Зяленскі даручыў УСУ падрыхтаваць план рэагавання на пагрозы з боку Беларусі
Расія хоча пачаць з тэрыторыі Беларусі дадатковыя агрэсіўныя аперацыі — альбо супраць Украіны, альбо супраць адной з краін NATO, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, і даручыў узмацніць Кіеўска-Чарнігаўскі кірунак. А ў РФ нарэшце пачалі цікавіцца сваёй бяспекай, а не «СВА». Ідуць 1543-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 263 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 35 штурмаў расіян у бок Зацішак, Новааляксандраўкі, Радзінскага, Біліцкага, Грышына, Сяргееўкі, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі, Новапаўлаўкі, Філіі, Ганнаўкі і Маладзецкага.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 33 атакі ў раёнах Прылук, Чароўнага, Гуляйпольскага, Рыбнага і ў бок Дабраполля, Злагоды, Новага Запарожжа, Прыволля і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 23 атакі ў раёнах Іллінаўкі, Плешчыеўкі, Сафіеўкі, Вольнага, Сцяпанаўкі, Тарэцкага, Іванаполля і ў бок Канстанцінаўкі, Новапаўлаўкі, Біліцкага.
На Ліманскім кірунку расіяне 13 разоў спрабавалі уклініцца ў абарону УСУ, атакуючы ў раёнах Ставак, Зарэчнага, Ямпалю, Новыага Міру, Азёрнага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 10 разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў бок Ізбіцкага, Новавасільеўкі, у раёнах Старыцы, Лімана, Сінельнікавага і Ваўчанскіх Хутароў.
* * *
У ноч на 16 траўня Расія нанесла ўдар па аб’ектах крытычнай, жылай і партовай інфраструктуры Ізмаільскага раёна ў Адэскай вобласці, пацярпелі два чалавекі.
У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку расійскіх атак пацярпеў чалавек, згарэла каля 30 аўтамабіляў, пашкоджаны прыватныя дамы.
У выніку атак дронаў у Харкаве пашкоджаны тры выхады з метрапалітэна і тры прыпынкі наземнага транспарту. Абышлося без пацярпелых.
У Невіннамыску Стаўрапольскага края РФ атацы беспілотнікаў падвергнуўся хімкомбінат «Азот», на прадпрыемстве ўзнік пажар. «Невіннамыскі Азот» — найбуйнейшае на поўдні Расіі прадпрыемства хімічнай прамысловасці, уваходзіць у холдынг «ЕўраХім-Азот». Вырабляе шэраг хімічных злучэнняў, якія маюць падвойнае прызначэнне — грамадзянскае ў аграхіміі і стратэгічнае — у ваеннай сферы.
* * *

* * *
Украіна сумесна з еўрапейскімі партнёрамі працуе над 21-м пакетам санкцый супраць Расіі, у фокусе якога — фінансавы сектар і ценявы флот, паведаміў Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.
Паводле яго слоў, магчымасці для далейшага ўзмацнення санкцый супраць расійскага энергетычного сектара ўжо абмежаваныя, таму асноўная ўвага зрушваецца на банкі, плацежныя сістэмы, крыптаплатформы і iншыя фінансавыя інструменты.
«У гэтай частцы ўжо выкананы значны аб’ём працы з удзелам Нацыянального банка, Службы знешняй разведкі і кіберпаліцыі. Мы перадалі партнёрам вялікую колькасць патэнцыйных мэтаў і аналітычных матэрыялаў. Гаворка ідзе пра крыптабіржы, стэйблкаін-плацежныя сістэмы, абменныя сэрвісы і асобныя фінансавыя ўстановы. Частка гэтых прапаноў, імаверна, увойдзе в 21-й пакет санкцый ЕС», — распавёў Уласюк.
Гаворка ідзе і пра пашырэнне санкцыйнага спіса за кошт судоў, задзейнічаных у незаконным вывазе збожжа з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Асобна прапрацоўваецца механізм прававога арышту судоў ценявога флоту праз крымінальныя вядзенні і міжнародныя юрыдычныя інструменты.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і лідар КНР Сі Цзиньпін падчас сустрэчы ў Пекіне абмяркоўвалі пытанні вайны Расіі супраць Украіны, паведаміў Трамп журналістам у самалёце па дарозе ў Вашынгтон.
