Новыя палітвязні, ціск на сем’і актывістаў і вучэнні па разгоне пратэстаў. Хронікі рэпрэсій 28 траўня

 У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў, валанцёраў і людзей, звязаных з незалежнымі ініцыятывамі. У Магілёве сілавікі правялі маштабныя вучэнні па разгоне пратэстаў з відавочнымі адсылкамі да падзей 2020 года, праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 16 чалавек, а да родных актывіста Яна Машкіна прыйшлі супрацоўнікі КДБ з пагрозамі і допытамі. Тым часам улады працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія» спісы і заводзіць новыя палітычныя справы.

1_1097_1.png

У Магілёве сілавікі адпрацоўвалі разгон пратэстаў паводле сцэнару 2020 года

26 і 27 траўня ў Магілёве прайшлі маштабныя вучэнні сілавых структур пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.

Як паведамляе MaydayMog, адзін з этапаў трэніровак адбыўся каля Лядовага палаца — менавіта там 25 ліпеня 2020 года прайшоў перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай, на які сабраліся некалькі тысяч чалавек.

Падчас вучэнняў супрацоўнікі міліцыі самі выконвалі ролю «пратэстоўцаў» — з бел-чырвона-белымі сцягамі і сімволікай. Для разгону выкарыстоўвалі спецтэхніку, у тым ліку вадамёты, дроны і зброю.

Частка сцэн вучэнняў відавочна адсылала да падзей 2020 года: жанчыны ў белым стаялі ўздоўж дарогі з кветкамі, а машыны сігналілі ім у падтрымку.

Таксама сілавікі адпрацоўвалі сцэнар штурму Лядовага палаца і вызвалення «закладнікаў».

Паводле афіцыйнай версіі МУС, мэтай вучэнняў была праверка гатоўнасці сілавых структур «да дзеянняў у асаблівых умовах».

Іван Кубракоў пасля вучэнняў заявіў, што беларускія ўлады імкнуцца не дапусціць «паўтарэння падзей 2020 года».

Раней падобныя трэніроўкі ўжо праводзіліся ў Мінску, Брэсце і Віцебску.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 16 чалавек

Гэта: Ягор Бужылаў, Аляксандр Баранаў, Аляксандр Карнееў, Максім Вайцяховіч, Аляксандр Мількамановіч, Глеб Герасімовіч, Дзмітрый Луговіч, Андрэй Спасаў, Ілля Карпаў, Павел Каберда, Уладзімір Падабед, Аляксандр Фамін, Віталь Галубоўскі, Віктар Келер, Уладзімір Стрыжыч, Уладзіслаў Краскоўскі.

Паводле праваабаронцаў, гэтыя людзі былі пазбаўленыя волі ў сувязі з абвінавачаннямі ва ўзаемадзеянні з «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і рэалізацыяй свабоды выказвання меркаванняў.

Да бацькоў актывіста Яна Машкіна прыйшлі супрацоўнікі КДБ

Супрацоўнікі КДБ прыйшлі да родных актывіста Яна Машкіна.

Паводле наяўнай інфармацыі, яны некалькі гадзін дапытвалі бацькоў мужчыны і пагражалі ім магчымым адабраннем жытла.

Сілавікі таксама заявілі, што супраць Машкіна нібыта распачалі крымінальную справу за «злачынствы супраць дзяржавы».

Акрамя таго, у бацькоў забралі тэлефоны. Паведамляецца, што супрацоўнік КДБ атрымаў доступ да Telegram-акаўнта маці Машкіна — змяніў налады двухфактарнай аўтэнтыфікацыі і прывязаў акаўнт да свайго адраса электроннай пошты.

Палітзняволеную Валянціну Навумаву будуць судзіць паводле дзевяці артыкулаў

Грамадская актывістка Валянціна Навумава амаль дзевяць месяцаў утрымліваецца пад вартай.

Як паведамляе «Гарадзенская праваабарона, ёй канчаткова прад’явілі абвінавачанне паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Сярод іх:

— «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»,

— «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Нагадаем, Навумава доўгі час была сябрам партыі «Справядлівы свет». Яшчэ ў 2017 годзе яе штрафавалі за ўдзел у акцыях супраць «дэкрэта аб дармаедах».

Палітвязня Кірыла Ашурка пераводзяць у калонію строгага рэжыму пасля новага прысуду

Як паведамляе «Вясна», на 26-гадовага палітвязня Кірыла Ашурка ў калоніі працягваецца ціск.

Мужчына адбывае 13-гадовы тэрмін па «справе АГСБ» у магілёўскай калоніі №15.

Паводле праваабаронцаў, яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, а пасля — у памяшканне камернага тыпу.

Цяпер Ашурка асудзілі яшчэ і паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).

Пасля новага прысуду яго плануюць перавесці ў калонію строгага рэжыму №9 у Горках.

Праваабаронцы таксама паведамляюць пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у палітвязня. Напрыканцы 2025 года ён перанёс мікраінсульт.

Паводле «Вясны», Кірыл не бачыўся з роднымі ўжо тры гады.

«Экстрэмісцкай» прызналі старонку ініцыятывы «Ежа замест Бомбаў»

Суд Ленінскага раёна Брэста 26 траўня прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ва «Укантакце» праекта «Ежа замест Бомбаў».

Ініцыятыва шмат гадоў бясплатна раздавала ежу людзям, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

У 2021 годзе пасля затрыманняў валанцёраў праект спыніў дзейнасць у Беларусі.

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі:

Telegram-чат «yebyBlati»;

сайт і сацсеткі праектаў «Тэатр "Крылы халопа"» і «breststories.com»;

сайт «1reg.pro»;

Instagram-старонкі «kc_bel_2020 (Kansas City for Free Belarus)» і «i_am_the_motherland_»;

Facebook-старонку «Свабодка»;

старонкі праекта «Зелёный телефон»;

Threads-акаўнты «Аляксей Субатовiч» і «baj.media.by»;

старонку ва «Укантакце» «Зеленый портал»;

TikTok-акаўнты «vybar.org», «FreeBY», «l.sudaiehka», «прыгону.het», «Radix Belarus».