Праваабаронца, які ўдзельнічаў у судзе над Гараўскім: Змаганне не спыняецца, працягваем працаваць

У чацвер, 28 верасня, акруговы суд Роршаха ў Швейцарыі апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў «эскадроне смерці», які ліквідаваў апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе. Пракаментаваць прысуд «Люстэрка» папрасіла Іллю Нузава, кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Гэта адна з праваабарончых арганізацый, якая знайшла Юрыя Гараўскага ў Швейцарыі і перадала яго справу ў суд.

garavskiy_sud_shveycariya.jpg

— Мы вельмі расчараваны рашэннем суда, які сёння апраўдаў Юрыя Гараўскага. Суд матываваў рашэнне недаверам да паказанняў падсуднага. Цяпер мы думаем, ці падаваць апеляцыю, — адзначыў Нузаў. — Хоць вынік не той, на які мы разлічвалі, усё роўна важна, што працэс адбыўся. Падсуднаму былі прадастаўлена права на справядлівае судовае разбіральніцтва і магчымасць распавесці сваю версію падзей з захаваннем усіх працэсуальных нормаў. Гэта ўмацоўвае веру ў вяршэнства права.

Стандарт у такіх крымінальных справах вельмі высокі — доказы не павінны выклікаць ніякіх сумневаў. Суд не змог пераканацца канчаткова, што Гараўскі здзяйсняў гэтыя злачынствы. Значыць, не было прадастаўлена дастаткова доказаў.

— Раней вы распавядалі, як доўга шукалі прыдатную юрысдыкцыю для гэтай справы. Якія цяпер існуюць варыянты для апеляцыі і новых судоў?

— Справу разглядаў адзін з раённых (на ўзроўні швейцарскага кантона) судоў. Цяпер мы можам падаць апеляцыю ў Федэральны суд Швейцарыі. Суддзі раённых судоў не маюць вялікага вопыту работы з міжнароднымі злачынствамі такой цяжкасці. Магчыма, суддзя зрабіў памылку. Будзем уважліва вывучаць рашэнне (пакуль я не бачыў яго ў поўным выглядзе) і працаваць у рамках дадзенага працэсу. Таксама паспрабуем знайсці дадатковыя доказы і, можа быць, іншых удзельнікаў гэтых жудасных злачынстваў у гэтай ці іншай юрысдыкцыі. Змаганне за правасуддзе не спыняецца. Мы працягваем працаваць.


Глядзіце таксама

— Вы кажаце, што суд не паверыў паказанням Гараўскага. Якія яшчэ доказы і паказанні разглядаў суд?

— У доказную базу ўваходзілі дакументы, падрыхтаваныя спецдакладчыкам ПАРЕ (у 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе акалічнасці, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХР пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны). А таксама артыкулы журналістаў, паказанні сведак.

Але, вядома, самых каштоўных доказаў не было. Не хапала сведак, не хапала зброі, з якой забівалі ахвяр, не было доступу да месца здарэння і целаў загінулых. З боку беларускіх улад, зразумела, таксама не было ніякай кааперацыі (больш за тое, яны гадамі рабілі ўсё, каб сабатаваць расследаванне). Суд і юрысты вялі гэтую справу ў вельмі складаных умовах.