны Беларусі кажа пра «эфектыўны лазер», якога пакуль яшчэ нідзе ў свеце няма, то мы думаем не пра лазер, а пра тое, што ён таксама хоча «папілаваць бабло». А чаму не, калі «пілуюць» усе навокал?
Толькі ж нядаўна Лукашэнка правяраў нашы Узброеныя сілы. У вынік праверкі гаворка нават не ішла пра новыя ўзбраенні. Яна ішла пра тое, што трэба ўмець «разасяроджвацца з месцаў дыслакацыі».
На армію ў выпадку ўварвання ў нас наўрад ці ёсць вялікая надзея. І не ў выпадку ўварвання таксама. На тыдні ў войска пачалася адпраўка вясенняга прызыву. Першая тысяча прызыўнікоў, як паведаміла прэс-служба Мінабароны, «папоўніць шэрагі сіл спецыяльных аперацый, Мінскай ваеннай камендатуры, 72-га гвардзейскага Аб’яднанага навучальнага цэнтра, 361 базы аховы і абслугоўвання, а таксама органаў памежнай службы».
Калі з САА і памежнікамі ўсё зразумела, то прыярытэт у камендантах і ахоўніках засмучае. Пры гэтым цяперашні прызыў у РБ — усяго 10 тысяч чалавек, а ў пачатку красавіка Лукашэнка заявіў, што агульная колькасць беларускай арміі — 70 тысяч чалавек. І я моцна сумняваюся, што астатнія 60 тысяч (без прызыўнікоў) — гэта кантрактнікі ў баявых частках.
Затое «красаўцы» па-ранейшаму не спяць у шапку, і яны гатовыя замяніць нам і выведку, і контрвыведку. Следчы камітэт выкрыў новага ўкраінскага шпіёна. Гэтаму шпіёну 68 гадоў, ён жыхар Валожынскага раёна, і быў завербаваны галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны ў ліпені 2022 года.
Чым ён займаўся ў Валожынскім раёне? «За грошы стаў збіраць інфармацыю пра мясцовых супрацоўнікаў міліцыі: асабістыя даныя, нумары тэлефонаў — усё, што магло быць выкарыстана для ціску і правакацый. А ў наступным — для ўцягвання праваахоўнікаў у антыдзяржаўную дзейнасць у інтарэсах замежных спецслужбаў», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Акрамя таго, пенсіянеру інкрымінавалі каментары ў інтэрнэце, якія разпальваюць «нацыянальную варожасць у дачыненні да асоб рускай нацыянальнасці».
Навошта выведцы Украіны валожынская міліцыя, не паведамляецца. Як і тое, чаму «ўкраінскі шпіён» не сядзеў ціха, а актыўнічаў у інтэрнэце, выдатна ўсведамляючы (бо гэта ўсведамляе кожны жыхар Беларусі), што менавіта за каментары ў сацсетках у РБ найбольш рэальна «злавіць тэрмін» і, адпаведна, быць рассакрэчаным.
Ёсць вялікія асцярогі, што «гэта "ж-ж-ж-ж" неспраста», як казаў адзін казачны мядзведзь. Да заяваў Зяленскага варта прыслухацца. Лукашэнка дэманструе разгубленасць, бо разумее: калі Расія нешта задумала, то наўрад ці яна ў яго спытае не тое што дазволу — нават парадаў. А пра боездольнасць беларускай арміі варта памаўчаць — яе не падняла нават расійская тактычная ядзерная зброя.
У гэтай сітуацыі Лукашэнка, вядома, і рады быў бы не ўцягвацца ў «хворыя і фантастычныя ідэі», пра якія казаў Зяленскі. Але хто ж яго пытацца будзе?