Трансгранічны пераслед, новыя «экстрэмісцкія» спісы і закрытасць судоў. Хронікі рэпрэсій 4 чэрвеня

 У Беларусі працягваецца ціск на людзей, якія выехалі за мяжу пасля 2020 года. Ператрусы і крымінальныя справы ўсё часцей звязваюць з удзелам у акцыях беларускай дыяспары за межамі краіны. Тым часам праваабаронцы заяўляюць пра захаванне крытычнай сітуацыі з правамі чалавека, суды працягваюць прызнаваць новыя інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкімі», а былы палітвязень Леанід Судаленка не змог атрымаць ад суда тлумачэнняў, чаму яго TikTok прызналі «экстрэмісцкім».

1_1097_1.png

Праваабаронцы: у Беларусі працягваюцца сістэмныя рэпрэсіі і трансгранічны пераслед

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў штомесячнай справаздачы назваў сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі крытычнай.

Паводле праваабаронцаў, у краіне працягваюцца палітычна матываваныя пераследы, катаванні і ціск на іншадумцаў, журналістаў, праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць.

На канец траўня ў Беларусі налічвалася 854 палітычныя зняволеныя, у тым ліку 112 жанчын. Яшчэ не менш за 170 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз стан здароўя, узрост або ўмовы ўтрымання. За месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 32 чалавекі.

У справаздачы адзначаецца, што працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі: ціск на беларусаў у эміграцыі, ператрусы ў іх сваякоў, крымінальны пераслед, унясенне ў розныя дзяржаўныя спісы і спробы экстрадыцыі з іншых краін.

Праваабаронцы таксама звяртаюць увагу на пагаршэнне становішча палітвязняў, пашырэнне практыкі дадатковых тэрмінаў паводле арт. 411 КК, а таксама на працяг катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах несвабоды.

У Мазыры правялі ператрус у сям'і актывістаў за ўдзел у акцыі да Дня Волі ў Польшчы

Крыніца «Гомельскай Вясны» паведаміла, што ў Мазыры супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у доме сям'і актывістаў, якія цяпер жывуць у адной з краін Еўропы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сілавікі апісалі маёмасць, якая належыць сужэнцам. Падставай для ператрусу назвалі крымінальную справу, распачатую супраць кіраўніка сям'і за ўдзел у акцыі памяці да Дня Волі, якая адбылася 25 сакавіка ў Польшчы.

Артыкул і іншыя падрабязнасці справы пакуль невядомыя.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», у 2020 годзе сужэнцы ўдзельнічалі ў пратэстах у Мазыры, а ў 2021 годзе былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз пагрозу крымінальнага пераследу.

Цяпер яны працягваюць удзельнічаць у дзейнасці беларускай дыяспары за мяжой. 

У Смілавічах працягваюцца ператрусы ў сувязі са святкаваннем Дня Волі

Стала вядома яшчэ пра адзін выпадак пераследу беларусаў, якія жывуць за мяжой.

Паводле праваабаронцаў, па месцы рэгістрацыі жанчыны, якая знаходзіцца ў эміграцыі, прыйшлі з ператрусам. Прычынай, як і ў іншых падобных выпадках, стаў удзел у святкаванні Дня Волі.

Паведамляецца, што гэтыя дзеянні адбываюцца ў межах маштабнай крымінальнай справы, распачатай Следчым камітэтам. Паводле версіі ведамства, яна датычыцца шэрагу артыкулаў аб «злачынствах супраць дзяржавы» і дзеяннях «экстрэмісцкай накіраванасці».

Леанід Судаленка не змог атрымаць ад суда тлумачэнняў па справе аб прызнанні яго TikTok «экстрэмісцкім»

Суд Маладзечанскага раёна адмовіўся тлумачыць праваабаронцу Леаніду Судаленку, на якой падставе яго старонку ў TikTok прызналі «экстрэмісцкай».

Фотаздымак адказу суда Судаленка апублікаваў у сваім канале @lsudalenka.

Паводле адказу суда, праваабаронца не можа атрымаць копію рашэння, паколькі не быў удзельнікам разгляду справы.

Пры гэтым, як адзначае Судаленка, яго не паведамлялі пра судовае пасяджэнне, хаця рашэнне непасрэдна закранае яго правы і дзейнасць.

У Расіі хочуць прызнаць беларускі праект «Киберпартизаны BY» «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Пракуратура Расіі патрабуе прызнаць беларускі праект «Киберпартизаны BY» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Адпаведнае рашэнне павінен прыняць Вярхоўны суд Расіі.

У Беларусі ўпершыню прызналі «экстрэмісцкай» суполку на Reddit

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку «r/belarusmaidan» на платформе Reddit.

Акрамя таго, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі:

— Telegram-каналы і чаты «Come here: образовательные ивенты в Беларуси и не только», «Збройны чын • Zbrojny čyn», «СХОД НЕАБЫЯКАВЫХ Chat»;

— Instagram-старонкі «shauchuk_yuliya_», «yuri.expat», «ordo_ordinas»;

— старонку ў X «mara_by_lv»;

— сайт «dze.chat»;

— Telegram-стыкеры «kcqoepap_by_stickrubot»;

— старонкі праекта «min55obl» у сацыяльных сетках;

— TikTok-акаўнты «Malanka Media», «Второй регион Беларуси», «belarus__1», «b.e.l.a.r.u.s_», «flagshtok_1_»;

— Facebook-старонкі «Вадим Прокопьев», «Дмитрий Щигельский», «Занько Анатоль», «Rita Gatichova», «Сергей Маврин», «Ольга Карач», «Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва — БІНіМ».