«Першая неабходная ўмова для доўгага міру ва Украіне — гэта смерць Пуціна».
Кожны другі рубель, зароблены ў Расіі, выдаткоўваецца на вайну ва Украіне. Але шалёныя ваенныя выдаткі не прымушаюць Пуціна спыніць вайну, і наўрад ці яна скончыцца, пакуль ён жывы, мяркуе канадскі ваенны. Тым часам Украіна пачала працэс уступлення ў Еўрапейскі Саюз. Ідуць 1571-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйны малюнак
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмаў расіян ў бок Радзінскага, Новааляксандраўкі, Шаўчэнка, Грышына, Сяргееўкі, Котліна, Удачнага, Новападгароднага, Дарожнага і Біліцкага.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 33 атакі ў бок Рыбнага, Уздвіжаўкі, Гуляйпольскага, Верхняй Тэрсы, Цвятковага, Залізнічнага, Раўнаполля, Варвараўкі, Горкага, Мірнага, Дабраполля і Чароўнага.
На Ліманскім кірунку войскі РФ 19 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ, атакуючы ў раёнах Зарэчнага, Ліману, Шыйкаўкі, Навасёлаўкі, Сярэдняга, Дробышава, Азёрнага, Торскага.
На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 14 разоў, у бок Рай-Аляксандраўкі і ў раёне Рэзнікаўкі, Крывой Лукі, Закітнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак каля Іванаполля, Іллінаўкі, Плешчыеўкі, Вольнагаі ў бок Канстанцінаўкі, Грузкога, Тарэцкага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана восем боесутыкненняў.
* * *
Расійскія войскі не хочуць захраснуць у гарадскіх баях і плануюць абысці Краматорск, заявіў прадстаўнік 11 корпуса УСУ Дзмітрый Запарожац у эфіры «Суспільнага».
Паводле яго слоў, цяпер Краматорскі кірунак фронту па частцы баявых сутыкненняў — самы спакойны на ўсім усходнім фронце. «Краматорскі кірунак у цэлым самы ціхі, бо праціўнік усё ж галоўную задачу ставіць на абыход нейкіх населеных пунктаў. І Краматорск, ён усё ж, хутчэй за ўсё, будзе спрабаваць абысці для таго, каб не ўвязвацца ў будучыні ў баі ў горадзе, бо гэта складаная рэч, якую праціўнік усё ж не зможа, скажам так, хутка ўзнавіць», — расказаў Дзмітрый Запарожац.
Па яго словах, армія РФ засяроджвае штурмавыя дзеянні і разведку на Славянскім кірунку.
* * *
Расійскія ваенныя ў ноч на 13 чэрвеня атакавалі Мікалаеў з дапамогай беспілотнікаў, у выніку чаго два чалавекі атрымалі раненні, пацярпела дзіця.
12 чэрвеня расійская армія атакавала ферму ў Сумскім раёне: 5 работнікаў пацярпелі. Частка жывёлы загінула, яшчэ частка — параненая.
Беспілотнікі атакавалі марскі тэрмінал у Цемруцкім раёне Краснадарскага краю. На тэрыторыі тэрмінала адбылося ўзгаранне, загінуў адзін чалавек, яшчэ трое атрымалі раненні.
* * *

* * *
ЕС афіцыйна пацвердзіў пачатак уступных перамоў з Украінай. 15 чэрвеня ЕС правядзе міжурадавыя канферэнцыі з Украінай і Малдовай, дзе яны адкрыюць першы перамоўны кластар.
«15 чэрвеня ў рамках кіпрскага старшынства ў Савеце ЕС мы правядзем першыя канферэнцыі па пытаннях уступлення з Украінай і Малдовай, каб пачаць працу над Кластарам 1 – "Асновы"», – гаворыцца ў паведамленні Кіпрскага старшынства ў Савеце ЕС.
«Робячы гэты важны крок разам, мы яшчэ раз пацвярджаем, што Еўрапейскі Саюз мацнейшы, калі ён адзіны, прынцыповы і адкрыты для тых, хто адданы яго каштоўнасцям», – заявіла кіпрскае старшынства.
