«Беспілотнік бачыла, адчуванні так сабе»: Што рэжым у Беларусі прыхоўвае, апроч слуцкіх дронаў?

Багата падзей на гэтым тыдні круціліся як бы вакол Беларусі. Падзеі важныя і дастаткова знакавыя. А што адбываецца не вакол, а менавіта ў нас? Здаецца, нічога. А калі штосьці і адбываецца, то гэта спрабуюць замаўчаць. Памятаеце, як у Высоцкага: «Удивительное — рядом, но оно запрещено». Там дзеянне песні адбывалася ў вар'ятні — варта пра гэта нагадаць.

Ілюстрацыйнае фота з 24tv.ua

Ілюстрацыйнае фота з 24tv.ua

Калі паглядзець на Беларусь больш пільна — то сапраўды, як бы і не адбываецца нічога. Віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка традыцыйна паведаміў, што ў Беларусі разлічваюць атрымаць ураджай збожжа ў 11 млн тон. Але на гэта разлічваюць кожны год, і кожны год потым апраўдваюцца, чаму гэтага не адбылося. Раней нашым аграрыям заміналі маласнежныя зімы, а цяпер, як сказаў Шулейка, «быў вельмі вялікі снег, нялёгкая пасяўная, але сёлета ўсё ідзе па плане».

І няма снегу — дрэнна, і ёсць снег — таксама дрэнна. Не зразумееш гэтых беларускіх аграрыяў. Аж да таго, што закрадваюцца думкі — можа, яны і не аграрыі ў прынцыпе?

Мы ўжо прывыклі да таго, што для атрымання больш прыгожых лічбаў ва ўраджай збожжа залічваюць і рапс. Але і нават гэта не дапамагае.

Дапамагло б адно — калі б нашыя міністры не агучвалі нерэальныя лічбы. Іх жа за язык, нібыта, ніхто не цягне. Ці ім так неабходна пацешыць пачуццё ўласнай велічы? Але потым гэтае пачуццё ж разбіваецца аб непрыемную для іх рэчаіснасць…

Вось Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця на тыдні апублікаваў новы рэліз рэгіянальнага эканамічнага прагнозу. Ацэнка росту беларускай эканомікі ў 2026 годзе зніжана на 0,2 працэнтных пункта, і цяпер аналітыкі ЕБРР лічаць, што беларускі ВУП у гэтым годзе вырасце на 1,1%.

«ВУП скараціўся на 0,4% у гадавым вылічэнні за першыя тры месяцы 2026 года праз зніжэнне аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і стагнацыю ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Спад у апрацоўчай прамысловасці падкрэслівае праблемы, якія захоўваюцца, уключаючы скарачэнне магчымасцяў экспарту ў Расію і абмежаванае фінансаванне імпартазамяшчэння. Гадавая інфляцыя дасягнула піка ў 7,4% у ліпені 2025 года, паступова знізіўшыся да 5,4% у сакавіку 2026 года», — канстатуюць эксперты еўрапейскага банка.

Таксама ў справаздачы адзначаецца, што дэфляцыя ў значнай ступені падтрымлівалася кантролем цэн на прадукты харчавання, а эканамічныя санкцыі і залежнасць Беларусі ад расійскай эканомікі «ўяўляюць сабой значныя рызыкі зніжэння тэмпаў росту».

Нагадаем, афіцыйны прагноз на 2026 год прадугледжвае рост ВУП у гэтым годзе на 2,8%.

Зразумела, такія лічбы не могуць не непакоіць Лукашэнку. І калі наша краіна завязана на Расію, то, на думку Рыгоравіча, РФ і павінна забяспечыць Беларусі росквіт. Дарма, ці што, у 2020-м сюды расійскіх прапагандыстаў дасылалі і Расгвардыю да нашых межаў сцягвалі?

Таму Лукашэнка правёў тэлефонную размову з Пуціным. Бакі абмеркавалі «актуальныя пытанні далейшага развіцця двухбаковага саюзнага ўзаемадзеяння», паведамляе прэс-служба Крамля. А прэс-служба Лукашэнкі дадала, што абмяркоўвалі «міжнародны парадак дня і абстаноўку ў рэгіёне».

