Новы паварот у справе Гараўскага: у Швейцарыі рыхтуюцца да вырашальнай апеляцыі па знікненнях апанентаў Лукашэнкі
24 чэрвеня Кантанальны суд Санкт-Галена ў Швейцарыі разгледзіць апеляцыю па гучнай справе Юрыя Гараўскага — былога байца беларускага САХРа, што прызнаўся ў дачыненні да гвалтоўных знікненняў апанентаў Лукашэнкі. Пасля апраўдальнага прысуду першай інстанцыі ў верасні 2023 года бок пацярпелых супольна з праваабаронцамі правёў каласальную працу: у працэсе будуць прадстаўленыя дадатковыя доказныя элементы, здольныя цалкам змяніць ход справы.

Юрый Гараўскі накіроўваецца ў залу суда. Верасень 2023 года. Фота Вольгі Класкоўскай / «Новы Час»
Сем’і загінулых дамагаюцца абвінаваўчага прысуду
Кейс Гараўскага з'яўляецца беспрэцэдэнтным: гэта першы выпадак у сусветнай практыцы, калі нацыянальны суд іншай дзяржавы разглядае злачынствы, учыненыя ў Беларусі, на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Акрамя таго, гэта першы выпадак у гісторыі самой Швейцарыі, калі міжнародна-прававы механізм ужываецца менавіта да злачынства гвалтоўнага знікнення чалавека. Ён дазваляе пераследаваць асоб за асабліва цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці незалежна ад таго, у якой краіне яны былі здзейсненыя і якое грамадзянства маюць вінаватыя ці ахвяры.
Ініцыятарам, кансультантам і галоўным каардынатарам гэтага працэсу ад самага пачатку выступіла міжнародная кааліцыя праваабарончых арганізацый: TRIAL International, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтр «Вясна». Менавіта гэтыя структуры сталі рухальнай сілай справы. Яны забяспечылі юрыдычнае суправаджэнне пазоўнікаў — сваякоў ахвяраў рэжыму, каардынавалі працу што да збору і ўзмацнення доказнай базы як пры першым разглядзе, так і на этапе апеляцыі. У выніку з’явіўся новы пазоў.
Напярэдадні апеляцыі ў Кантанальным судзе Санкт-Галена ўвагу назіральнікаў прыцягнулі нечаканыя дзеянні швейцарскага абвінавачвання. Першапачаткова пракуратура апратэставала апраўдальны прысуд, аднак пазней, атрымаўшы пісьмовую матывацыю судовага рашэння, вышэйшае пракурорскае ведамства вырашыла адклікаць сваю апеляцыю. Гэта азначае, што дзяржаўнае абвінавачанне пагадзілася з высновамі суду першай інстанцыі.
Глядзіце таксама

У праваабарончай супольнасці падкрэсліваюць, што адкліканне пракурорам апеляцыі не азначае змяненне прынцыповай пазіцыі або падтрымку апраўдання самога па сабе. Разам з тым, паводле юрыдычнага кансультанта Trial International Бенуа Майстрэ, такое рашэнне выклікае «вялікае шкадаванне, бо пакідае пазоўнікаў — сваякоў зніклых — змагацца за праўду ў адзіночку».
Хаця Гараўскага ў першай інстанцыі апраўдалі, найважнейшым вынікам судовага рашэння стала тое, што швейцарскі суд не паставіў пад сумнеў факт саміх злачынстваў. Юстыцыя афіцыйна і на дзяржаўным узроўні зафіксавала: выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага мелі месца і былі спланаваныя і ажыццёўленыя на дзяржаўным узроўні ў Беларусі. Суддзі проста канстатавалі, што сам Гараўскі не выклікае даверу і, верагодна, прыдумаў уласную ролю ўнутры сапраўдных трагічных падзей.
Тое, што швейцарскі суд афіцыйна зафіксаваў факт гэтых злачынстваў на вышэйшым узроўні, — гэта ўжо велізарная перамога, перакананыя праваабаронцы.
Глядзіце таксама