* * *
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які павялічвае колькасць расійскай арміі на 7360 ваеннаслужачых. Згодна з указам, агульную штатную колькасць расійскай арміі ўстанавілі на ўзроўні 2 399 130 чалавек, з якіх 1 510 000 — ваеннаслужачыя.
Раней Пуцін падчас сустрэчы з расійскімі ваеннымі заявіў, што ў вайне супраць Украіны ўдзельнічаюць больш за 700 000 чалавек.
* * *
Пакуль Уладзімір Пуцін кіруе Расіяй, дасягнуць трывалага міру ва Украіне будзе вельмі складана. Пра гэта сказаў былы камандуючы Аб’яднанага аператыўнага камандавання Канады генерал-лейтэнант Крыстафер Коўтс у інтэрв’ю «Укрінформу».
«Першая неабходная ўмова для доўгага міру ва Украіне — гэта смерць Пуціна. На жаль, мне вельмі цяжка ўявіць доўгі мір, пакуль Пуцін застаецца ва ўладзе. Больш фундаментальнай асновай такога міру я лічу толькі ваенную перамогу Украіны», – заявіў ён.
Коутс падкрэсліў, што «ўсё больш скептычна ставіцца да думкі, што тэрытарыяльныя саступкі Украіны могуць забяспечыць нешта доўгачасовае».
«Максімум – часовую паўзу. Калі ж Расія захавае свае імперскія амбіцыі, яна адновіць сілы і зноў вернецца да вайны», – перакананы генерал-лейтэнант.
* * *
Расійскія ваенныя выдаткі штогод павялічваюцца ў разы. У цяперашні час адзін дзень вайны для яе абыходзіцца ў 65 млрд рублёў, што сувымерна з гадавым бюджэтам Наўгародскай вобласці. Да такой высновы на падставе даных Мінфіна РФ прыйшоў навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі Яніс Клюге, піша The Moscow Times.
Адзначаецца, што ваенныя выдаткі Расіі ў першым квартале 2026 дасягнулі новай рэкорднай адзнакі — 5,908 трыльёна рублёў. У параўнанні з тым жа перыядам мінулага года выдаткі на армію і вытворчасць зброі павялічыліся на 29,9%, у параўнанні з студзенем-сакавіком 2024 года — на 68,7%, у параўнанні з 2023 годам — на 129%, а калі параўноўваць з першым кварталам 2022-га — у 4,6 разы.
У выніку ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны доля ваенных выдаткаў у бюджэце дасягнула 46%. Іншымі словамі, кожны другі рубель дастаўся арміі, падкрэслівае Клюге.
У сярэднім, як вынікае з яго разлікаў, ваенная машына РФ «з’ядала» каля 2,7 млрд рублёў у гадзіну і 65 млрд рублёў на дзень — суму, якую можна параўнаць з гадавым бюджэтам Наўгародскай ці Арлоўскай вобласці (69 і 61 млрд рублёў адпаведна).
Месячныя выдаткі на вайну — каля 2 трлн рублёў — перавысілі гадавы бюджэт усёй сістэмы вышэйшай адукацыі Расіі (1,7 трлн) і ўсіх расійскіх рэгіёнаў, акрамя Масквы.
Асноўны прырост ваенных выдаткаў прыйшоўся на сакрэтныя артыкулы: іх аб’ём вырас з 3,4 да 4,9 трлн рублёў па выніках квартала. У выніку засакрэчанымі аказаліся 38,2% усіх бюджэтных выдаткаў (12,8 трлн рублёў за квартал).
Прыкметна, што выдаткі на вайну растуць, хаця ў бюджэт было закладзена іх нязначнае скарачэнне — з 7,8% да 6,2% ВУП, падкрэслівае Клюге. Па факце ў першым квартале ваенны бюджэт раздзьмуўся да 12% ВУП.
Гледзячы па ўсім, адзначае Клюге, ваенныя выдаткі-2026 будуць значна вышэйшыя за леташнія — да 9–10% ВУП па выніках года. Гэта раздзімае бюджэтны дэфіцыт, які ў першым квартале складаў 4,6 трлн рублёў, а да канца траўня дасягнуў 6 трлн.