Не ўдакладняецца, па чыёй ініцыятыве была праведзена размова. Але, нават калі Лукашэнка і прасіў нечага ў Пуціна, то ягоныя просьбы наўрад ці былі пачутыя. Хутчэй, Пуцін выказаў пэўную незадаволенасць беларускім васалам. Невядома, ці тычылася размова нападу на Украіну з Беларусі, але не можа не звярнуць на сябе ўвагу адзін факт.

Амаль адначасова з гэтай размовай пасол Беларусі ў РФ Юрый Селіверстаў заявіў, што асноўныя кірункі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады выкананы толькі на палову. «Гэтыя дакументы павінны быць рэалізаваны, асабліва ў сферах эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фінансаў, транспарту. Аднак на сённяшні дзень з 310 мерапрыемстваў выканана толькі палова. А часу да заканчэння тэрмінаў рэалізацыі застаецца, калі не браць пад увагу справаздачны снежань, толькі паўгода», — сказаў ён.

Гэта такі непразрысты намёк Лукашэнку: маўляў, з табой ці без цябе, але ў нас «Саюзная дзяржава», і калі ты будзеш ігнараваць патрабаванні Пуціна, то РФ можа зноў пачаць «паглыбленую інтэграцыю». І гэтым разам у Беларусі не будзе Паўла Севярынца, здольнага паказаць незадаволенасць народа нахрапістымі крокамі Масквы.

Лукашэнку застаецца зноў круціцца, як вужака на патэльні. Прыём стары: спрабваваць паказаць Пуціну, што Лукашэнка як бы і гатовы, але «саюзніка» лепей паберагчы. Ды зрабіць гэта так, каб з аднаго боку, беларусы не вырашылі, што чалавек, які абяцаў ім усімі сіламі не дапусціць вайны, гэтую вайну ўсё ж такі дапусціў. А з другога — каб не справакаваць «верагоднага праціўніка», які ўжо неаднаразова папярэдзіў пра наступствы.

Таму падзею, якая была б галоўнай інфармацыйнай нагодай тыдня — падзенне беспілотніка (а можа, і двух) у Слуцку 2 чэрвеня — паспрабавалі схаваць, уключыўшы моцную цэнзуру мясцовых каналаў. Усе сведчанні відавочцаў амаль імгненна вычышчалі з сеціва.

Таму мы ведаем, што беспілотнік быў, але не ведаем больш нічога. Тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом» паведаміў пра падзенне беспілотніка каля вёскі Навадворцы недалёка ад вуліцы Багдановіча. «Рэальная Беларусь» заявіла, што дронаў было два, і ўпалі яны каля вёсак Навадворцы і Лучнікі. Адна з карыстальніц напісала, што бачыла беспілотнік: «Бачыла яго сёння, як лятаў. Так сабе адчуванні». Гэтае паведамленне, як і іншыя, было хутка выдаленае.

Таксама не паведамляецца, чые гэта дроны. Пры гэтым адлегласць ад Слуцка да мяжы з Украінай — прыкладна 200 кіламетраў. 

На Лукашэнку ціснуць з усіх бакоў. Акрамя Пуціна ад яго нечага патрабуюць і Макрон, і Зяленскі. А некаторых нават клікаць не даводзіцца, яны пастаянна трымаюць беларускага кіраўніка ў тонусе. Варта было Святлане Ціханоўскай агучыць прыблізную лічбу палітвязняў у РБ — мінімум 800 чалавек, — як спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл адрэагаваў. «Мы яшчэ не скончылі. Не губляйце надзею!» — напісаў ён у X.

Але гэта ўжо адбываецца «вакол Беларусі». І такім вось дзіўным чынам зноў праявілася аксіёма пра тое, што «Беларусь — не Лукашэнка». Ціск на самога Лукашэнку ёсць. Але на Беларусі як краіне ён неяк і не адбіваецца.