ISW: З-за хлусні свайго Мінабароны Пуцін «забівае» расійскую эканоміку
Пуцін не хоча спыняць баявыя дзеянні ва Украіне, бо верыць, што выйграе гэтую вайну да таго моманту, як эканоміка РФ ляснецца. А ягоная вера заснаваная на хлуслівых справаздачах Міністэрства абароны РФ. А калі ляснецца эканоміка РФ — Беларусі таксама мала не падасца. Ідуць 1561-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 263 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 чэрвеня.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 44 атакі ў раёнах Дабраполля, Злагоды, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі, Прылук і ў бок Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага, Чароўнага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 штурмаў расійцаў у раёнах Радзінскага, Васіллеўкі, Новааляксандраўкі, Грышына, Удачнага і іншых.
На Славянскім кірунку армія РФ штурмавала пазіцыі УСУ 20 разоў у раёнах Закітнага, Рэзнікаўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі, Крывой Лукі.
На Ліманскім кірунку расійцы 14 разоў спрабаваў уклініцца ў абарону Украіны ў бок Дробышава, Дзіброва, Ліману.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 12 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Сцяпанаўкі і ў бок Новапаўлаўкі.
* * *
Аналітыкі праекта Deepstate паведамляюць, што расійскія войскі працягваюць актыўны ціск на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці. «У нядаўнім абнаўленні карты можна ўбачыць павелічэнне чырвонай зоны на поўдзень ад Іллінаўкі, куды настойліва прасоўваецца праціўнік для ўзмацнення кантролю над мясцовасцю вакол Канстанцінаўкі.
Павялічваецца таксама зона інфільтрацыі ў горад, што можа стаць вынікам непазбежнага захопу населенага пункта ворагам. Для маскавітаў было важна акупаваць Берасток, каб там фармаваць накапленні пяхоты для інфільтрацыі, а Іллінаўка дасць больш магчымасцей для прасочвання», — адзначаюць у Deepstate.
Таксама РФ спрабуе заняць пасёлак Новадзмітроўка, каб мець магчымасць для інфільтрацыі. Захоп Іллінаўкі і Новадзмітроўкі паставіць пад пагрозу паўночную частку Канстанцінаўкі, дзе расіяне ставяць мэтай перакрыць доступ у іншыя часткі горада.
* * *
У ноч на 3 чэрвеня Расія атакавала Украіну 198 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 189 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
Адзін чалавек загінуў і яшчэ 18, сярод якіх дзеці, пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па жылых дамах, аўтамабілі і мікрааўтобусе ў Сумскай вобласці.
Расійскія паблікі паведамляюць, што ў Мічурынску Тамбоўскай вобласці РФ падвергся атацы і гарыць завод «Прагрэс», які выпускае абсталяванне для сістэм кіравання авіяцыйнай і ракетнай тэхнікай.
У расійскім Санкт-Пецярбургу пасля атакі дзясяткаў беспілотнікаў узнік пажар на нафтавым тэрмінале. Пазней Telegram-канал Astra пацвердзіў, што ў выніку атакі БПЛА ў Пецярбургу гарыць найбуйнейшы з нафтаперапрацоўчых комплексаў на паўночным захадзе Расіі АТ «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал».
* * *

* * *
Расійскі лідар Уладзімір Пуцін сфарміраваў скажонае ўяўленне пра вынікі сваёй арміі, кіруючыся ілжывымі данымі, якія паступаюць ад ваеннага камандавання, і таму не хоча заканчваць вайну, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Сітуацыя ў фінансавай сферы Расіі пагаршаецца з-за астранамічных выдаткаў на вядзенне баявых дзеянняў. Высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрства фінансаў і Цэнтральнага банка краіны адкрыта папярэджваюць пра рызыку катастрафічнага пашырэння бюджэтнага дэфіцыту. Нягледзячы на гэта, Пуцін цвёрда адмаўляецца ад скарачэння выдаткаў на армію, перакладваючы фінансавы цяжар на грамадзянскія галіны.
Бюджэт краіны ўжо перавысіў запланаваны дэфіцыт на ўвесь год, дасягнуўшы 4,58 трыльёна рублёў толькі за першыя тры месяцы. Эканамісты прапаноўвалі скараціць абаронны заказ, аднак гэтыя прапановы сутыкнуліся з моцным супрацівам Міністэрства абароны і часткі Крамля. Ваенныя чыноўнікі не хочуць шкодзіць бізнесам, звязаным з ваеннымі кантрактамі, наадварот — яны патрабуюць дадатковага фінансавання.
Надзея ўрадавых чыноўнікаў на завяршэнне вайны і стабілізацыю бюджэту ў 2026 годзе аказалася марнай. Нават высокія цэны на нафту не ратуюць сітуацыю з-за глыбокіх эканамічных праблем і інфляцыі.