Новая стратэгія і ўзмацненне доказнай базы
Прадстаўнікі пацярпелых спадзяюцца, што на этапе апеляцыі вышэйшая судовая інстанцыя ўсё ж палічыць паказанні Гараўскага вартымі даверу. Паводле іх, «блытаніна ў асобных дэталях не з’яўляецца прычынай цалкам яму не верыць». Гэтым разам праваабаронцы разлічваюць на адмену мінулага рашэння і вынясенне абвінаваўчага прысуду.
Паводле слоў Бенуа Майстрэ, пасля вердыкту першай інстанцыі былі прыкладзены сур’ёзныя намаганні для ўзмацнення кейса. «І мы спадзяемся, гэта прывядзе да адмены папярэдняга рашэння», — кажа юрыст.
Пры гэтым усе дэталі стратэгіі мае суразмоўцы пакуль не раскрываюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасць.
Што будзе з грамадзянскімі пазовамі і кампенсацыяй выдаткаў?
Падчас першага судовага працэсу ў Роршаху суд накіраваў грамадзянскія пазовы сем’яў ахвяраў аб фінансавай кампенсацыі ў грамадзянскія суды менавіта па прычыне апраўдальнага прысуду. У выпадку прызнання Гараўскага вінаватым на этапе апеляцыі сітуацыя карэнным чынам зменіцца: вышэйшы суд будзе юрыдычна абавязаны самастойна прыняць рашэнні як па сутнасці грамадзянскіх пазоваў, так і па пакрыцці ўсіх выдаткаў пазоўнікаў на пражыванне і паездкі ў Швейцарыі.
«Ёсць вялікія надзеі на тое, што суд кампенсуе пазоўнікам выдаткі, якія яны панеслі пры адстойванні сваіх правоў», — гаворыць Бенуа Майстрэ.

Бенуа Мэйстрэ і Філіп Грант (TRIAL International) каля будынка суда падчас працэсу над Юрыем Гараўскім. Верасень 2023 года. Фота Вольгі Класкоўскай / «Новы Час»
Ці з’явіцца на працэсе сам Гараўскі?
Асобная ўвага на этапе апеляцыі ў Санкт-Галене будзе нададзеная тэхнічным аспектам арганізацыі слуханняў. На мінулым працэсе мелі месца сур'ёзныя праблемы з камунікацыяй і моўным бар'ерам: з-за адсутнасці поўнага перакладу з нямецкай на рускую публіка і самі пазоўнікі часта проста не разумелі дэталяў таго, што адбывалася ў залі.
У праваабарончай супольнасці заяўляюць, што поўны доступ да інфармацыі і моўная даступнасць на гэтым этапе з'яўляюцца базавымі прынцыпамі правасуддзя, аб чым адкрыта заяўляе Бенуа Мэйстрэ:
«У будучым апеляцыйным працэсе застаецца прынцыпова важным, каб усе бакі і аўдыторыя, што не размаўляе па-нямецку, разумелі, што пастаўлена на кон. Па гэтай прычыне TRIAL International заклікае да поўнага перакладу слуханняў на зразумелую для ўсіх мову. Гэта пытанне доступу да правасуддзя і справядлівага суда для ўсіх».
Што датычыцца фізічнай прысутнасці самога Юрыя Гараўскага на слуханнях, то праваабарончыя структуры чакаюць, што былы сілавік лукашэнкаўскага рэжыму з'явіцца ў судовай залі. Гараўскі быў афіцыйна выкліканы для паўторнага допыту, і паводле швейцарскага заканадаўства асабістая яўка на судовае пасяджэнне такога ўзроўню з'яўляецца абавязковай.
Рэжыму не ўдасца схаваць свае злачынствы
Будучы працэс у Кантанальным судзе Санкт-Галена — гэта не проста юрыдычная спрэчка вакол асобы аднаго чалавека. Першы суд ужо прынёс гістарычную перамогу: швейцарская юстыцыя афіцыйна і на дзяржаўным узроўні зафіксавала, што забойствы і выкраданні лідараў беларускай апазіцыі былі спланаваныя і здзейсненыя карнымі структурамі рэжыму Лукашэнкі. Цяпер, на этапе апеляцыі, кааліцыя праваабаронцаў і сем'і зніклых ідуць да канца, каб дабіцца поўнай справядлівасці і абвінаваўчага прысуду.
Так ці іначай кейс Гараўскага даводзіць галоўнае: у злачынстваў супраць чалавечнасці няма тэрміну даўнасці, і ўтойваць свае чорныя справы рэжыму не ўдасца.