Забытая аўтарка вядомага партрэта Купалы. Гісторыя Ніны Сасноўскай
Адзін з самых вядомых партрэтаў Янкі Купалы стварыла беларуская мастачка Ніна Сасноўская. У міжваеннай Вільні яна выкладала ў Беларускай гімназіі і была вядомай графічкай, але з цягам часу ейнае імя амаль забылася. Расказваем, што вядома пра жыцьцё мастачкі і чаму даследчыкі дагэтуль шукаюць новыя зьвесткі пра яе.

На віленскіх Былінах пахавана шмат беларусаў ды беларусак XIX–XXI стагодзьдзяў. Да іх рэгулярна на Раданіцу і Дзяды завітваюць мясцовыя беларусы. Пасьля 2020 году гасьцей на могілках стала значна больш — актывізаваліся пошукі забытых пахаваньняў, а прыбранымі і ўпрыгожанымі зьнічкамі ды бел-чырвона-белымі стужкамі сталі многія дасюль непрыкметныя і занядбаныя магілы. Лягчэй і прасьцей цяпер шпацыраваць па Былінах — там-сям прыцягваюць увагу роднаколерныя стужкі.
Але дасюль застаюцца падзабытыя мясьціны памяці, да якіх даходзяць хіба сваякі, а шырокаму колу беларусаў яны пакуль малавядомыя. Да такіх мясьцінаў, што не набылі масавага наведваньня, належыць магіла беларускай мастачкі і настаўніцы маляваньня Віленскай беларускай гімназіі Ніны Сасноўскай (1892–1978). Праўда, пахаваная яна пад мужавым прозьвішчам — Каранцэвіч Ніна Аляксандраўна. Гэта таксама можа зьбіць са сьледу ня вельмі ўпартага шукальніка.
Пахаваная яна побач зь сястрой Тацьцянай (1893–1978) і сваячкай па лініі мужа сястры — Кудасавай (Жалязьніковай) Нінай Уладзіміраўнай (1919–2008). Таксама побач пахаваныя бацькі Ніны і Тацьцяны Сасноўскіх — маці Марыя Кіпрыянаўна (1868–1953) і бацька а. Аляксандар (1862–1931) Сасноўскія. У Цэнтральным архіве Летувы захоўваюцца справы, заявы на дакумэнты і здымкі Тацьцяны Сасноўскай-Кудасавай і ейнага мужа Ўладзімера Кудасава. На жаль, падобнай інфармацыі пра Ніну Сасноўскую-Каранцэвіч там няма.
Нарадзілася Ніна ў 1892 годзе ў вёсцы Дабраволя Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Сьвіслацкі раён Гарадзеншчыны). З 1898 году сям’я Сасноўскіх пражывала ў Вільні. У 1910–1911 гадах Ніна навучалася ў Віленскай мастацкай школе. Два гады (1919–1921) як вольная слухачка займалася на мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту.
У пачатку 1920-х працавала настаўніцай маляваньня і каліграфіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Была вядомай у міжваеннай Вільні заходнебеларускай мастачкай-графічкай, якая ў 1923 годзе выканала алоўкавы партрэт Янкі Купалы, літаграфаваны на камень мастаком Язэпам Горыдам. Надрукаваны ў віленскай друкарні Ласкова, партрэт Купалы атрымаў шырокі распаўсюд у заходнебеларускіх выданьнях і падручніках.

Партрэт Янкі Купалы. Аснова — алоўкавы партрэт, выкананы Нінай Сасноўскай, пазьней літаграфаваны на камень мастаком Язэпам Горыдам.
Праз тое, што публічна быў вядомы найперш гэты партрэт, Ніну Сасноўскую часта ўспрымалі як мастачку аднаго твору. Але вядома, што яна стварыла значна больш працаў.
Таксама вядомая супярэчлівая інфармацыя пра бацьку Ніны — пратаірэя Аляксандра Сасноўскага. З аднаго боку, ён быў вядомы сваімі манархісцкімі поглядамі, зь іншага — прыязна ставіўся да беларускай справы.

Пратаірэй Аляксандр Сасноўскі, бацька Ніны Сасноўскай
Пра настаўніцу маляваньня ў Беларускай віленскай гімназіі прыгадвалі ў сваіх успамінах ейныя былыя вучні: Янка Багдановіч у кнізе «На жыцьцёвым шляху» (1992) і Леанід Галяк ва «Ўспамінах» (1982–1983). Першы апісаў яе як «добрую, шчырую, вучні вельмі любілі яе». Другі адзначыў: «Ніна Сасноўская — дачка пратаерэя Сасноўскага выкладала рысаваньне. Пазьней зь ёю не спатыкаўся. У 1966 годзе бачыў яе фатаграфію ў яе пляменьніка Аўгена Кудасава (1922–1983). Памерла ў Вільні».
Вядома, што падчас вайны Аўген Кудасаў, сын сястры Ніны Сасноўскай, зьехаў у ЗША. Ягонай жонкай была мастачка Надзея Кудасава, якая пасьля сьмерці Аўгена пабралася шлюбам зь Янкам Запруднікам.
Глядзіце таксама

Дзякуючы пасярэдніцтву Натальлі Гардзіенкі мне ўдалося сабраць крыху зьвестак пра Ніну Сасноўскую ў Надзеі Кудасавай-Запруднік, 1932 году нараджэньня, якая цяпер знаходзіцца ў доме для старых у Нью-Джэрзі. Натальля Гардзіенка тэлефанавала ёй і пазьней адведвала яе там.
Надзея Запруднік ведала пра цётку свайго першага мужа ў Вільні. У доме Кудасавых было некалькі малюнкаў, зробленых Нінай, якія час ад часу выкарыстоўваліся на выставах творчасьці беларускіх мастачак у ЗША.
Таксама спадарыня Надзея прыгадала пра брата Ніны і Тацьцяны — Аляксандра Сасноўскага, які быў названы так у гонар бацькі. Паводле ўспамінаў спадарыні Надзеі, а таксама згодна зь весткамі Цэнтральнага архіву Летувы, ён навучаўся ў Празе. Ніне Сасноўскай таксама прапаноўвалі ехаць па навуку ў Прагу, але яна адмовілася.
Зрэшты, спадарыня Надзея падзялілася важнай інфармацыяй пра тое, што пазьней брат Ніны Аляксандар Сасноўскі, які зь сям’ёй жыў у Вішневе, быў арыштаваны і вывезены ў Сыбір.
Зьвестак як пра замужжа Ніны з Каранцэвічам, так і пра ейнае жыцьцё падчас Другой сусьветнай вайны і пасьля яе ў савецкі час пакуль не знойдзена. Няма зьвестак і пра тое, ці былі ў Ніны з мужам дзеці.
У Вікіпэдыі год сьмерці Ніны Сасноўскай пазначаны як 1979-ы, аднак на магіле стаіць дата 1978.
Пакуль вядзецца пошук новай інфармацыі пра забытую беларускую мастачку і дзяячку Вільні, ейную магілу можна наведаць на Былінах — у цэнтральнай частцы могілак паміж уваходам і бажніцай.

Магіла Ніны Сасноўскай-Каранцэвіч і ейных сваякоў на Былінах (Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх або яшчэ Ліпаўскіх могілках)

