«Памочнікі» з Беларусі забясьпечваюць расейскіх акупантаў ва Украіне амуніцыяй і зброяй
Журналіст «Новага Часу», рэдактар беларускае службы міжнароднае супольнасьці «InformNapalm» Дзяніс Івашын яшчэ ў 2016 годзе выявіў шлях перакідваньня прарасейскіх баявікоў у Беларусь. Адным зь фігурантаў матар'ялу быў жыхар Гародні Аляксандр Базюкоў. Ці ў сувязі з публікацыяй гэтага матар'яла, ці па іншых прычынах, але тады актыўная дзейнасьць Базюкова па перавозцы амуніцыі прарасейскім калабарантам прыпынілася.

Але ў чэрвені 2022 года на створанай Аляксандрам Базюковым старонцы ў сацсетцы «Укантакце» «Дапамога Наваросіі. Беларусь» пасьля доўгага перапынку зьявіўся новы допіс аб тым, што «прыйшоў час узнавіць збор сродкаў». Асноўным адрасатам збору сродкаў у тым допісу былі названыя ўдзельнікі ўзброеных калабаранцкіх фармаваньняў, так званыя «апалчэнцы ЛДНР».
З таго часу Базюкоў зьдзейсьніў як мінімум 18 паездак на акупаваную частку Ўкраіны. Першая пасьля перапынку паездка Базюкова адбылася ў кастрычніку 2022 году. Маюцца ягоныя здымкі з Данецку і відэа з Данецкае вобласьці.
Пасьля гэтага напрыканцы 2022 года ён займаўся дастаўкай адзеньня і амуніцыі для разьмешчаных у Беларусі расейскіх вайскоўцаў. У сваім допісу ад 21 лістапада 2022 года Базюкоў кажа пра мабілізаваных расейцаў, якіх перакінулі на палігон каля Берасьця зь Белгарадскае вобласьці, а разам зь імі там знаходзіліся інструктары, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях.
У студзені 2023-га Базюкоў зноў паехаў у Данецк. Пакуль ён ехаў праз Расею, заехаў у Смаленск, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі «Саюза дабравольцаў Данбаса», і па дамоўленасьці зь імі ўзяў у іх «груз» для дастаўкі расейскім вайскоўцам.
Звычайны маршрут Аляксандра Базюкова, які ён з «грузам» зьдзяйсняе на сваім аўтамабілі, пачынаецца ў Гародні, потым ён наведвае Менск і шэраг расейскіх гарадоў (Смаленск, Масква, Варонеж, часам іншыя), пасьля чаго ўяздзжае на акупаваную тэрыторыю Украіны.
З прыкметных рэчаў, якія ён дастаўляў, і якія аніяк не падобныя да гуманітарнае дапамогі мірнаму насельніцтву — аптычныя і каліматарныя прыцэлы, цеплавізары, антыдронавыя стрэльбы. Таксама ён неаднаразова прывозіў расейскім салдатам аўтамабілі.
А ў жніўні 2024 года ў тэлеграм-канале «Помощь Беларусь-Россия VZ» было напісана, што Базюкоў «перадаў міні-РЭБ для хлопцаў у Аленаўку». На скрыншоце бачныя словы «2 мотострелковая». Дакладна невядома, якая вайсковая частка маецца на ўвазе, але ўдалося высьветліць, што ў акупаванай Аленаўцы Данецкае вобласьці расейцы арганізавалі вайсковы палігон.
У лютым 2023 года Аляксандр Базюкоў быў узнагароджаны мэдалём «Удзельніку міратворчае аперацыі». Як указана ў пасьведчаньні, мэдаль быў уручаны паводле загаду камандзіра 5-е асобнае мотастралковае брыгады УС РФ (в/ч 41698) Фафанава. Згаданая вайсковая частка — гэта былы батальён «Аплот», які пазьней быў уключаны ў склад узброеных сілаў Расеі. Маюцца згадкі, што для гэтае вайсковае часткі Базюкоў таксама зьбіраў рэчы.
Два падзельнікі Базюкова — жыхары Менску Аляксандр Носікаў і Вольга Марозава — атрымалі падзяку таксама ад 5-е асобнае мотастралковае брыгады УС РФ, аб чым Базюкоў напісаў 12 траўня 2023 года.

Прынамсі пачынаючы з кастрычніка 2024 года да арганізаванай Базюковым адпраўкі амуніцыі расейскім войскам далучыліся адміністратары тэлеграм-канала «Белорусский силовик». У тым ліку, зь іх фінансавай дапамогай быў набыты аўтамабіль УАЗ, які ў чэрвені 2025-га Базюкоў прывёз расейцам.
Але найпрыкметнейшы з падзельнікаў Аляксандра Базюкова — чалавек, які паўсюль у ягоных допісах завецца «Гошай».
Удалося высьветліць, што гэта — Ігар Каток, які цяпер жыве ў Менску, а раней жыў у Гародні. У 2014-15 гадах ён ваяваў на баку Расеі падчас узброенае агрэсіі Расеі супроць Украіны. Паводле даных сайта «Міратворац», Каток быў у складзе так званай «2-е мотастралковае брыгады народнае міліцыі ЛНР». У сваім акаўнце ў сацсетцы «ОК» ён перыядычна публікуе здымкі сваіх «геройстваў» тых гадоў, у тым ліку можна пабачыць здымак, на якім Ігар Каток зь іншымі баявікамі стаіць на фоне зруйнаванага будынку ў Марыюпалі. У каментарах пад здымкам ён яшчэ і скардзіўся, што ў Марыюпалі па іх стралялі ўкраінскія снайперы — напэўна, снайперы павінны былі іх сустракаць з караваем.

