«Адказ, мой сябар, лунае ў паветры»: у Вільні адкрылася вялікая рэтраспэктыва Віргіліюса Шонты

 У Нацыянальнай мастацкай галерэі Вільні праходзіць першая маштабная рэтраспэктыўная выстава летувіскага фотамастака Віргіліюса Шонты — чалавека з драматычным лёсам, складанай тоеснасьцю і надзвычай чулым позіркам на сьвет.

img_2764_1.jpeg

З 27 сакавіка да канца чэрвеня ў Нацыянальнай мастацкай галерэі Вільні дзейнічае выстава “Віргіліюс Шонта: Адказ, мой сябар, лунае ў паветры”. Гэта першая рэтраспэктыўная выстава творчасьці летувіскага фатографа Віргіліюса Шонты (1952–1992) такога маштабу.

Фотапартрэт Віргіліюса Шонты, 1990 

Фотапартрэт Віргіліюса Шонты, 1990 

На выставе прадстаўленыя больш за 200 працаў аўтара, дапоўненых біяграфічнымі дакумэнтамі, якія дазваляюць зазірнуць у таямнічую асобу мастака з надзвычай чулым і драматычным лёсам. Выстава створаная супольна зь сям’ёй мастака і Ковенскай фотагалерэяй. Упершыню працы Шонты сабраныя з усіх найважнейшых калекцыяў.

1778169986921blob.jpg

Экспазыцыя складаецца зь некалькіх частак, якія ахопліваюць асноўныя этапы жыцьця і творчасьці мастака: час аналягавай фатаграфіі, навучаньне і працу ў Ковенскім палітэхнічным інстытуце, далучэньне да Летувіскага таварыства фатаграфічнага мастацтва, прывідны цень КДБ, які кружляў вакол ягонага жыцьця, схаваную ідэнтычнасьць (ЛГБТК+), амэрыканскае грамадзянства і паездкі ў “сваю” краіну — ЗША.

img_2753_1.jpeg

У гэтых частках складанай біяграфіі хаваецца мноства сакрэтаў, схаваных паміж радкоў сэнсаў і пытаньняў, адказы на якія нібыта лунаюць у паветры — як у прыпеве песьні Боба Дылана 1962 году, што ў свой час стала гімнам руху за грамадзянскія правы і дала назву гэтай выставе.

На выставе можна пабачыць і першыя працы Шонты з сэрыі “Летувіскія краявіды”, і здымкі, зробленыя падчас паездкі ў Сыбір і на Далёкі Ўсход — сэрыю “Камяні Поўначы”. Але найбольш эмацыйнай часткай экспазыцыі выглядае цыкль “Школа — мой дом”, прысьвечаны паўсядзённаму жыцьцю дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

Маці і бацька Віргіліюса Шонты былі амэрыканцамі, якія прыехалі ў Летуву перад Другой сусьветнай вайной і засталіся там жыць. Таму сам мастак таксама меў амэрыканскае грамадзянства.

Віргіліюс Шонта быў геем ці, як пазначана на стэндзе выставы, “бісэксуалам”, але яму спатрэбіліся гады, каб прыняць сваю тоеснасьць. Сваю цягу да мужчынаў ён спрабаваў “лекаваць” мэдыкамэнтамі, шпіталізацыямі і нават галаданьнем. Пры гэтым стварыў сям’ю, меў жонку і дзіця.

"Каля мора", 1991

"Каля мора", 1991

22 жніўня 1992 году мастака забілі ў ягонай віленскай майстроўні. Імя забойцы дасюль не ўстаноўленае.

Асобная частка выставы прысьвечаная тэме ЛГБТК+. Бязбоязкія і кідкія гомаэратычныя працы спачатку крыху насцярожваюць частку публікі, але потым наведнікі зноў і зноў вяртаюцца да іх, каб уважлівей разгледзець і ацаніць непаўторны стыль мастака.

img_2756.jpeg

Беларусы Вільні могуць наведаць выставу да канца чэрвеня і пабачыць на ўласныя вочы чароўны чорна-белы сьвет фотамастака, якога толькі цяпер публічна і з гонарам адкрываюць для сябе многія летувісы.

Ёсьць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін важны кантраст. Калі ў Беларусі ўлады зноў апускаюцца ў савецкую барбарыю, баючыся любога іншадумства і перасьледуючы найменш абароненых — у тым ліку ЛГБТК+ супольнасьць, — Летува, наадварот, усё больш эмансыпуецца, вяртае зь нябыту і ганарыцца тымі, каго раней загналі ў цень і савецкая сыстэма, і ўласны кансэрватыўны парадак — сэксуальнымі дысыдэнтамі.