Новыя палітвязні па «справе Гаюна», канфіскацыя маёмасці і папаўненне «спіса экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 29 траўня
Праваабаронцы прызналі палітвязнем вядомага мазырскага бізнэсоўца і каталіцкага дзеяча Аляксандра Баранава. Тым часам улады працягваюць папаўняць «спіс экстрэмістаў», а таксама пераслед людзей, звязаных са «справай Гаюна».

Вядомага мазырскага бізнэсоўца і каталіцкага дзеяча прызналі палітвязнем па «справе Гаюна»
Праваабаронцы прызналі палітычным зняволеным 50-гадовага Аляксандра Баранава, звярнула ўвагу «Хрысціянская візія».
Баранаў — вядомы мазырскі бізнэсовец, каталіцкі вернік і грамадскі дзеяч. Ён узначальваў гісторыка-культурнае аб’яднанне «Спадчына Палесся», якое займалася захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны.
Шмат гадоў ён укладваў сродкі ў аднаўленне былога кляштара цыстэрцыянцаў у Мазыры. Менавіта дзякуючы ягонай ініцыятыве там з’явілася культурная прастора «Даліна анёлаў», а сам комплекс рыхтавалі да перадачы Каталіцкай царкве.
Баранаў таксама быў адным з людзей, якія займаліся аднаўленнем палаца Горватаў у Нароўлі разам з пісьменнікам Андрусём Горватам і прадпрымальнікам Пятром Кузняцовым.
Як паведамляецца, мужчыну затрымалі 5 студзеня 2026 года. Праз некалькі дзён яго змясцілі ў СІЗА ў Гомелі, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.
Яму прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пераслед звязваюць са «справай Беларускага Гаюна».
Кватэру палітэмігранта Яўгена Вільскага прадалі з аўкцыёну разам з усёй маёмасцю
Кватэру наваполацкага актывіста Яўгена Вільскага ўсё ж прадалі на аўкцыёне.
Вільскі — актывіст партыі «Народная Грамада», які быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу.
У 2024 годзе яго завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 12 тысяч базавых велічынь. Арыштаваную кватэру выставілі на продаж для кампенсацыі гэтай сумы.
Першыя два аўкцыёны не адбыліся. Толькі з трэцяй спробы жыллё прадалі за 120 667 рублёў.
Пры гэтым новы ўладальнік атрымаў не толькі саму кватэру, але і ўсю маёмасць, якая знаходзілася ўнутры. У пералік увайшлі мэбля, бытавая тэхніка, дываны, свяцільнікі і нават шторы.
У той жа час лецішча іншага наваполацкага актывіста — Андрэя Зуева — не ўдалося прадаць нават пасля пяці аўкцыёнаў.
Зуева ў 2024 годзе завочна асудзілі да сямі з паловай гадоў калоніі паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, у тым ліку за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек
29 траўня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Цяпер у спісе ўжо 6650 чалавек.
Сярод новых прозвішчаў — музыка Алег Хаменка, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем.
Беларуска, якая вучылася ў Польшчы, атрымала прысуд па палітычнай справе
21-гадовая Яна Галімская родам з Пінска.
Пасля школы яна паехала вучыцца ў Польшчу: спачатку прайшла падрыхтоўчы курс у Кракаве, а пасля паступіла ва ўніверсітэт.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у другой палове мінулага года дзяўчыну арыштавалі і змясцілі ў СІЗА.
Мінскі гарадскі суд прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Дакладныя абставіны справы невядомыя.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй маглі прызначыць «хатнюю хімію».
TikTok праваабаронцы Леаніда Судаленкі прызналі «экстрэмісцкім»
Пра гэта паведаміў сам Леанід Судаленка.
Праваабаронца і былы палітвязень пасля вызвалення працягвае займацца праваабарончай дзейнасцю і распавядаць пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі.
Апошнім часам на сваёй TikTok-старонцы ён публікаваў серыю ролікаў пра беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі.
Цяпер улады дадалі гэты акаўнт у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Судаленка таксама звярнуў увагу, што на сайце Міністэрства інфармацыі спасылка на яго старонку апублікаваная з памылкамі.