ISW падкрэслівае, што Пуцін працягвае падтрымліваць максімальныя выдаткі на ваенныя дзеянні, бо верыць у магчымасць перамогі і стабільнасць эканомікі да гэтага моманту. Аднак яго ўяўленне заснавана на перабольшаных і недакладных ацэнках поспехаў арміі ва Украіне. Гэтая памылковая карціна прымушае яго дзейнічаць насуперак папярэджанням эканамічных экспертаў, адзначаюць эксперты.
* * *
Адным з ключавых палітычных задач Расіі з’яўляецца абмежаванне сувязей Украіны з шэрагам краін, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з кіраўніком разведкі Украіны Алегам Івашчанкам.
«Ваенная разведка атрымала і новыя ўнутраныя расійскія дакументы па палітычным планаванні, у прыватнасці тыя, што тычацца адносін Украіны з Малдовай, дзяржавамі Паўднёвага Каўказа, Блізкага Усходу і Заліва», — расказаў ён.
Па словах кіраўніка дзяржавы, абмежаванне бяспекавых, эканамічных і іншых стратэгічных сувязяў Украіны з гэтымі краінамі з’яўляецца адным з ключавых палітычных задач краіны-агрэсара.
«Лічым, што Расія гэтым толькі пацвярджае, што і мы ва Украіне, і нашы партнёры рухаемся правільным курсам да большай бяспекі і далейшага развіцця свайго суверэнітэту, а таксама поўнай нейтралізацыі расійскага ўплыву», — падкрэсліў Зяленскі.
* * *
Згодна з данымі ўкраінскай разведкі, у 2026 годзе РФ плануе вырабіць 7,3 мільёна беспілотнікаў з відам ад першай асобы, піша Bloomberg.
У красавіку выпуск дронаў у РФ, уключаючы беспілотныя лятальныя апараты і звязаныя авіяцыйныя сістэмы, вырас на 117% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, пра што сведчаць даныя Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі РФ. Па падліках агенцтва, у сярэднім за 2025 год вытворчасць дронаў у Расіі павялічвалася на 68% у гадавым вымярэнні.
Выданне адзначае, што такі рост сведчыць пра здольнасць Масквы адаптавацца да новых эканамічных і ваенных умоў на фоне вайны супраць Украіны, якая працягваецца. У той час як вытворчасць танкаў і іншай бронетэхнікі набліжаецца да мяжы сваіх магчымасцей, беспілотныя сістэмы застаюцца адной з нямногіх галін расійскай прамысловасці, здольных хутка пашырацца.
Па даных украінскай разведкі, у 2026 годзе Расія мае намер вырабіць 7,3 млн FPV-дронаў і 7,8 млн баявых частак для беспілотнікаў розных тыпаў. Для параўнання, з пачатку паўнаштабнай вайны расійская армія атрымала толькі 64 тактычныя самалёты Су-34 і Су-35, а таксама 12 знішчальнікаў Су-27.
Старшы навуковы супрацоўнік па ваеннай аэракасмічнай галіне Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Дуглас Бары адзначыў, што дальнабойныя дроны дазволілі РФ дапоўніць значна меншы арсенал крылатых ракет наземнага базавання і падтрымліваць удары па крытычнай інфраструктуры Украіны.
Па словах Бары, беспілотнікі сёння адыгрываюць ключавую ролю ў расійскіх ваенных аперацыях, дапамагаючы забяспечваць эфектыўнасць больш дарагіх крылатых і балістычных ракет. Ён дадаў, што падтрыманне цяперашніх тэмпаў запуску такіх ракет з часам можа перавысіць існуючыя вытворчыя магчымасці РФ.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута даследаванняў знешняй палітыкі Роб Лі падкрэсліў, што расійскім ваенным удалося скараціць адставанне ў выкарыстанні беспілотных сістэм дзякуючы пашырэнню элітных падраздзяленняў аператараў БпЛА і ўкараненню новых тактык іх прымянення. Але пакуль гэтыя дасягненні не прывялі да вырашальнага пералому на полі бою.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыме ўдзел у саміце G7 у Францыі, які адбудзецца ў сярэдзіне чэрвеня. Ён мае намер закрануць шэраг тэм, уключаючы пытанне па бяспецы Украіны, піша Politico.
Па словах трох крыніц, чакаецца, што Зяленскі далучыцца да кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, Канады, Вялікабрытаніі і ЗША на саміце G7 у Эвіян-ле-Бэн. Украінскі прэзідэнт плануе абмеркаваць ваенную дыпламатыю і пытанне супрацьпаветранай абароны, каб супрацьдзейнічаць ракетным ударам Расіі.
Пры гэтым у сакавіку саветнік прэзідэнта Францыі казаў, што Зяленскі не быў запрошаны на саміт, які адбудзецца з 15 па 17 чэрвеня.