Амерыканскі прэзідэнт станоўча адказаў на пытанне журналіста пра тое, ці абмяркоўвалі яны з Сі Цзиньпінам Украіну. Ён адзначыў, што «гэта пытанне, якое мы хацелі б вырашыць».
«Да ўчорашняга вечара ўсё выглядала добра, але ўчора ўвечары яны (Украіна) атрымалі сур’ёзны ўдар», – сказаў Трамп. Ён назваў гэта «прыкрым» і зноў выказаў упэўненасць, што мірныя перамовы адбудуцца.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Сілам абароны падрыхтаваць план рэагавання на пагрозы з боку Беларусі і ўзмацніць Чарнігаўска-Кіеўскі кірунак.
«Дакладна разумеем, што абмяркоўваецца паміж Расіяй і кіраўніцтвам Беларусі. Фіксуецца вялікая актыўнасць расіян у размовах з Лукашэнкам. Хочуць значна больш уцягнуць Беларусь у вайну і менавіта з яе тэрыторыі пачаць дадатковыя агрэсіўныя аперацыі — альбо супраць нашага Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку, альбо супраць адной з краін NATO, якія побач з Беларуссю», — заявіў украінскі лідар у відэазвароце.
Прэзідэнт Украіны даручыў Сілам абароны і бяспекі Украіны падрыхтаваць план рэагавання, які ў найбліжэйшы час разгледзяць і зацвердзяць на пасяджэнні Стаўкі. «Чарнігаўска-Кіеўскі кірунак мы будзем узмацняць», — падкрэсліў Зяленскі, і адзначыў, што міжнародныя партнёры праінфармаваныя пра тое, што адбываецца, і да чаго Расія схіляе Беларусь.
* * *
Абстрэлы расійскіх тэрыторый упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны сталі турбаваць грамадзян РФ больш, чым агульныя навіны з фронту, вынікае з даных сацыялагічнага даследавання фонду «Грамадская думка» (ФОМ).
Падчас апытання, якое праводзілася 1-3 траўня, 18% расіян назвалі ўкраінскія абстрэлы найважнейшай для іх тэмай мінулага тыдня. Тэму так званай «СВА» галоўнай лічаць толькі 16% апытаных.
Паводле даных аналітыка-сацыёлага Уладзіміра Званоўскага, паказчык «абстрэлы расійскіх тэрыторый» упершыню за ўвесь час ваенных дзеянняў перавысіў інтарэс да вайны ў цэлым.
* * *
Аналітыкі найбуйнейшага банка ЗША JPMorgan Chase лічаць, што найбольш імаверным вынікам расійска-ўкраінскай вайны становіцца «фінскі сцэнарый», паводле якога Кіеў страціць частку тэрыторый. Аднак Украіна захавае свой суверэнітэт, армію і курс на інтэграцыю з Захадам.
У дакладзе «Ukraine Endgame: The Path to an Imperfect Peace» гаворыцца, што зыход вайны будзе вырашаны за сталом перамоў, паколькі сітуацыя на полі бою зайшла в тупік, а лінія фронту не рухаецца ўжо больш за два гады.
У межах кампрамісу з Расіяй, як лічаць у JPMorgan, Украіна можа быць вымушана пагадзіцца на нейтралітэт, абмежаванне колькасці і магчымасцей арміі. Масква зможа прадставіць вынік як перамогу, не дабіўшыся пры гэтым поўнай капітуляцыі Украіны.
Кіеву прыйдзецца прайсці шлях, падобны да таго, што прайшла Фінляндыя: пасля вайны з СССР яна страціла каля 10% тэрыторый, але захавала дэмакратычную сістэму, рынкавую эканоміку і сувязі з Захадам, пазбягаючы прамой канфрантацыі з суседам. Для Кіева гэта будзе азначаць паступовую інтэграцыю ў Еўрасаюз і, магчыма, у NATO, хоць спачатку і без паўнавартаснай абароны па артыкуле 5 статута Альянсу.
Цікава, што яшчэ год таму аналітыкі JPMorgan лічылі для Украіны базавым варыянтам «грузінскі сцэнарый» — Кіеў вяртаецца ў арбіту Масквы. Але цяпер банк істотна пераглядзеў прагноз праз узмацненне Кіева з боку ЕС.
Імавернасць «фінскага сцэнарыя» ацэньваецца ў 50%, «грузінскага» — у 30%, сцэнарыя «Ізраіль» — у 10%, а мадэлей «Паўднёвая Карэя» і «Беларусь» — па 5%.