Суд Швейцарыі апраўдаў Юрыя Гараўскага па справе аб выкраданні беларускіх палітыкаў
У судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі 28 верасня абвясцілі прысуд экс-байцу беларускага САХРа Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў у Беларусі. Суддзя Олаф Хумбель апраўдаў яго па гэтай справе.
Суддзя не паверыў у гісторыю, якую Гараўскі расказаў падчас пасяджэння, і засведчыў, што ў паказаннях багата супярэчнасцей. Апроч таго, суд палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў.
Таксама суддзя адзначыў, што гэты судовы працэс — гэта «асаблівы выпадак, у якім замяшана ўлада», і іменна яна адказная за гвалтоўныя знікненні апанентаў рэжыму.
Грамадзянскія іскі Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай будуць накіраваны ў іншы суд. На аб'яўленні прысуду сваякі зніклых сёння не прысутнічалі.
Пасля вынясення прысуду карэспандэнтка «НЧ» паспрабавала паразмаўляць з Юрыем Гараўскім.
— Ці шкадуеце вы аб тым, што бралі ўдзел у выкраданнях апазіцыйных палітыкаў? Ці разумелі вы, бяручы ўдзел у гэтых спецаперацыях, што гэта палітычныя справы? Як Паўлічэнка тлумачыў вам неабходнасць затрымання Захаранкі, Ганчара і Красоўскага? — запыталася наша карэспандэнтка ў Гараўскага.
Аднак Гараўскі не адказаў ні на адно пытанне, насунуўшы капюшон на галаву.
Адвакатка Гараўскага ў размове з журналістамі паведаміла, што яе бок задаволены такім рашэннем суда.
* * *
Юрыя Гараўскага судзілі ў межах універсальнай юрысдыкцыі, згодна з якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расследавання ў іншай краіне. Швейцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанентамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасць да «шматлікіх знікненняў».
Былы спецназавец даў паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Пракурор запрасіў для яго тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Сам факт гэтага працэсу можа стаць штуршком для таго, каб і іншыя краіны выкарыстоўвалі ўніверсальную юрысдыкцыю для разгляду злачынстваў, учыненых рэжымам у Беларусі. Гэтага, дарэчы, дамагаюцца беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой. Справы аб катаваннях у Беларусі ў 2020 годзе спрабуюць распачаць як мінімум у Літве і Германіі.
«Гэта можна натхніць і іншыя дэмакратычныя краіны правесці ў сябе падобныя разбіральніцтвы ў адносінах да тых прадстаўнікоў рэжыму, што чыняць сур’ёзныя злачынствы супраць беларускіх грамадзян», — лічыць швейцарскі праваабаронца, юрыдычны кансультант арганізацыі «Trial International» Бенуа Мэйстрэ. Менавіта «Trial International» дамаглася расследавання ў дачыненні да Гараўскага і ўзбуджэння адносна яго крымінальнай справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі.
«Гвалтоўныя знікненні з'яўляюцца ўлюбёным інструментам дыктатараў. За час кіравання Лукашэнкі было зафіксавана больш за 30 такіх знікненняў. Калі Юрыя Гараўскага прызнаюць вінаватым, гэта таксама будзе абвінаваўчы прысуд для Лукашэнкі. Гэта можа стаць пераломным момантам, які зробіць беспакаранасць немагчымай незалежна ад меж або таго, колькі часу прайшло», — адзначыла з нагоды суда над Гараўскім дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Глядзіце таксама