Да студэнтаў і выпускнікоў ЕГУ пачалі прыходзіць сілавікі. Хронікі рэпрэсій 2 чэрвеня

 Праваабаронцы паведамляюць пра новую хвалю ціску на людзей, звязаных з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Паводле іх інфармацыі, у межах крымінальнай справы па ўсёй краіне ўжо праходзяць ператрусы і допыты, а сілавікі патрабуюць ад студэнтаў адлічвацца з універсітэта. Таксама стала вядома пра новыя ператрусы пасля Дня Волі, затрыманне былога супрацоўніка КДБ пасля вяртання з Польшчы і прысуд верніку, які адмовіўся ехаць на вайсковыя зборы.

1_1097_1.png

Да людзей, звязаных з ЕГУ, пачалі прыходзіць сілавікі

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што па факце супрацоўніцтва з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам распачалі крымінальную справу.

У яе межах па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і допыты людзей, якія так ці інакш звязаныя з універсітэтам. Праваабаронцам вядома, што да дзейных студэнтаў прыходзяць сілавікі і пагражаюць крымінальным пераследам, калі чалавек не адлічыцца з установы.

Па якіх менавіта артыкулах распачалі крымінальную справу, пакуль невядома. Магчыма, гаворка ідзе пра ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».

На цяперашні момант праваабаронцам вядома як мінімум пра 12 чалавек, да якіх прыйшлі сілавікі.

Праваабаронцы адзначаюць, што фармальна для прыцягнення да адказнасці ўладам неабходна даказаць сувязь з ЕГУ. Аднак ва ўмовах сучаснай Беларусі дастатковымі могуць стаць і прызнанні, атрыманыя пад прымусам.

Раней прадстаўнікі сілавых структур сцвярджалі, што крымінальная адказнасць можа пагражаць беларусам, якія працягнуць выкладаць ці вучыцца ва ўніверсітэце пасля прызнання яго «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пры гэтым у канале, блізкім да Міністэрства адукацыі, заяўлялі, што за атрыманыя раней дыпломы пераследаваць не будуць.

Пасля Дня Волі ў Беларусі працягваюцца ператрусы

Пасля масавых ператрусаў, звязаных са святкаваннем Дня Волі за мяжой, у Магілёве сілавікі апячаталі адну з кватэр.

Як паведаміла крыніца @maydayhelp, кватэра належыць магіляўчанцы, якая некалькі гадоў таму з'ехала з Беларусі. Нягледзячы на тое, што ў памяшканні ніхто не жыве, сілавікі правялі там ператрус, пасля чаго апячаталі дзверы. Сведкамі гэтага сталі жыхары дома.

Паводле праваабаронцаў, у краіне адбылося больш за 30 ператрусаў. Прынамсі частка з іх звязаная з удзелам беларусаў у святкаванні Дня Волі ў Польшчы і Літве.

Па вяртанні з Польшчы затрымалі былога супрацоўніка КДБ. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»

10 красавіка ў Беларусі затрымалі 39-гадовага Ігара Сутырку — былога супрацоўніка КДБ, які звольніўся з ведамства каля дзесяці гадоў таму.

Яго затрымалі неўзабаве пасля вяртання з Польшчы. Паводле інфармацыі «Вясны», акрамя беларускага грамадзянства ён мае таксама польскае.

Пасля звальнення з КДБ прыкладна ў 2014 годзе мужчына заняўся праграмаваннем. Некалькі гадоў ён жыў у Польшчы, але ў красавіку прыехаў у Беларусь, дзе быў затрыманы.

Яму інкрымінуюць арт. 356 Крымінальнага кодэкса («здрада дзяржаве»). Цяпер Ігара Сутырку ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.

На волі ў яго засталіся жонка і непаўналетняя дачка.

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю па справе «Сумленных людзей»

Паведамляецца, што прысуд у дачыненні да Зарыны Сарокінай пакінулі без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення. Інфармацыі пра іншых фігурантаў справы няма.

Нагадаем, 22 студзеня Віцебскі абласны суд вынес прысуд па завочнай справе ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.

Актывістам інкрымінавалі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «абраза і паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 368, ч. 1 арт. 367 КК), «заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і іншыя.

Алене Жылачкінай прызначылі 10 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам 1500 базавых велічыняў (67 500 рублёў). Зарыне Сарокінай, Цімафею Малахоўскаму і Алегу Давыдчыку прызначылі па восем гадоў калоніі са штрафам 900 базавых велічыняў (40 500 рублёў) кожнаму.

У Мінску асудзілі верніка, які адмовіўся ехаць на вайсковыя зборы

У Мінску вынеслі прысуд 38-гадоваму мужчыну, які адмовіўся ехаць на вайсковыя зборы праз рэлігійныя перакананні.

Паводле інфармацыі «Минск-Новости», ён прыйшоў у ваенкамат у прызначаны дзень, але заявіў, што яго вера не дазваляе яму мець статус вайскоўца.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым ва ўхіленні ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы (ч. 1 арт. 436 КК). Яму прызначылі шэсць месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 20% заробку на карысць дзяржавы.

Мужчына раней не быў судзімы, працуе грузчыкам і жанаты. Віну ён не прызнаў. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Праваабаронцы і незалежныя прафсаюзы заявілі пра крызіс працоўных правоў у Беларусі

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама незалежныя прафсаюзы апублікавалі сумесную заяву пра сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі.

У заяве адзначаецца, што пасля ліквідацыі незалежных прафсаюзаў у 2022 годзе работнікі фактычна страцілі магчымасць незалежнага прадстаўніцтва і абароны сваіх правоў. Аўтары таксама звяртаюць увагу на пераслед прафсаюзных актывістаў, прымусовую працу, дыскрымінацыю паводле палітычных поглядаў і абмежаванні на працаўладкаванне для людзей, якія зазналі палітычны пераслед.

Арганізацыі заклікалі міжнародныя структуры працягваць ціск на беларускія ўлады і дамагацца вызвалення ўсіх прафсаюзных лідараў і актывістаў.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі Telegram-каналы «Фонд хейтеров черта» і «Анархия+», старонкі ў Instagram «mguseva_ya» і «kasia_vadanosava», старонку ў «Аднакласніках» «Postim > Беларусь», а таксама старонкі ў Facebook «Маладая грамада», «Malanka Media», «freebelaruswomen» і «Беларусь и Мир».