Пасьля пачатку паўнамаштабных баявых дзеяньняў Ігар Каток зноў паехаў ваяваць. 7 красавіка 2022 года ён публікуе здымак з Падмаскоўя і піша «У Люберцах да пасьлязаўтра», а 10 красавіка піша, што ўжо ў Растоўскай вобласьці. Але ўжо ў траўні Каток апынуўся з параненьнем у шпіталю.
Другі эпізод ягонага ўдзелу ў вайне пачаўся ў кастрычніку 2023 года. Зь ягоных допісаў выцякае, што ён у сярэдзіне кастрычніка цягніком паехаў зь Менску ў Расею, да месца адпраўкі ў зону баявых дзеяньняў. Таксама зь ягонага допісу ад 6 жніўня 2024-га бачна, што ён стаіць з жонкай на фоне вакзала — то-бок, магчыма, ужо прыехаў назад.
«Гошу» Аляксандр Базюкоў неаднаразова дзякаваў за ўдзел у зборы амуніцыі. Апроч таго, 5 сакавіка 2023 году Базюкоў напісаў, што «Гоша» зь нядаўніх часоў — адміністратар тэлеграм-канала «Помощь Беларусь-Россия VZ», прысьвечанага дзейнасьці Базюкова і падзельнікаў. Гэты тэлеграм-канал быў створаны тады ж на пачатку 2023-га ўзамен выдаленага тэлеграм-канала з той жа назвай.
Існуе здымак, на якім Аляксандр Базюкоў у гасьцях у Ігара Катка разам зь ім пазіруе на фоне расейскага імперскага сьцяга з надпісам «Мы русские. С нами Бог», а таксама палотнішча з эмблемай ПВК «Вагнэр». На гэтым здымку Базюкоў стаіць справа, Каток у цэнтры, побач зь ім ягоны маленькі сын.

Каток у сваіх допісах згадваў, што ў 2014 годзе, то-бок у перыяд удзелу ў баявых дзеяньнях супроць Украіны, ён належаў да групоўкі «Вагнэр» («Аркестра», як ён піша). Апроч таго, 16 ліпеня 2024 года, магчыма, яшчэ знаходзячыся ў зоне баявых дзеяньняў, Каток апублікаваў здымак артылерыйскага снарада з надпісам «От Гоши с Вагнера».
Імаверна, што калі Ігар Каток ваяваў у 2023-24 гадах, ён фармальна быў залічаны да складу ПВК «Ваўкі». Гэтая прыватная вайсковая кампанія, якую шэраг крыніцаў называе таксама «1-я ДШРБр "Ваўкі"» — адна зь некалькіх ПВК, існуючых пад эгідай «Рэдута», кампаніі-нашчадка «Вагнэра». Каток як адміністратар тэлеграм-канала перыядычна публікуе ў ім інфармацыю ад ПВК «Ваўкі», а аднойчы згадаў, што ягоны брат ваюе ў шэрагах «Ваўкоў».
Сярод расейцаў, зь якімі Базюкоў узаемадзейнічае пры перавозцы грузаў — Смаленскае аддзяленьне «Саюза дабравольцаў Данбаса», а таксама жыхарка Масквы Тацяна Панамарова. Панамарова зьяўляецца ўдзельніцай групоўкі «ZащитникамV2022», створанай у акупаваным Севастопалі, якая займаецца дастаўкай розных рэчаў расейскім войскам. Паводле просьбы гэтае групоўкі Базюкоў у траўні 2025-га адвозіў «груз» у Бранскую вобласьць Расеі для патрэбаў 4-е танкавае дывізіі УС Расеі.
Але збольшага адрасатамі вайсковае амуніцыі, што дастаўляе Базюкоў, зьяўляюцца або найміты, або ўзброеныя калабаранцкія фармаваньні, падпарадкаваныя кіраўніцтву УС РФ. Сярод іх — групоўкі «Самалі», «Кальміус», а таксама «Пятнашка».
Аб кантактах Базюкова з удзельнікамі «Пятнашкі» згадваў Дзяніс Івашын у сваім матар'ялы. У красавіку 2024 года адзін з падзельнікаў Аляксандра Базюкова, які суправаджаў яго падчас паездкі, зрабіў штосьці накшталт відэаінтэрвью з Базюковым. Падчас гэтага інтэрвью Аляксандр Базюкоў кажа, што ў адной з паездак ён пазнаёміўся з «асноўнымі босамі» «Пятнашкі», у тым ліку з «Абхазам» (баявік на імя Ахра Авідзба). Кіраўніцтва групоўкі «Пятнашка», паводле словаў Базюкова, надала яму ў дапамогу пры развозе груза двух баявікоў.

Таксама ў згаданым вышэй відэаінтэрвью Аляксандр Базюкоў прызнае, што «вывозіў адтуль (з акупаваных тэрыторыяў) людзей» у Белгарадскую і Растоўскую вобласьці Расеі, а таксама ў Беларусь.
То-бок, перакідваньне прарасейскіх баявікоў у Беларусь, якое стала аб'ектам расьследаваньня Дзяніса Івашына, працягваецца. І перавезеныя Базюковым людзі, імаверна, дагэтуль знаходзяцца ў Беларусі.